Да летніх канікулаў засталося менш за месяц, таму спецыялісты ўстаноў адукацыі раёна актыўна займаюцца пытаннямі арганізацыі аздараўлення школьнікаў. Аб тым, дзе яны змогуць адпачыць на летніх канікулах і ў якую суму гэта абыдзецца для бацькоўскага кашалька, расказалі дырэктар Глыбоцкага цэнтра дзяцей і моладзі Зоя КАСЦЮКЕВІЧ і метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Глыбоцкага раёна Алена ЦІШОНАК.
– На працягу года мы рыхтавалі да летняга сезона выхаваўча-аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем “Родничок” у вёсцы Івесь. З мэтай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы лагера і стварэння камфортных умоў знаходжання дзяцей, правялі будаўнічыя і рамонтныя работы. Атынкавалі і пафарбавалі столь і сцены ў васьмі спальных пакоях, замянілі ў іх падлогавае пакрыццё і свяцільнікі, у трох спальнях – дзверы. Кошт праведзеных работ склаў 53 987 рублёў.
Набылі 30 камплектаў зменнай пасцельнай бялізны, па 20 падушак і коўдраў, 18 пакрывалаў, 50 ручнікоў. Сума пакупак скалала 4 149 рублёў.
Даабсталявалі медыцынскі кабінет: у двух палатах медыцынскага ізалятара ўстанавілі ўмывальнікі з падводкай гарачай і халоднай вады. Пераабсталявалі працэдурны кабінет. На 420 рублёў купілі кухоннага посуду, на 2 500 – сем шафаў для захавання рабочага інвентару. Зрабілі рамонт у падвальным памяшканні, дзе знаходзіцца гароднінасховішча. Займаліся і будзем займацца добраўпарадкаваннем прылягаючай тэрыторыі лагера, – расказала Зоя Касцюкевіч. – Што датычыць адпачынку, то лагер “Родничок” сёлета адкрывае чатырнаццаты аздараўленчы сезон. У сярэднім за час канікул тут адпачнуць 320 школьнікаў. Сезон пачынаецца 8 чэрвеня і заканчваецца 29 жніўня.
У лагеры будуць арганізаваны пяць змен з 15-дзённым знаходжаннем. Традыцыйна кожная змена мае свой накірунак работы: грамадзянска-патрыятычны, фізкультурна-аздараўленчы, асновы жыццядзейнасці, турысцка-краязнаўчы і творчы. Педагогі пастараюцца зрабіць адпачынак дзяцей цікавым, актыўным і бяспечным.
Што датычыць аплаты за пуцёўкі, са слоў спецыяліста, сёлета дзяржаўная датацыя, якая змяншае фінансавую нагрузку на сямейны бюджэт, павяліччылася і складае 302 рублі.
Так, пуцёўка ў “Родничок” з кругласутачным знаходжаннем на пятнаццаць дзён для дзяцей 6-10 гадоў каштуе 644 рублі, для школьнікаў 11-13-гадовага ўзросту – 668 рублёў, для падлеткаў 14-17 гадоў – 673 рублі. Дзяржаўная датацыя на пуцёўкі складае 302 рублі.
Дапушчальным варыянтам з’яўляецца фінансавы ўдзел у аплаце дзіцячых пуцёвак па месцы працы бацькоў: гэта могуць быць сродкі прафсаюза ці дапамога, агавораная калектыўным дагаворам.
Бясплатныя пуцёўкі на аздараўлене прадугледжаны толькі для дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў, прычым адпачыць у лагерах яны могуць нават два разы за лета.
–Сёлета з 29 ліпеня па 9 жніўня на тэрыторыі “Родничка” будзе працаваць 12-дзённы палатачны лагер на дваццаць месц. Кошт пуцёўкі ў яго не залежыць ад узроставай катэгорыі дзяцей і складае 257 рублёў, з якіх 207 – дзяржаўная датацыя. Пуцёўкі яшчэ ёсць, а калі ў бацькоў узнікнуць іншыя пытанні па арганізацыі летняга адпачынку, тэлефануйце спецыялістам цэнтра па нумары 5-03-02, – сказала Зоя Клаўдзіеўна.
Алена Цішонак праінфармавала аб тым, што ў летні перыяд будуць працаваць 17 аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем: 16 – на базе раённай гімназіі, гарадскіх і сельскіх школ і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
–Поўны кошт пуцёўкі складае 139 рублёў на пятнаццаць дзён. З іх 127 рублёў – гэта дзяржаўная датацыя. Аздараўленчыя змены пачнуцца 4 чэрвеня і завершацца ў канцы жніўня. За летні сезон у школьных лагерах адпачнуць 540 школьнікаў, – расказала Алена Норбертаўна. – Акрамя гэтага на базе раённай гімназіі, першай і другой гарадскіх, Падсвільскай і Удзелаўскай школ будуць працаваць пяць выхаваўча-аздараўленчых лагераў. Кошт пуцёўкі на пятнаццаць дзён – 139 рублёў, бацькі аплачваюць усяго 12.
Плануюцца на лета і чатыры палатачныя лагеры адпачынку з кругласутачным знаходжаннем на семдзясят месцаў: у чэрвені – на базе Карабоўскай СШ і Чарневіцкай БШ, у ліпені-жніўні – у Мярэцкаўскай БШ. Кошт пуцёўкі 257 рублёў за мінусам дзяржаўнай датацыі.
Акрамя гэтага аздараўленнем дзяцей і арганізацыяй іх актыўнага і здаровага адпачынку будуць займацца спецыялісты дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Лагеры адпачынку разлічаныя на дзве групы агульнай колькасцю 145 дзяцей будуць працаваць тут у чэрвені і жніўні. Яшчэ 14 чалавек адпачнуць у лагеры на базе спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерва прафсаюзаў па цяжкай атлетыцы і боксе “Спортальянс”.
Кошт пуцёвак у спартыўныя лагеры 134 рублі, з іх 127 – дзяржаўная датацыя. Па пытаннях аздараўлення і набыцця пуцёвак тэлефануйце па нумары 2-58-22, – сказала Алена Цішонак.


2.8350
3.3550
3.7900 
