У Азярэцкай школе сустракалі замежных гасцей

У Азярэцкай школе сустракалі замежных гасцей

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Другая вераснёўская субота падаравала вучням Азярэцкай сярэдняй школы шмат прыемных уражанняў ад сустрэчы з гасцямі з далёкай афрыканскай краіны – Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Упершыню падобны візіт адбыўся два гады таму. Тады па запрашэнні кіраўніцтва школы ў Азярцы завіталі двое кангалезскіх студэнтаў Полацкага дзяржуніверсітэта для ўдзелу ў мерапрыемствах Тыдня французскай мовы, які праводзіцца штогод у канцы сакавіка. Азярэцкая школа – адна з нямногіх, дзе ў якасці замежнай вывучаецца гэта даволі распаўсюджаная ў свеце мова. Таму сустрэчы з яе  носьбітамі  заўсёды чаканыя і жаданыя, асабліва для тых вучняў, якія хочуць дасканальна засвоіць гэты прадмет школьнай праграмы.

Эрвэ Люпэшэ – колішні студэнт, а цяпер супрацоўнік аднаго з прадпрыемстваў Мінска, не страціў сувязі з Азярэцкай школай за гэтыя два гады і з задавальненнем прыняў прапанову наведаць яе яшчэ раз. Прыехалі разам і трое яго суайчыннікаў. Першакурснікі сталічных вышэйшых навучальных устаноў Сціў Нумбі, Дзівэн Мучаіл і Шымэн Мубаці ўпершыню былі ў сельскай школе. Сустрэча з яе вучнямі і настаўнікамі праходзіла ў форме дыялога. Французская мова гучала роўна столькі, колькі наша. Для абодвух бакоў гэта была добрая моўная практыка. Госці расказалі пра некаторыя гістарычныя падзеі сваёй краіны, пра яе сёняшні дзень. Нашы вучні цікавіліся тым, як у іх працуе школа, якія стравы яны часцей спажываюць, чаму гавораць па-французску.

Дарэчы, французская мова ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга мае афіцыйны статус і служыць для зносінаў паміж шматлікімі народнасцямі і плямёнамі гэтай краіны. Нацыянальнымі ж мовамі з’яўляюцца лінгала, кіконга, чылуба і сухілі. Дык адкуль узялася французская?

Здарылася так, што ў 1876 годзе сюды прыйшлі бельгійцы. З 1885 па 1908 год краіна пад назвай “Свабодная дзяржава Конга” з’яўлялася асабістай уласнасцю бельгійскага караля Леапольда ІІ. У 1908 годзе Леапольд прадаў гэту тэрыторыю бельгійскай дзяржаве і краіна стала калоніяй Бельгіі, атрымаўшы назву Бельгійскае Конга. Паколькі Бельгія — франкамоўная краіна, то і мова яе стала абавязковай для ўжывання ва ўсіх сферах жыцця каланізаванага насельніцтва.

У маі 1960 года  Нацыянальны рух, які ўзначаліў Патрыс Лумумба (яго імя доўгі час насіў Маскоўскі Універсітэт Дружбы Народаў), выйграў выбары ў мясцовы парламент. 30 чэрвеня 1960 года краіна атрымала незалежнасць і стала называцца Рэспубліка Конга. Пазней адбываліся і іншыя падзеі, якія суправаджался  многімі пераменамі, як пазітыўнымі, так і наадварот.

Сёння Дэмакратычная Рэспубліка Конга з‘яўляецца другой па велічыні краінай на афрыканскім кантыненце, а горад Кіншаса — трэцяя па колькасці жыхароў сталіца ў Афрыцы.

Аднак вернемся да падзеі мінулай суботы ў Азярэцкай школе. Госці з цікавасцю агледзелі ўсе класныя пакоі, зазначылі, што для школы ў іх на радзіме яны былі б малаватыя, бо там звычайная напаўняльнасць класа — мінімум 30 вучняў. Па папярэдняй ініцыятыве абодвух бакоў было вырашана памерацца сіламі ў гульні ў валейбол. Валейбол у Азярэцкай школе на вышыні, таму гасцям, якія відаць меньш падрыхтаваліся да гульні, прыйшлося змірыцца з паражэннем.

І напрыканцы — невялікая экскурсія па Азярцах, непазбежны момант развітання, сяброўскія поціскі рук з надзеяй на новую сустрэчу.

— Дзякуй усім за гасціннасць, за падарункі, за магчымасць адарвацца ад мітусні вялікага горада і апынуцца ў такім маляўнічым кутку Беларусі, дзе спакой і чыстае паветра, дзе надзвычай ветлівыя і добразычлівыя людзі, — з такімі словамі госці з Афрыкі  пакідалі Азярцы…

Вялікая палітыка міжнародных кантактаў, вядома, робіцца на высокім дзяржаўным узроўні. Аднак і народная дыпламатыя на ўзроўні простых людзей — патрэбнае і неабходнае яе дапаўненне.

Чэслаў Берніковіч.



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2026

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru