Ірына Тоўсцік – ураджэнка Падсвілля. Скончыла факультэт лячэбнай справы Полацкага дзяржаўнага медыцынскага каледжа імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. Па прафесіі – фельчар-акушэр. Мае больш за дваццаць год працоўнага стажу. Цяпер яна памочнік урача па амбулаторна-клінічнай дапамозе перасоўнага фельчарска-акушэрскага пункта. Кожную раніцу вядомы ў народзе ФАП на калёсах адпраўляецца ў глыбінку, дзе “маладую дакторку” чакаюць пацыенты.
Выбраць прафесію вучаніцы Падсвільскай СШ Ірыне Апанасенка дапамагла яе класны кіраўнік Святлана Жалняровіч, сказаўшы: “Я бачу ў табе медыка”. Дальнабачны педагог ведала пра здольнасці дзяўчыны да матэматыкі, біялогіі і хіміі, бачыла яе старанне, адказнасць і дабрыню, і дала слушную параду, з якой згадзілася і маці Ірыны Галіна Іванаўна.
– Я без праблем паступіла ў Полацкае медвучылішча на фельчара-акушэра. Вучылася лёгка. Пасля кожнага курса праходзіла практыку ў Глыбоцкай паліклініцы. Па размеркаванні паехала ў вёску Вусце Верхнядзвінскага раёна, якая знаходзілася ў памежнай зоне, непадалёк ад вядомага Кургана Дружбы на стыку трох краін. Гэта быў новы этап майго жыцця ў незнаёмай мясцовасці, сярод чужых людзей, але я хутка асвоілася. На прыпісным да ФАПа ўчастку было больш за пяцьсот сельскіх жыхароў – работы хапала. Праз год вярнулася на малую радзіму: Сяргей Петухоў, які на той час быў галоўным урачом Глыбоцкай бальніцы, накіраваў мяне акушэркай у жаночую кансультацыю Падсвільскай бальніцы. Мне пашчасціла працаваць і быць вучаніцай вядомага ў раёне ўрача-гінеколага Маісы Іванаўны Гаражанкінай, – расказвае Ірына Уладзіміраўна. – Быць сведкам такога Божага таінства, як нараджэнне дзіцяці – гэта гонар і ў той жа час – вялікая адказнасць за жыццё і маленькага чалавечка, і яго мамы. Старалася працаваць, словам і сваёй прысутнасцю падтрымлівала матуляў, радавалася кожнаму малышу, які прыходзіў у гэты свет. Памятаю, аднойчы разам з калегай-тэпрапеўтам ішлі на абед, а мне звоняць і кажуць пра роды на даму. Ведаючы магчымыя паталогіі і вынікі, я развярнулася і бягом у бальніцу, каб хутчэй на “хуткай” даехаць да пацыенткі. А мая калега бяжыць за кампанію побач і мяне падтрымлівае: “Іра, супакойся, усё будзе добра. Роды гэта звычайны фізіялагічны працэс”. Цяпер смешна, а тады было хоць ты плач. Але мы паспелі давезці рожаніцу ў роддом і ў хуткім часе я прыняла двойню.
З 2006 года Ірына Тоўсцік працавала ў Глыбоцкай паліклініцы. Як малады спецыяліст удзельнічала ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства і заняла другое месца. Заваяваная ўзнагарода ў дадатак да трывалых ведаў дапамагла ёй атрымаць другую кваліфікацыйную катэгорыю па спецыяльнасці “Лячэбная справа”.
– Мае прафесійныя будні з таго часу і да цяперашняга звязаны з Глыбоцкай паліклінікай. Працавала медсястрой акушэрска-гінекалагічнага, пазней – дзіцячага аддзялення, затым зноў вярнулася ў гінекалогію. Была акушэркай жаночай кансультацыі. У 2012 годзе здала на першую кваліфікацыйную катэгорыю. Сваю работу люблю. Белы халат у маім успрыняцці – сімвал святасці і міласэрнасці медыцынскіх работнікаў. Ён, як афіцэрскія пагоны для ваеннаслужачага: абавязвае служыць людзям сумленна, прафесійна і стойка стаяць на ахове іх здароўя і жыцця. Гэтыя прапісныя ісціны не з падручніка, яны вывераныя практыкай: сотнямі дзяжурстваў, прыёмаў, выклікаў, – кажа Ірына Уладзіміраўна.
Калі старшая медсястра Глыбоцкай паліклінікі Вольга Трайкоўская прапанавала ёй працу на перасоўным ФАПе, Ірына згадзілася. Пра свой пераход кажа, што гэта была часовая мера, але няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. За паўгода паездак па раёне адчула, наколькі спецыялісты-медыкі патрэбны вяскоўцам, асабліва пажылым, асабліва на хутарах і ў аддаленых ад райцэнтра вёсках.
– Цяпер у раёне працуюць два перасоўныя фельчарска-акушэрскія пункты. Мая калега Кацярына Фаміч была першапраходцай у гэтай справе. Яна мае больш вопыту і ведаў, таму я заўсёды кансультуюся з ёй, прашу парады, вучуся ў яе. Мы з Кацярынай Уладзіміраўнай зямлячкі: яна родам з Псуі, як і я, выпускніца Полацкага медкаледжа. Працавала памочнікам урача агульнай практыкі. Прайшла прафесійнае выпрабаванне падчас Ковіда. Ужо паўтара года аказвае медыцынскія паслугі сяльчанам. Яна душэўная, шчырая, не лічыцца з уласным часам, заўсёды дапаможа, кожнага пацыента выслухае, падтрымае словам і ўсмешкай, – гаворыць пра калегу Ірына Уладзіміраўна. – У большасці выпадкаў людзі рады нашаму прыезду і магчымасці прайсці медагляд на месцы. Мы і ціск мерым, і кардыяграму робім, і аналізы бяром, і аказваем гінекалагічную дапамогу, праз свай аптэчны кіёск прадаём лекі. Іншы раз чалавеку дастаткова пагаварыць з медработнікам, расказаць тое, што яго хвалюе ў жыцці, і ў яго нармалізуецца ціск, мяняецца да лепшага настрой. Адным патрэбны таблеткі і ўколы, другім – спагада і шчыры суразмоўца, таму спачатку мы – псіхолагі, а затым ужо медыкі, якія адказваюць за дзяржаўную праграму дыспансэрызацыі. Хтосьці не зусім сур’ёзна адносіцца да медпаслуг “на калёсах”, але на самой справе мы падчас медаглядаў выяўляем захворванні на ранніх стадыях, што дапамагае прымяніць аператыўнае лячэнне і выратаваць жыццё чалавека. Ёсць выпадкі, калі пацыенты адмаўляюцца ад медаглядаў, жывуць не ведаючы пра цяжкую хваробу, а калі дапускаюць да сябе медыкаў, аказваецца, што час упушчаны і лячыцца ўжо позна. Таму заклікаю выкарыстоўваць магчымасці перасоўнага ФАПА, згаджацца на аказанне медыцынскай дапамогі і жыць доўга.
Медык па прафесіі Ірына Тоўсцік – двойчы мама, разам з мужам Аляксеем выхоўвае сына і дачку, якая ў трохгадовым узросце гуляее з танометрам і праводзіць сямейную “дыспансерызацію”.
– Самае галоўнае ў жыцці – быць самім сабой, займацца справай, якая будзе любімай і патрэбнай людзям, мець сям’ю і чэрпаць там сілы для работы і жыцця. У мяне ўсё гэта ёсць, а таму я – шчаслівы чалавек, – упэўнена мая суразмоўца.
Медыцынскія сёстры! Яны крохкія на выгляд і разам з тым духоўна стойкія. Далікатныя, прыгожыя і адначасова мужныя. Добрыя, але строгія, церпялівыя і вынослівыя, людзі абавязку і высокага прафесіяналізму, якія лечаць нас ад хвароб і адзіноцтва. Са святам вас, паважаныя!

2.9100
3.3100
3.6400 
