Калі сонца стаіць у зеніце, а ночы становяцца самымі кароткімі ў годзе, на беларускую зямлю прыходзіць адно з самых таямнічых і прыгожых свят — Купалле. Гэта час, калі прырода напаўняецца асаблівай сілай, а паветра прасякнута водарам траў і чараўніцтвам. Менавіта ў такую атмасферу акунуліся жыхары і госці нашага раёна, якія сабраліся 27 чэрвеня ў знакамітым культурна-дэндралагічным комплексе «Мосар».
Вечар у Мосары быў сапраўды асаблівым. З усіх бакоў чуліся народныя спевы, вясёлы смех і гукі музыкі, якія запрашалі кожнага далучыцца да агульнай урачыстасці. Госці, ад малога да вялікага, змаглі адчуць сапраўдны беларускі каларыт і дакрануцца да традыцый нашых продкаў.
Цэнтральнай падзеяй вечара стала тэатралізаваная канцэртна-забаўляльная праграма «Як у летку шукалі папараць-кветку». Удзельнікі народнага тэатра фальклору «Цярэшка» падарылі гледачам незабыўныя эмоцыі. Яркія касцюмы, энергічныя народныя танцы і вясёлыя гульні не пакінулі абыякавым нікога — многія госці з задавальненнем далучаліся да карагодаў і старадаўніх забаў.
Асаблівую ўвагу прыцягнуў конкурс, у якім удзельнічалі выключна Іваны! Смелыя і таленавітыя мужчыны паказалі сапраўдны клас, дэманструючы свае танцавальныя здольнасці, кемлівасць і пачуццё гумару. Гледачы шчодра ўзнагароджвалі ўдзельнікаў апладысментамі.

Неад’емнай часткай купальскай містэрыі стала запальванне вялікага вогнішча. Гэты старажытны абрад сімвалізуе ачышчэнне, адраджэнне і прыцягненне дабрабыту.
Гледзячы на яркае полымя кожны мог задумацца пра сваё, пакінуць у агні ўсё дрэннае і загадаць запаветнае жаданне. Няхай гэты святы агонь прынясе ў кожны дом святло, цяпло і дабрабыт на ўвесь наступны год!
Сярод гасцей свята мы сустрэлі сям’ю з Глыбокага. Маці двух дзяўчынак-прыгажунь Алена падзялілася сваімі ўражаннямі:
– Мы кожны год стараемся прыязджаць на Купалле менавіта ў Мосар. Тут нейкая асаблівая энергетыка, адчуваецца сапраўднае пагружэнне ў традыцыі. Дзеці ў захапленні ад карагодаў, муж смяецца на конкурсах, а я люблю гэты момант, калі запальваюць вогнішча. Здаецца, што разам з полымем згараюць усе клопаты, а на душы становіцца светла і спакойна. Гэта наша сямейная традыцыя, якая яднае.
Свята працягнулася сапраўднай музычнай феерыяй «Музыка купальскай ночы». Таленавітыя артысты з Удзелаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці падарылі гасцям свае лепшыя нумары. А калі ноч стала зусім глыбокай, але энергія свята толькі нарастала, гасцей запрасілі на рэтра-дыскатэку «На Івана, на Купала»! Гэта была выдатная магчымасць павесяліцца ад душы, патанцаваць пад любімыя хіты мінулых гадоў і працягнуць святкаванне ў рытме танца, ствараючы яшчэ больш яркія ўспаміны.

Свята «Купалле» ў Мосары яшчэ раз даказала: нашы традыцыі жывуць, калі мы іх шануем, перадаём наступным пакаленням.



2.9100
3.3100
3.6400 
