Васілій Казакевіч: надзейны калега, вопытны вадзіцель, сапраўдны прафесіянал

Васілій Казакевіч: надзейны калега, вопытны вадзіцель, сапраўдны прафесіянал

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Прафесіяналізм, адказнасць, працавітасць, надзейнасць – менавіта гэтымі якасцямі і вылучаецца Васілій Генадзьевіч Казакевіч у асяродку калег-аўтамабілістаў. Па словах дырэктара аўтапрадпрыемства Аляксандра Белага, гэта менавіта той чалавек, пра якога кажуць, што ён апантаны працай, у кожны наступны дзень імкнецца зрабіць яшчэ болей, чым у папярэдні. Трэба адправіцца ў рэйс у выхадны – без ваганняў едзе. І па даходнай частцы сярод вадзіцеляў грузавога транспарту не першы ўжо год ходзіць у лідарах.

Акрамя ўсяго, Васілій Генадзьевіч – надзейны таварыш і калега, заўсёды, калі трэба, падставіць плячо, падтрымае, дапаможа. Працоўныя заслугі гэтага вадзіцеля неаднойчы адзначаліся на розных узроўнях. Ён неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі аўтапрадпрыемства №16 і ААТ «Віцебскаблаўтатранс», раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.

Скончыўшы школу, Васілій Казакевіч паехаў у недалёкае ад малой радзімы Глыбокае і паступіў у прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 169. Атрымаў пасведчанне вадзіцеля і год адпрацаваў у гаспадарцы. Затым была тэрміновая вайсковая служба, падчас якой, дарэчы, таксама кіраваў аўтамабілем. Звольніўся у запас, і вярнуўся дадому. Знаёмыя параілі ўладкавацца на працу ў аўтапрадпрыемства №16 горада Глыбокае. Так у 2012 годзе прыйшоў у калектыў, з якім і звязаў далейшае сваё жыццё.

– Выдатны калектыў, у якім мяне цёпла прынялі. Удзячны старэйшым калегам-вадзіцелям за падтрымку і ўзаемавыручку. З 30 лістапада 2024 года працую на МАЗе-650128. Машына надзейная, “працавітая”, бы тая пчолка, – з асаблівай цеплынёй расказваў пра замацаваны за ім аўтамабіль Васілій Генадзьевіч. – Калі да машыны – з душой, своечасова яе абслужыш, гаечку, дзе трэба, падцягнеш, падмажыш, то і яна цябе ў дарозе не падвядзе.

Сёння на сваім аўтамабілі ён ставіць новыя працоўныя рэкорды. За кожным кіламетрам прабегу, за кожнай тонай перавезеных грузаў – строгая самадысцыпліна і любоў да справы. Васілій Казакевіч не шукае лёгкіх шляхоў і не прывык скардзіцца на цяжкасці. Пры самых складаных абставінах і ўмовах надвор’я ўкладваецца ў графік, дастаўляе грузы своечасова. У калектыве аўтапрадпрыемства карыстаецца заслужаным аўтарытэтам. Галоўнае, што яго характарызуе, – гэта працавітасць, выключная адказнасць і надзейнасць. Васілій Генадзьевіч – менавіта той чалавек, на якога можна спадзявацца на ўсе сто працэнтаў. Калі яму даручана заданне, можна быць упэўненым: яно будзе выканана бездакорна. Ніякіх спазненняў, ніякіх нараканняў на цяжкасці.

– Рабочы дзень можа па-рознаму пачынацца і па-рознаму заканчвацца, – гаворыць Васілій Казакевіч. – Хочаш павялічыць аб’ём грузаперавозак, хутчэй управіцца – выязджай у 7, а то і ў 6 гадзін раніцы. За рулём трэба быць пастаянна ўважлівым, весці абзор, як кажуць, на ўсе 360 градусаў.

Меў гонар працаваць на ўзвядзенні Полацкай гідраэлектрастанцыі і на будаўніцтве такіх аўтастрад нашай краіны, як М-5 і М-3. Таксама ўдзельнічаў у будоўлі лагістычнага цэнтра ў пасёлку Балбасава Аршанскага раёна і мытнага тэрміналу ў Расіі, у Пскоўскай вобласці. І падчас жніва з вялікім задавальненнем перавожу зерне новага ўраджаю.

Моцная ў мяне повязь з Глыбокім: 26 гадоў, як жыву ў горадзе, дзе вучыўся, атрымаў спецыяльнасць, сустрэў сваё каханне. Дарэчы, мая жонка Наталія Пятроўна працуе галоўным бухгалтарам на аўтапрадпрыемстве, а вадзіцелем аўтобуса – цесць, заслужаны ветэран працы і аўтамабіліст Пётр Уладзіміравіч Германовіч.

Глыбокае для мяне – найпрыгажэйшы і самы ўтульны гарадок. Тут нарадзілася наша сям’я, мая надзейная крэпасць. Душой адпачываю разам з маімі роднымі і блізкімі людзьмі. Як на рабоце марнаваць час не магу, так і вольныя часіны не прывык транжыраваць.

Карыстаючыся магчымасцю, віншую з нашым прафесійным святам калектыў аўтапрадпрыемства №16, паважаных ветэранаў. Усім жадаю здароўя, дабрабыту, калегам-вадзіцелям – шчаслівых дарог, а нашаму прадпрыемству – эканамічнага росту і росквіту.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2026

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru