Мастак, чые работы бачаць мільёны: гісторыя жыцця і творчасці глыбачаніна Юрыя Багушэвіча

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Сёння хочацца ўзгадаць пра нашага земляка Юрыя Барысавіча Багушэвіча, які пакінуў свой след у манументальна-дэкаратыўным мастацтве Беларусі. Яго работы могуць пабачыць карыстальнікі мінскага метрапалітэна і іншых сталічных аб’ектаў.

Нарадзіўся Юрый Барысавіч 23 красавіка 1946 года ў Глыбокім. У 1966 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (сучасная Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Пад час вучобы ў інстытуце вялікі ўплыў на пачынаючага мастака аказаў яго настаўнік і заснавальнік кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, вядомы беларускі жывапісец Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка.

З 1967 года работы Юрыя Багушэвіча пачынаюць дэманстравацца на розных мастацкіх выставах. Пасля інстытута Юрый Барысавіч працуе ў галіне манументальна-дэкаратыўнага жывапісу. Творы манументальнага жывапісу 1970-1990-х гадоў вызначаюцца шырокім выкарыстаннем алегорыі, метафары і сімволікі. Сумесна з В. Нямцовым і А. Яскіным у 1975 годзе Юрый Багушэвіч стварае дэкаратыўнае пано “Слава працы” на фасадзе адміністрацыйнага корпуса камбіната жалезабетонных канструкцый у Баранавічах. У 1976 годзе мастак працуе над роспісам “Песня пра Беларусь” у доме культуры ў гарпасёлку Праўдзінскі Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці.

З 1978 года становіцца членам Беларускага саюза мастакоў. Пасля адкрыцця ў Мінску кінатэатра “Салют” (1978 г.), Юрый Багушэвіч прыступае да афармлення яго фасаду і ў 1980 годзе стварае мазаіку “Салют”. Абстрактная кампазіцыя выкладзена сасмальты. За кошт змены колеру ад светлага ў сярэдзіне да цёмнага па краях фасад будынка здаецца ўвагнутым.

У 1981-1984 гадах наш зямляк сумесна са сваім калегам Генадзем Лаўрэнцьевічам Жарыным распрацоўвае і стварае мастацкае афармленне станцыі мінскага метро “Плошча Якуба Коласа”. У афармленні станцыі ўключана 13 арыгінальных керамічных пано і 91 паўтаральны элемент. Архітэктурнае вырашэнне пероннай залы (форма калон, нахіленыя рэбры перакрыцця станцыі) асацыіруецца з элементамі беларускага народнага дойлідства. Своеасаблівы нацыянальны характар станцыі надае выкарыстанне керамікі: 26 калон абліцаваны кафляй з матывамі беларускіх арнаментаў, на тэматычных устаўках выявы народных свят, абрадаў, працы і побыту беларускага народа.

Да гэтага Юрый Багушэвіч ужо працаваў з Генадзем Жарыным. У 1979-1982 гадах мастакамі былі выкананы размалёўкі “Партызаны Міншчыны”, “Адроджаны Мінск”, “Падполле Мінска”, “Свята Перамогі” ў тэхніцы энкаўстыкі (тэхніка жывапісу, у якой злучным рэчывам фарбаў з’яўляецца воск) і плафон “Мінск – горад-герой” у будынку Мінскага гаркама КПБ (зараз у будынку размешчана Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь). Таксама імі быў створаны вітраж “Хлеб Радзімы” (1982 г.) у фае Дома культуры саўгаса “Рагінь” (у Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці).

Адной з самых знакавых работ у галіне манументальнага жывапісу Беларусі стаў мазаічны трыпціх “Зямля” на Брэсцкім электрамеханічным заводзе, які быў створаны мастаком-манументалістам Уладзімірам Васільевічам Крываблоцкім, таксама ў сааўтарстве з Юрыем Багушэвічам у 1985-1989 гадах. Трыпціх унікальны для краін СНД і выкананы ў рэдкай і складанай тэхніцы візантыйскай мазаікі. Для яго вырабу выкарыстоўвалі 95 адценняў смальты, палатно дастаўлялі ў Брэст невялікімі модулямі, а састаўлялі яго толькі ў цёплую пару года. Пліткі модулем 9х12 см абпальваліся. Потым мастакі-выканаўцы ўручную калолі іх на дробны модуль. На выкананне фрагмента памерам 50х50 см метадам прамога набору патрабавалася да пяці дзён. Агульная плошча пано склала 390 м2. Першае мазаічнае пано “Зямля апаленая вайной” размешчана на кантавой частцы будынка і звернута ў бок Брэсцкай крэпасці, сімвалізуе подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Востра-чырвоная каляровая гама пано стварае настрой трывогі і трагедыі. Пано “Зямля адроджаная” прысвечана пасляваеннаму аднаўленню народнай гаспадаркі. Каляровая гама пано – залаціста-сіняя, дае адчуванне надзеі і радасці. Пано “Зямля навукі і культуры” па задумцы мастакоў павінна расказваць пра мірнае мінулае і будучыню краіны. На ёй можна ўбачыць партрэты Францыска Скарыны, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Алаізы Пашкевіч, Пятра Клімука і іншых. Серабрыста-блакітная гама стварае спакойны і ўпэўнены настрой. У 2019 годзе трыпціх “Зямля” быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Яшчэ адной прыкметнай работай, над якой пад кіраўніцтвам знакамітага Аляксандра Міхайлавіча Кішчанкі разам працавалі Юрый Багушэвіч, Уладзімір Крываблоцкі і Генадзь Жарын, стала серыя пано на будынках у мікрараёне Усход-1 горада Мінска (1977-1978 гг.). Чатыры велізарныя мазаічныя пано, 51х9 метраў кожнае – гэта чатыры выявы горада: “Горад-герой”, “Горад культуры”, “Горад навукі”, “Горад-будаўнік”. На ўсіх чатырох пано паўтараецца іканаграфічная структура і цэнтральны элемент – жаночая фігура з хлопчыкам падлеткам – сімвал маладога горада, які развіваецца. Жаночая фігура – гэта адсылка да герба Мінска з Ушэсцем Багародзіцы. У залежнасці ад тэмы пано мяняюцца героі і каляровая гама. Гэта быў першы мікрараён горада ў БССР з парадным манументальным афармленнем і стаў візітнай карткай Мінска.

У пачатку дзевяностых Юрый Барысавіч займаўся роспісам інтэр’еру Мінскага касцёла Святых Сымона і Алены (1992 г.), а у 2005 годзе прымаў удзел у мастацкім афармленні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Наш зямляк таксама працаваў і ў станковым жівапісе. Сярод карцін можна вылучыць “Жніво” (1977 г.), “Цёплая ноч” (1978 г.), “Юнацтва нашых бацькоў” (1980 г.), “Агінскі”, “Атлантыда”, “Мядзёлка” (2006 г.) і іншыя. Выставы мастака праходзілі ў Мірскім замку і Палацы мастацтва, яго работы захоўваюцца ў розных музеях і прыватных калекцыях.

Памёр таленавіты мастак-жывапісец у 2022 годзе ў Мінску.

Дз. Абрамчык, навуковы супрацоўнік Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея. Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц.



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2026

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru