Галоўнымі арыенцірамі Дзяржаўнай праграмы “Будаўніцтва жылля на 2026-2030 гады”, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 29 снежня 2025 года №780, з’яўляюцца будаўніцтва жылля для забеспячэння ім грамадзян, што стаяць на ўліку, як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, павелічэнне аб’ёмаў будаўніцтва арэнднага жылля высокай спажывецкай якасці і цэнавай даступнасці з перспектывай яго выкупа для некаторых катэгорый грамадзян з мэтай павышэння мабільнасці працоўных рэсурсаў, развіццё індывідуальнага будаўніцтва, якое спалучае ў сабе функцыянальнасць і камфорт. У рамках Дзяржпраграмы вядзецца будаўніцтва і на Глыбоччыне.
На 1 чэрвеня бягучага года ў Глыбоцкім раёне патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў мелі 1089 грамадзян, з іх 957 – жыхары горада. Вырашаюць жыллёвую праблему ў раёне трыма шляхамі: выдзяленнем зямельных участкаў пад індывідуальнае будаўніцтва для тых, хто стаіць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў і рэалізацыяй участкаў праз аукцыёны для ўсіх жадаючых, выдзяленнем жылля з выгодамі ў шматкватэрных забудовах, прадастаўленнем арэнднага і сацыяльнага жылля для вызначаных катэгорый грамадзян.
За апошнія гады Глыбокае відавочна “падрасло” шматпавярхоўкамі мікрараёнаў Паўночны-1 і Паўночны-2, нядаўна здадзеным у эксплуатацыю домам па вуліцы Савецкай, і работы ў гэтым накірунку працягваюцца. Сёння праектанты і будаўнікі задзейнічаны на новых аб’ектах, пра якія мы і раскажам.
Перспектывы індывідуальнага будаўніцтва
– Аб’ект “Добраўпарадкаванне індывідуальнай жылой забудовы ў раёне вуліцы Шмырова ў Глыбокім” займае дваццаць гектараў. Размяшчаецца ён у канцы вуліцы Камсамольскай, якая вядзе ў накірунку вёскі Абруб-Беразвецкі. Каштарысны кошт аб’екта на дату распрацоўкі праектнай дакументацыі складаў 11 мільёнаў 117 тысяч рублёў У адпаведнасці з планам, будаўнічы працяг будуць мець вуліцы Зялёная, Ламакі, Пугаўкі, Адамовіча, Шмырова. Грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жылллёвых умоў, тут выдзеляць 98 зямельных участкаў пад індывідуальную забудову.
Праектныя работы выконвалі ў 2024-2025 гадах. На падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі зрасходавана 514 тысяч 700 рублёў. Пасля атрымання экспертнага заключэння быў праведзены тэндар на выкананне будаўнічых работ, які выйграла Глыбоцкая ПМК-48. Са сродкаў рэспубліканскіх субвенцый для правядзення работ выдзелены два мільёны рублёў. На 1 чэрвеня асвоены 1 мільён 443 тысячы 300 рублёў, што складае 72,7% гадавога плана. Для завяршэння будаўніцтва патрэбны яшчэ восем з паловай мільёнаў дадатковых сродкаў, – праінфармаваў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Глыбоцкага раёна Арцём Шчасны.
– На аб’ёкце штодзённа працуюць тры-пяць адзінак тэхнікі. Ужо выкарчавалі хмызняк, звезлі яго на ўтылізацыю. Знялі ўрадлівыя пласты зямлі. Каб не было рэльефных перападаў, выраўнялі ўчастак. Завезлі трубы, пясок, гравій для падсыпкі, тратуарную плітку. Цяпер кладзём трубы ліўневай каналізацыі, затым павядзём інжынерныя камунікацыі, – расказвае майстар Глыбоцкай ПМК-48 Вікторыя Марозава.
– Работа ёсць, а значыць, будзе гарантаваная заработная плата і фінансавая стабільнасць, што немалаважна, – кажа трактарыст Аляксандр Савуліч, які адпрацаваў на прадпрыемстве больш за васямнаццаць гадоў і мае непасрэднае дачыненне да наваселляў не адной сотні жыхароў Глыбоччыны.

Вуліца Міра “прырасце” шматпавярхоўкай
Непадалёк ад магазіна “Дамавы” і дзіцячага сада№3 у Глыбокім будзе ўзведзены пяціпавярховы 40-кватэрны панэльны дом па вуліцы Міра,10А. Арыентыровачны кошт аб’екта – 7 мільёнаў 200 рублёў.
– На сёння ўжо зроблена праектная дакументацыя. Плануем у верасні пачаць будаўніцтва і да зімы ўзвесці фундамент. У доме будуць 30 арэндных кватэр, 5 – сацыяльных і 5 па дзяржзаказе для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, – патлумачыў Арцём Шчасны.
Спецыяліст адзначыў, што ў адпаведнасці з Пастановай Мінбудархітэктуры ад 24 красавіка 2026 года № 31, якая ўступіць у сілу з 1 ліпеня бягучага года, арэндныя кватэры павінны адпавядаць тыпавым спажывецкім якасцям і ўзроўню бытавога камфорту. З гэтай мэтай будуць закуплены, устаноўлены і падключаны газавыя пліты, халадзільнікі, мікрахвалёвыя печы, неабходная модульная мэбля.
У Глыбокім узвядуць квартал шматкватэрнай забудовы
Новы аб’ект плошчай забудовы больш за 22 гектары размесціцца ў раёне вуліц Астроўскага, Камуністычнай, Горкага, Варанкевіча і Вішнёвай.
– Гэта будзе шматкватэрны квартал на дванаццаць пяціпавярховых дамоў агульнай колькасцю 720 кватэр. Яго ўзвядзенне зацверджана рашэннем Глыбоцкага райвыканкама ад 11 студзеня 2024 года №39. Будаўніцтва раздзелена на чатыры чэргі. Спачатку будзе падрыхтаваны ўчастак, праведзены інжынерныя і дарожныя камунікацыі, вулічнае асвятленне, праведзена рэканструкцыя вуліцы М. Горкага з дэмантажом аўтобуснага прыпынку і ўстаноўкай новых. Акрамя ўзвядзення жылых дамоў у мікрараёне планам прадугледжаны аб’екты сацыяльна-бытавога прызначэння, спартыўныя пляцоўкі, паркоўкі для аўтатранспарту, зарадныя станцыі для электрааўтамабіляў, добраўпарадкаванне, азеляненне прыдамавых тэрыторый і зон масавага адпачынку.
Праектна-каштарысная дакументацыя ўжо падрыхтавана да тэхнічнай экспертызы, але будаўнічыя работы сёлета яшчэ не пачнуцца, – сказаў Арцём Шчасны.

2.9300
3.3300
3.6000 

