Горад і вёска – гэта не толькі пабудовы і вуліцы; гэта людзі і іх адносіны да свайго дому, іх жаданне падтрымліваць у ім чысціню і парадак. Чысціня – гэта знак павагі чалавека да сябе і акаляючых. Чысціня павінна стаць сучаснай філасофіяй жыцця, агульнай справай грамадства, галоўным правілам кожнага з нас. І калі мы прыслухаемся да слоў французскага пісьменніка Антуана дэ Сэнт-Экзюперы і, устаўшы раніцай, прывёўшы сябе ў парадак, прыбяром і навядзём чысціню ў сваім двары, вуліцы, у сваім горадзе, наша малая радзіма ператворыцца ва ўтульны вугалок вялікай планеты, дзе мы будзем жыць прыгожа і шчасліва. Размову на ўзнятую тэму працягваем з начальнікам участка па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі Глыбоцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Леанідам Віктаравічам КОРНЫШАВЫМ.
– Якія заканадаўчыя дакументы рэгламентуюць работу з адходамі?
– Жыццядзейнасць чалавека немагчыма без назапашвання адходаў і смецця. Гэта звычайны працэс, які можна зрабіць эфектыўным, фінансава выгадным, бясшкодным для здароўя чалавека і экалагічна бяспечным. Адходы пры разумнай арганізацыі збору, вывазу і перапрацоўкі ператвараюцца ў каштоўную другасную сыравіну, якая паўторна выкарыстоўваецца ў вытворчасці, а смецце – утылізуецца.
Парадак нашай работы ў гэтым накірунку рэгламентуе Закон Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адходамі” ад 20 ліпеня 2007 года №271-3, на аснове якога Глыбоцкі райвыканкам зацвердзіў схему іх збору і вывазу. Указ Прэзідэнта краіны ад 10 мая 2019 года №186-3 “Аб абыходжанні з адходамі” ўстанавіў абавязак фізічных асоб забяспечваць збор адходаў і раздзяленне іх па відах, што стала першым крокам на шляху экалагічнага выхавання насельніцтва. Указ Прэзідэнта Беларусі “Аб удасканаленні парадку абыходжання з адходамі тавараў і ўпакоўкі” ад 17 студзеня 2020 года №16 патрабуе абавязковай сартыроўкі адходаў і выкарыстання іх у якасці другаснай сыравіны. Гэтыя законы – цвёрдая дзяржаўная пазіцыя па пытаннях навядзення чысціні і парадку ў гарадах і населеных пунктах, а таксама заканадаўчая інструкцыя для грамадзян, збор і сартыроўка адходаў для якіх з’яўляецца і базавым правілам, і абавязкам.
– Наколькі аб’ёмны маштаб вашай прафесійнай кампетэнцыі ў раёне і як арганізавана работа па зборы, вывазе адходаў?
– Зона нашай кампетэнцыі – Глыбокае, гарадскі пасёлак Падсвілле, 393 сельскія населеныя пункты, 203 месцы пахаванняў, шэсць зон адпачынку на водных аб’ектах і два месцы рэкрэацыі, шэсць пунктаў прыёму і нарыхтоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў, адзін цэнтр для раздзельнага збору камунальных адходаў, палігон для іх захавання ў Сароках плошчай 25,51 гектара з гадавой перапрацоўчай магутнасцю 115 тысяч метраў кубічных і лініяй сартыроўкі магутнасцю 5 тысяч тон у год. На падведамаснай нам тэрыторыі працуюць прадпрыемствы і арганізацыі, пражываюць амаль 35 тысяч чалавек.
У раёне на зборы і вывазе цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) і другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) заняты сем смеццявозаў, два з якіх наша прадпрыемства закупіла сёлета і плануе на працягу года атрымаць яшчэ адзін. Смеццявозы з бакавой загрузкай прызначаны для работы ў мікрараёнах шматкватэрнай застройкі, з задняй загрузкай – для прыватнага сектара. Мы абслугоўваем у раёне 79 кантэйнерных пляцовак, на якіх устаноўлены 219 кантэйнераў змешаных камунальных адходаў і 239 – для раздзельнага збору смецця. 293 кантэйнеры для збору ДМР размешчаны ў сельскіх населеных пунктах, каля тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый, аўтобусных прыпынкаў, у месцах масавага адпачынку, каля школ і дзіцячых садоў, у мікрараёнах сядзібнай забудовы, ахоп якой у плане вывазу адходаў стопрацэнтны. У Глыбокім вывозім адходы з кантэйнерных пляцовак штодзённа, ад жылых дамоў, размешчаных на вуліцах не абсталяваных імі, – не радзей за два разы ў месяц па зацверджаным графіку.
З пачатку года ў раёне замянілі на новыя кантэйнеры на 28 пляцоўках, і работа працягваецца. Заключылі дагаворы з айчынным прадпрыемствам “Давід-Гарадоцкі электрамеханічны завод”, які вырабляе пластыкавыя кантэйнеры на 120 літраў, на пастаўку чарговай партыі. Пры наяўнасці фінансавання, якое ажыццяўляе Аператар другасных рэсурсаў, сёлета яшчэ будзе закупка, што дасць магчымасць для заключэння новых дагавораў.
