У калектыве творчых людзей Глыбоччыны, а калі дакладней – у суполцы мастакоў – папаўненне. З канца верасня ў Доме рамёстваў працуе выстава пад назвай “Акварельные брызги”. Аўтар трох дзясяткаў акварэльных і пастэльных работ, якія на працягу месяца будуць упрыгожваць экспазіцыйную залу ўстановы, – самадзейная мастачка, разьбяр па дрэве і з нядаўняга часу глыбачанка Таццяна Качановіч.

Родам Таццяна Іванаўна з Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. У Глыбокім жыве каля двух гадоў, але, як прызналася, ужо палюбіла наш азёрны край. І не проста палюбіла, адлюстравала яго непаўторныя краявіды на сваіх малюнках.
–Усе работы, якія вы тут бачыце, створаны за кароткі перыяд. На іх – прыгожыя мясціны Глыбоччыны і некалькі браслаўскіх пейзажаў, – расказала аўтар на адкрыцці выставы. – Гуляючы па горадзе, часта фатаграфую на мабільны тэлефон усё, што падабаецца. Люблю назіраць усходы і захады сонца. Проста зачароўваюць мяне аблокі. Натхняюся фотаздымкамі мужа. У яго няма спецыяльнай адукацыі, але ён шмат фатаграфуе для себе і ў яго, на мой погляд, ёсць адчуванне прыгожага. Дома раблю замалёўкі па фота. У нейкі момант успомніла, што даўно не малявала, што дзесьці ў шафе пыляцца фарбы і пастэль…
У тым, што работы Таццяны Качановіч не ляжаць у альбоме, іх можа ўбачыць шырокая публіка, – вялікая заслуга кіраўніка народнай студыі народных мастацкіх рамёстваў “Крыніца” Святланы Кавальчук. Аднойчы падчас прагулкі па горадзе Таццяна Качановіч зазірнула на выставу ў цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці, дзе і пазнаёмілася са Святланай Аляксандраўнай. У двух творчых людзей хутка знайшліся тэмы для размовы. Яны нечакана высветлілі, што ў адзін час вучыліся ў Кобрынскім вучылішчы народных мастацкіх промыслаў, што ў іх шмат агульных знаёмых са студэнцкіх гадоў. Зайшла размова і пра тое, што Таццяна Іванаўна па спецыяльнасці разьбяр па дрэве, але любіць маляваць. Святлана Кавальчук адразу прапанавала арганізаваць невялікую, як потым аказалася, – дэбютную выставу.
–Усе мае захапленні – з сям’і. Па расказах мамы, дзядуля іграў на скрыпцы, часта браў у рукі аловак і пэндзаль. Мама і брат таксама добра малявалі, – дзялілася ўспамінамі аўтар выставы. – У дзяцінстве я ляпіла, выразала розныя фігуркі з кары, але маляваць падабалася больш за ўсё. Спачатку, канечне, малявала як умела, вучылася па часопісах “Юны мастак”, у старэйшых класах хадзіла ў Барысаве на заняткі ў студыю.
У мяне часта пытаюцца, чаму выбрала такую недзявочую спецыяльнасць “разьба па дрэве”? Набор на роспіс па дрэве, дзе мне хацелася б вучыцца, быў ужо завершаны, а работа з дрэвам мне таксама падалася цікавай. Толькі на першым часе баялася параніць пальцы.

Пасля заканчэння вучылішча Таццяна Качановіч працавала на фабрыцы піяніна, на камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Барысаве. Працяглы час, да выхаду на заслужаны адпачынак, вяла гурток разьбы па дрэве ў Барысаўскім будаўнічым ліцэі.
–Падабаецца працваць з дрэвам, але тут, у Глыбокім, у мяне няма зручнага памяшкання, майстэрні. Мабыць, гэта нядрэнна, бо ўспомніла пра другі свой любімы занятак – маляванне, – разважае Таццяна Іванаўна.
Усе прысутныя пагадзіліся з такой думкай. Ад імя сваіх калектываў Святлана Кавальчук і загадчык Дома рамёстваў Таццяна Карнеева пажадалі Таццяне Качановіч смелых творчых планаў і натхнення.

2.9850
3.3200
3.6600 
