Аграсядзіба “Веранда” ў Псуі, якая гасцінна расчыніла дзверы для наведвальнікаў сёлета ў сакавіку, – гэта яшчэ адна рэалізаваная дзелавая ініцыятыва, звязаная з развіццём сельскага турызму. Гаспадыня сядзібы – прадпрымальніца Людміла Шышанкова. Жанчына даўно жыве ў Наваполацку, але карэнні роду, якія бяруць пачатак у вёсцы Рабчонкі на Глыбоччыне, моцна прывязалі яе да зямлі прадзедаў. Адкрываючы тут уласную справу, Людміла Іванаўна хоча, каб яе бацькаўшчына адраджалася, развівалася і прыгажэла.
Людміла Шышанкова – выпускніца СШ№2 горада Глыбокае і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яна – інжынер, які разбіраецца ва ўсіх тонкасцях будаўніцтва, здольны арганізатар і дызайнер. Сорак гадоў назад разам з мужам з нуля пачала сямейны бізнес: была заснавальніцай і кіраўніком прыватнай вытворчасці “Белы парасон” па выпуску корпуснай мэблі з натуральнага дрэва. Для прафесіянала з багатым вопытам работы, творчымі задаткамі, невычарпальным запасам жыццёвай энергіі і жаданнем паспрабаваць свае сілы ў новай для сябе турыстычнай дзейнасці, адкрыццё аграсядзібы не было складанай працай. Ідэя пры актыўным удзеле і ўласным фінансаванні жанчыны стала рэальнасцю крыху больш чым праз год.
Ад напружанай работы і мітуслівага горада Людміле Іванаўне заўсёды хацелася на ўлонне прыроды, таму яна купіла домік пад дачу на роднай Глыбоччыне, у вёсцы Шо. Кожны раз, прыязджаючы сюды з сям’ёй, з асалодай адпачывала ля возера, хадзіла ў лес, лавіла рыбу – гэтаму яе навучыў муж-рыбак. Знаёмства з Алегам Гайдарам, Аляксандрам Цвірко і Аксанай Лашкевіч – гаспадарамі аграсядзіб “Цэнтр Еўропы”, “Запаведны востраў” і “Краіна мар” – стала для Людмілы адкрыццём. У глыбінцы, аказваецца, можна не толькі адпачываць, але і займацца прыбытковым бізнесам, ствараць новыя рабочыя месцы, мацаваць падаткамі эканоміку малой радзімы, рэкламаваць яе праз развіццё сельскага турызму. Гэтая ідэя запала ў душу жанчыны, і яна пачала падбіраць варыянты пакупкі прыдатнага для будаўніцтва месца ў Глыбоцкім раёне. Самым прымальным аказаўся ўчастак са старой хатай у цэнтры вёскі Псуя.

– Ён адпавядаў усім маім патрабаванням. Туды добры даезд. Месца высокае, з яго адкрываецца выдатны від, і ёсць прамы выхад да берага Псуеўскага возера. Тут прыгожая прырода, чыстае паветра, рыбныя мясціны, багатыя ягадамі і грыбамі лясы. Да таго ж, паблізу сядзібы маіх знаёмых, куды я заўсёды магу звярнуцца за кансультацыяй ці дапамогай. На ўчастку стаяла старая хатка, якую мне раілі знесці. А я апрабавала на моц тоўстыя сцены – заганяла цвік, а той не лез, гнуўся – і рашыла ўсё пакінуць, як ёсць, бо бярвенні зруба прастаяць яшчэ не менш за стагоддзе, – расказвае Людміла Іванаўна.
Яна ўзялася за рамонт, і праз нейкі час старая хата набыла новае жыццё: пад адным дахам змясціліся лазня, пакой адпачынку і кухня. Крытая веранда стала зацішнай, прыдатнай у любое надвор’е для адпачынку на свежым паветры. Цяпер у старым новым будынку даўнейшая металічная цыліндравай формы печка суседнічае з плітой, вырабленай з сучаснай чырвонай абліцавальнай цэглы. Шафа-перагародка аддзяляе спальнае месца ад калідора, арка – кухню і зону адпачынку ад лазні, дзе ўсё зроблена з веданнем справы, прымяненнем сучасных тэхналогій, зручна і дыхтоўна.