У 2020 годзе заключылі 943 дагаворы з жыхарамі горада на аказанне паслуг вывазу адходаў, сёлета гэта лічба на ўзроўні 1163. Мы выдзелілі кожнаму на бязвыплатнай аснове па два кантэйнеры: для збору бытавых і для раздзельнага збору адходаў. Грамадзянам, якія заключылі 220 дагавораў з УП ЖКГ у гэтым годзе, перадалі кантэйнеры ўмяшчальнасцю 120 літраў. Пры жаданні жыхары горада, якія яшчэ іх не маюць, могуць звярнуцца да нас і заключыць дагавор, а па пытаннях узнятай тэмы тэлефанаваць па нумары 3-61-16.
– Калі ў грамадзян пасля рамонту застаецца розны будаўнічы хлам, старая мэбля ці якія зношаныя шыны, якія нельга выкідаць у кантэйнеры і смеццявоз, што рабіць?
– Выхад просты і цывілізаваны: патэлефанаваць па нумары 8 (029) 210-31-21 і заказаць у ЖКГ прычэп. Па вашай просьбе яго могуць прыгнаць у любы дзень, пакінуць на выхадныя, каб быў час падабрацца, выкінуць непатрэбнае. Жыхары могуць кааперавацца, рабіць заказ на дваіх ці на траіх, калі колькасць адходаў у адным двары невялікая. І вам не прыйдзецца рызыкаваць, вывозячы шматгабарытную мэблю, старыя матрацы ці халадзільнікі пад покрывам ночы да кантэйнерных пляцовак ці скідваць хлам у бліжэйшыя пасадкі, бо за гэта прадугледжаны немалы штраф. Кошт прычэпа 110 рублёў 74 капейкі, аплата ў касе УП ЖКГ.
Апошнім часам гэтая паслуга ў глыбачан, асабліва ў раёне прыватнай забудовы, даволі запатрабаваная, што сведчыць аб росце свядомасці людзей, аб іх жаданні берагчы прыроду, не ўтвараць несанкцыяваных звалак, не загружаць работнікаў ЖКГ дадатковай работай – разграбаць чужыя завалы, звозіць хлам на палігон, трацячы на гэта дзяржаўныя сродкі. Трэба быць адказнымі, паважаць сябе і працу іншых людзей.
– Каб не захламляць дом і прылягаючую тэрыторыю, адходы можна не толькі адгружаць прычэпам, а рассартыроўваць іх і здаваць у нарыхтоўчыя пункты?
– Многія так і робяць, бо так званыя адходы з’яўляюцца каштоўнай сыравінай, якую можна паўторна адправіць у вытворчасць: карысць будзе падвоеная: і для дзяржавы, і для грамадзяніна.
Нарыхтоўкай другаснай сыравіны, акрамя жыллёва-камунальнай гаспадаркі, займаецца ТАА “Румб” па Чыгуначнай, 1 у Глыбокім. Паперу, кардон, пластык, шкло, зношаныя шыны прымаюць ТАА “ПесКом” па вуліцы Савецкай, 83 у Падсвіллі, адходы папяровай і кардоннай упакоўкі, шкляных, палімерных адходаў, ПЭТ-бутэльку, чорных металаў – КГУП “Полацкая гарадская нарыхтоўчая кантора» па вуліцы Чыгуначнай, 1 у г. Глыбокае. Усё вышэй пералічанае можна здаць у кожным сельскім магазіне раёна, які адносіцца да Глыбоцкага ўчастка Докшыцкага філіяла Віцебскага спажыўтаварыства. Элементы сілкавання (батарэйкі) і ртуць утрымліваючыя лямпы прымаюць у стацыянарных прыёмных нарыхтоўчых пунктах, пратэрмінаваныя лекі і выкарыстаныя тэрмометры – ва ўстановах аховы здароўя, дзе ўстаноўлены спецыяльныя кантэйнеры. Пра цэны на другасную сыравіну можна даведацца, патэлефанаваўшы па нумары 3-61-16.
– Што ў перспектыве развіцця сістэмы збору і выдалення камунальных адходаў?
– Стварэнне комплекснай сістэмы цвёрдых камунальных адходаў, удасканаленне збору ДМР і выкарыстанне іх у якасці другаснай сыравіны для вытворчасці, а таксама бяспечнае захаванне нявыкарыстаных аб’ёмаў ЦКА. Сярод асноўных задач, якія дапамагаюць рэалізацыі пастаўленай мэты, – падтрыманне стопрацэнтнага забеспячэння вывазу ЦКА, забеспячэнне індывідуальнымі кантэйнерамі для цвёрдых бытавых адходаў і другасных матэрыяльных рэсурсаў домаўладальнікаў прыватнага сектара горада. У адпаведнасці з “Канцэпцыяй стварэння аб’ектаў па сартыроўцы і выкарыстанні ЦКА і палігонаў для іх захавання”, зацверджанай 2 кастрычніка 2019 года, у 2032-35 гадах запланавана стварэнне межрэгіянальнага палігона цвёрдых камунальных адходаў “Сарокі” для абслугоўвання Глыбоцкага, Докшыцкага і Пастаўскага раёнаў. У ліку задач таксама ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і актывізацыя інфармацыйнай работы з насельніцтвам. Карыстаючыся выпадкам, нагадаю чытачам газеты народную прымаўку: чыста не там, дзе мятуць, а там, дзе не засмечваюць. Заклікаю ўсіх жыхароў быць гаспадарамі на роднай зямлі, клапаціцца пра парадак і дабрабыт малой радзімы, утрымліваць у чысціні родны горад і вёскі, берагчы добрае імя чалавека і ўпрыгожваць яго прыстойнымі паводзінамі, учынкамі і карыснымі справамі.

2.8500
3.3000
3.7200 


