“Усцелем кветкамі і любоўю дарогу мамачцы сваёй”
Жыхарка вёскі Гваздова, шматдзетная маці Кацярына Шыпко, нарадзіла і разам з мужам Дзмітрыем выхоўвае трох сыночкаў. Сёлета Кацярына Сяргееўна ўдастоена першай высокай дзяржаўнай узнагароды – прэміі імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. Яна атрымае яе падчас урачыстай цырымоніі з нагоды Дня маці, што пройдзе ў рамках Тыдня бацькоўскай любові ў Віцебску 14 кастрычніка.

Жаніх на чырвонай “Яве”
Каця родам з вёскі Стэфанова, што пад Падсвіллем, Дзмітрый нарадзіўся і вырас у Гваздова. Да дваццаці гадоў яны, як цяпер кажуць, ніколі не перасякаліся. Каця скончыла Падсвільскую школу, вучылася ў Полацкім сельскагаскагаспадарчым тэхнікуме на бухгалтара. Вярнулася на малую радзіму. Працавала па спецыяльнасці ў філіяле “Стрынадкі”, затым – у сельгаспрадпрыемстве “Азярцы”. Завочна вучылася на факультэце “Фінансы і крэдыт” Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Аднойчы разам з сяброўкамі пайшла на танцы ў Гатаўшчынскі клуб, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам.
Дзмітрый – выпускнік Азярэцкай СШ. Як усе хлопцы, любіў тэхніку, ахвотна падсабляў бацьку на трактары падчас уборкі ўласнага агарода. Скончыў Глыбоцкае СПТВ-168, атрымаў пасведчанне вадзіцеля і трактарыста. Служыў у Баравусе каля Полацка. Пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся ў ПЭС. Скончыў курсы машыністаў-бульдазерыстаў і стаў працаваць. Хлопец працавіты, умеў жыць эканомна, таму даволі хутка купіў сабе новенькі матацыкл “Яву”. На ёй і прыехаў на танцы ў Гатаўшчыну. Мясцовы клуб стаў месцам сустрэчы Дзмітрыя і Кацярыны. І хоць моладзі на той час на вечарынах было шмат, у прыгожым дзявочым букеце разгледзіў менавіта яе: сціплую, чарнабровую, з вясёлай іскрынкай у прыгожых вачах. Запрасіў на танец, а затым прапанаваў пакатацца на матацыкле.

Ход быў, як кажуць, казырным: якая ж дзяўчына адмовіць маладому сімпатычнаму кавалеру на хуткаснай “Яве”? У той вечар яны каталіся, любаваліся сельскімі вечаровымі краявідамі, гаварылі. Разам ім было так лёгка, проста, цікава, нібы знаёмы ўсё жыццё. Развітаваліся пад ранне з надзеяй на хуткую сустрэчу. Яна была і не адна. Маладыя прыглядаліся, шукалі агульныя тэмы і інтарэсы, звяралі свае планы на жыццё, але акальцоўвацца не спяшаліся.
– Нашаму першаму спатканню дапамагла Дзімава “Ява”, а зрабіць прапанову – “Жыгулі”, якія ён купіў праз два гады. У нас не было рамантычнай паездкі за мяжу, ён не дарыў мне пярсцёнак з брыльянтам, як паказваюць у кінафільмах. Мы сядзелі ў легкавушцы і ён проста і коратка сказаў: “Выхадзі за мяне, нам з табой так добра ўдваіх!” Прапанова не стала для мяне сюрпрызам: гэта была чаканая сітуацыя, да якой мы абое “саспелі”.
1 жніўня 2009 года мы распісаліся ў Глыбоцкім ЗАГСе, абвянчаліся ў царкве Раждзества Прэсвятой Багародзіцы ў Папоўшчыне (каля Галубіч). У кафэ “Бярозка” ў Глыбокім, куды запрасілі шэсцьдзясят гасцей, справілі вяселле. Яно было і традыцыйным, і сучасным: жаніх плаціў выкуп за нявесту, спявалі вясельныя песні, танцавалі пад папулярную на той час музыку, ігралі марш… Прайшло шаснаццаць гадоў, як мы разам. І хоць сёлетняе вяселле тапазавае, мы абое разумеем, што знайшлі ў жыцці сапраўдныя брыльянты: каханага чалавека, вернасць, сям’ю, дзетак, – упэўнена Кацярына.
Кацярына ўдзячна Госпаду за тое, што падарыў ёй любімага чалавека, які стаў бацькам для трох сыноў і надзейнай апорай для сям’і, талковага, працавітага гаспадара, за якім яна з дзецьмі адчувае сябе, як за каменнай сцяной. Дзмітрый рады, што па падказцы душы, з толкам выбраў сваю другую палавінку і ўпэўнены: яго жонка самая мілая, клапатлівая, руплівая, старанная, вартая яго кахання, увагі і павагі.
“Крута быць мамай трох сыноў!”
Першынец Саша нарадзіўся ў сям’і Дзмітрыя і Кацярыны Шыпко ў 2012 годзе. Праз пяць гадоў у Сашы з’явіўся брацік Ванечка. Шэсць гадоў назад мужчынская гвардыя папоўнілася сыночкам Жэнем. Сям’я Шыпко набыла статус шматдзетнай. Клопатаў і адказнасці ў мамы з татам стала ўтрая больш.

– У мяне няма дачушкі, таму не прыйшлося заплятаць косы, купляць яркія стужкі, модныя сукеначкі-спаднічкі, выбіраць туфелькі на каблуках, каб не горшыя, чым у сябровак. Затое я, калі не было дома мужа, дапамагала сваім хлопцам рамантаваць машынкі, маляваць самалёты і танкі, гуляла ў мяч, разбіралася ў інструментах і, не паверыце, таму-сяму вучылася ў іх. Так што быць мамай трох сыноў – гэта крута! – кажа Кацярына Сяргееўна. – Цяпер хлопцы падраслі, дапамагаюць мне, а як дома бацька, ні на крок ад яго не адстаюць. Старэйшы Саша сёлета, нарэшце, дарос да рыбака: быў такі радасны, калі злавіў першага карася! Хлопцы з бацькам майструюць, трактар свой рамантуюць разам, у агародзе з ім заўсёды. Лічу, што так і павінна быць: мы – людзі вясковыя, жывём на зямлі, беларучкі ў вёсцы не ў пашане, да таго ж, любая здатнасць у самастойным жыцці ім спатрэбіцца.
У размове з дзецьмі даведалася, што Саша займаецца спартыўным арыентаваннем, удзельнічае ў раённых і абласных спаборніцтвах, займае лідарскія пазіцыі. Любіць прыроду, хоча выбраць прафесію, звязаную з лесам. Ваню падабаецца рашаць задачкі і сядзець за рулём трактара. Жэня ходзіць у садок. Ён – сябар дашкольнага аб’яднання “Расток” Азярэцкай СШ, створанага па ініцыятыве спецыялістаў Глыбоцкага доследнага лясгаса. Ваня і Жэня кажуць, што будуць трактарыстамі, і бацькі не супраць, бо разумеюць, што любая праца ўпрыгожвае чалавека і ў пашане ў нашай краіне.
Дружна, ладком, з працоўным аганьком
Жывуць Дзмітрый і Кацярына Шыпко. Дзмітрый, як атрымаў у спадчыну бацькоўскую хату ў Гваздова, да цяперашняга “амаладжвае” яе. Днём ён машыніст бульдозера, вечарамі, у выхадныя і ў водпуску – сам сабе архітэктар і будаўнік-рамонтнік. Летась падключыў электраабагрэў: выгода дадала камфорту і сэканоміла час, які раней траціў на нарыхтоўку паліва.

Кацярына на рабоце матэматычнымі разлікамі займаецца, справаздачы робіць, а дома яна гаспадыня, жонка і матуля: кухарыць, мые, прыбірае, закруткі і тушонку робіць, кантралюе падрыхтоўку дзяцей да ўрокаў… А яшчэ “падпрацоўвае” па палову стаўкі дамашнім бухгалтарам: падлічвае сямейны бюджэт, робіць пакупкі, зводзіць дэбет з крэдытам.
– Мы на рамонт дома крэдытаў не бралі: няхай сабе і не так хутка ўсё робім, але затое жывём без даўгоў. Як шматдзетная сям’я, атрымалі кватэру з выгодамі ў мікрараёне Паўночным у Глыбокім. 75% яе кошту аплаціла дзяржава, а 25% – мы самі. Палову сумы на аплату ўзноса ўзялі з мацярынскага капіталу, а яшчэ палову беражом на вучобу дзяцей, – расказвае Кацярына Сяргееўна.
Муж і жонка ўдзячны дзяржаве за такую трывалую фінансавую падушку бяспекі для дзяцей, за вырашэнне жыллёвага пытання, але вясковую раллю на чыстыя гарадскія тратуары яны мяняць не збіраюцца.

– Мы прызвычаіліся да вясковага прыволля і цішыні так, як і да сельскай працы. У любы час года ў вёсцы ёсць чым заняцца. У нас паўгектара зямлі, ёсць уласны трактар, які аблягчае нялёгкую ручную працу. Сеем зерневыя, садзім бульбу, агародніну, трымаем гаспадарку. Прадуктовыя наборы, вырашчаныя сваімі рукамі, добры дадатак да заробкаў: жыць можна і на рамонт дома яшчэ капейка застаецца, – прыводзіць важкія аргументы Дзмітрый Фадзеевіч. – Галоўнае тое, што наша пазіцыя адна на ўсіх, і што мы ўсюды, заўсёды, усё робім разам, а наш асноўны сямейны капітал – гэта любоў, трое нашых сыноў, сям’я. Ганаруся сваёй Кацяй, віншую яе з Днём Маці, заклікаю ўсіх мужчын – паважайце, любіце, шануйце, даражыце сваімі матулямі і дарыце ім сваю любоў і шчасце кожны дзень!