Як бы не складваліся метэаўмовы, паспяховы ход веснавой кампаніі найперш вызначаюць добрая арганізацыя работ на палетках і прафесійнае майстэрства нашых аграрыяў. У тым, што гэта так, пераканаліся, пабываўшы ў сельгаставарыстве “Чарневічы”.
– Цяпер клопатаў не меней, чым увосень. Сёлета яравы зерневы клін у гаспадарцы складае 900 гектараў. Да ўсяго яшчэ 100 гектарў трэба засеяць яравым рапсам і 600 – кукурузай на сілас. Як бачыце аб’ём работ не малы – 1600 гектараў, – агучвае агульную карціну веснавой пасяўной кампаніі дырэктар ААТ “Чарневічы” Уладзімір Бабіч. – Тры трактары задзейнічаны на веснавым узорванні. На “Беларусах” рознай мадыфікацыі шчыруюць Дзмітрый Мяцеліца, Аляксандр Бортнік і Аляксандр Правалёнак. З веданнем справы апрацоўваюць глебу Андрэй Багдановіч і Андрэй Варанёнак. Пётр Акачонак вядзе баранаванне. А сяўбой займаюцца Дзмітрый Шуман і Віктар Казлоўскі. На дастаўцы і загрузцы насення выдатна зарэкамендаваў сябе малады механізатар Яўгеній Брахун.
Рабочы дзень доўжыцца з 7 ранку і да цямна. Належным чынам арганізавана харчаванне ўдзельнікаў пасяўной. Гарачыя абеды дастаўляем непасрэдна на поле, да месца працы механізатараў.
Не проста гаспадарыць на чарневіцкіх землях. Механізатарам гаспадаркі трэба быць віртуозамі: малая контурнасць палёў, наўкола крутыя ўзгоркі, хмызнякі ды лагчыны. Менавіта такая панарама адкрылася і ў ваколіцах вёскі Касарэва. Сяўбу яравога трыцікале, як ужо згадвалася, тут вялі Дзмітрый Шуман і Віктар Казлоўскі.
Дзмітрый Уладзіміравіч прыйшоў на дапамогу хлебаробам гаспадаркі з Дзісненскага лясгаса. На “Беларусу1221”, агрэгаціраваным сеялкай СЗТМ-4М, ён шчыруе на палетках сельгаставарыств з 24 сакавіка. Стараецца і трошкі хвалюецца, бо сёлетняя пасяўная – першая ў яго працоўнай біяграфіі.
– На розных палявых работах раней працаваў, а вось сеяць не даводзілася, – прызнаецца Дзмітрый Уладзіміравіч. – Змалку ля тэхнікі. Хлебаробскую навуку засвоіў добра. Бацька больш за 30 гадоў адпрацаваў механізатарам у калгасе. У яго ўсяму і навучыўся. Безумоўна, перад выездам на палі штудзіраваў адпаведную літаратуру, засвойваў усе сучасную тэхналогію вядзення сяўбы. І зараз у полі сачу, каб усё спраўна працавала.
– У гаспадарцы працую з 1993 года, – далучаецца да гутаркі Віктар Казлоўскі. – Ветэранам можна смела называць. Нямала ўжо хлебаробскіх вёснаў за плячыма. Раней часцей займаўся апрацоўкай глебы. Цяпер набіваю руку на сяўбе. У гаспадарцы шмат зроблена і робіцца, каб пасяўная была праведзена хутка, арганізавана, у самыя аптымальныя тэрміны. Настрой выдатны. Рабочы час бяжыць неўпрыкметку. Смачныя абеды нам дастаўляюць прама на поле. Падсілкуемся – і зноў за справу!
Уважыць тых, хто шчыруе на палях гаспадаркі і клапоціцца пра тое, каб заўсёды хлеб быў на нашым стале, стараюцца работніцы сталовай загадчыца Аліна Станіславаўна Акачонак, повар Алена Эдуардаўна Пратасевіч і раздатчыца Валянціна Станіславаўна Бейнар.
– Працуем дружна, з агеньчыкам, – кажа Аліна Акачонак. – Прадукты дастаўляюцца своечасова. Гатуем розныя стравы. Меню складаем, улічваючы заяўкі ўдзельнікаў пасяўной. Нараканняў не чуем у свой адрас, а толькі адныя падзякі. Любяць нашы хлебаробы і супы розныя, і галубцы і катлеты… Вось сёння, напрыклад, на першае – боршч, а на другое – бульба тушаная з мясам. Усё прыгатавана па-дамашняму і з любоўю. Стараемся, каб меню было разнастайным, каб нашы механізатары падсілкаваліся і выходзілі на пасяўной у перадавікі.
***
А ў хлебаробаў ААТ “Залатая падкова” першая, няхай і маленькая, але такая прыемная працоўная перамога падчас сёлетняй веснавой пасяўной. Яны ўжо звяршаюць сяўбу яравых зерневых на ўсёй запланаванай плошчы – 350 гектараў. На чарзе – сяўба кукурузы на зерне, затым яравога рапсу. Гэтай навіной з радасцю дзяліўся адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі Андрэй Федарэнка. На полі ля вёскі Леснікі ён шчыруе ў складзе механізаванага атрада. У яго працоўнай біяграфіі гэта ўжо трыццаць трэцяя пасяўная.
Актыўна вядзецца на палях падрыхтоўка глебы пад сяўбу. Выдатна працуе на “Беларусу-2022”, агрэгаціраваным дыскатарам АД-600 “Рубін”, майстар сельскагаспадарчай вытворчасці Пётр Гаравы і механізатар-практыкант, навучэнец Глыбоцкага дзяржаўнага каледжа, які яшчэ пачынае свой хлебаробскі шлях, Ілья Пачопка.
На веснавым узорванні шчыруе Сяргей Качан.
– Правядзенне вясенніх палявых работ у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны – адна са складаемых добрага ўраджаю, – далучаецца да размовы галоўны аграном сельгаставарыства Сяргей Квяцінскі. –Яшчэ нам трэба сёлета пасеяць 100 гектараў яравога рапсу, 400 гектараў кукурузы на зерне і 750 кукурузы на сілас. А план сяўбы яравых зерневых у 350 гектараў ужо закрываем і рыхтуемся да наступнага этапа. Пасеялі фактычна адной сеялкай. Андрэй Федарэнка, канешне, прафесіянал класны, граматны хлебароб. Урэшце, усе механізатары, якія задзейнічаны на веснавых палявых работах, прыкладаюць нямала старання, каб правесці веснавыя палявыя работы ў самыя сціслыя тэрміны. 



2.8600
3.3600
3.7500 