Але быў пры рамонце і сюрпрыз для гаспадыні. Піла натужна запішчэла, “уеўшыся” зубамі ў нешта металічнае. Аказалася, што гэта куля ваеннага часу, якая “засела” ў тугім бервяне хаты, магчыма тым самым уратаваўшы жыццё чалавеку. Нечаканая знаходка пацвердзіла, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны смерць хадзіла па Псуеўскіх мясцінах, вышукваючы непавінных ахвяр. Людміла Іванаўна змясціла кулю ў рамку, як напамін усім нам пра тое, што трэба цаніць і берагчы мір і спакой на роднай зямлі.
Галоўным аб’ектам участка стаў жылы дом, раздзелены на два ізаляваныя блокі з назвамі “Лясны” і “Кветкавы”. У адпаведнасці з назвамі кожная палова дома мае ўнутраны дэкор і стыль.
– У доме два асобныя выхады, ля іх – дзве стаянкі для транспарту. У кожнай палове дома – спальны пакой, гасцёўня, кухня з усім неабходным абсталяваннем і посудам, санітарны вузел, асобны выхад на крытую веранду. У пакоях мінулае гарманічна пераплятаецца з сучасным: адрэстаўраваныя дэталі і механізмы – з моднай мэбляй, якую вырабляюць на вытворчасці “Белы парасон”. Спрактыкаваная гаспадыня нават старую аконную раму прыстасавала пад арыгінальнае люстэрка, а жалезнымі спінкамі ложкаў аздобіла сучасную спальную мэблю. На першы погляд просценькая гардэробная з кручкамі для адзення адначасова з’яўляецца някідкай, але прадуманай рэкламай фасадных матэрыялаў, якія выкарыстоўвае для вырабу мэблі “Белы парасон”.
Веранда злучае дзве часткі дома і раздзелена драўлянай перагародкай. Пры неабходнасці яна здымаецца, расстаўляюцца сталы, лаўкі і атрымліваецца сталовая зона – месца для правядзення карпаратываў ці сямейных застолляў на трыццаць чалавек. Від тут цудоўны! Сцяжынка ад дома вядзе да пірса, які мы цяпер падаўжаем і абуладкоўваем. Тут шыкоўнае ў плане прыроднага хараства SPA-койнае месца: можна прымаць сонечныя і водныя працэдуры, слухаць цішыню і птушыныя спевы, любавацца прыгажосцю навакольных мясцін, праводзіць час з сям’ёй ці ў сяброўскай кампаніі. У двары мы спецыяльна абсталявалі адкрытую пляцоўку, дзе можна раскласці агонь, гатаваць шашлык. Дарэчы, на Псуеўскім возеры, сама летась апрабавала не раз, добра ловяцца шчупакі. Адзін з маіх самых багатых разавых уловаў – дзевятнаццаць шчупакоў! –
расказвае гаспадыня, праводзячы экскурсію па ўладаннях. – Зімой тут можна катацца на лыжах і санках. Для летняга сезону ўжо закуплены шэзлонгі, лодкі, сапборды, батут для дзіцячага адпачынку. Летась засеялі ўчастак газоннай травой, зрабілі клумбы, на якіх вясной высадзім кветкі. У садзе пакінулі некалькі старых яблынь. З цягам часу амаладжу сад.
Разумею, што без рэкламы сёння нічога не зробіш, таму маю сваю старонку ў Інстаграме. Інфармацыю аб адкрыцці размясціла на сайце “Аграсядзіба. Бай” і іншых платформах. Ужо вяду інтэрнет-браніраванне, распісваю адпачынак на майскія выхадныя. Ёсць і першая кампанія з Расіі, якая хоча адпачываць у нас дзесяць дзён.
Не хвалюся, але якасць адпачынку ў аграсядзібе выдатная. Мы самі яе пратэсціравалі, сабраўшыся сям’ёй і з роднымі на Каляды – усім спадабалася! Суровая зіма не перашкодзіла: электраабагрэў у дом падведзены, праблем з ацяпленнем няма. Што датычыць паслугі харчавання, яе мы гасцям пакуль не аказваем. Можам забяспечваць замарожанымі прадуктамі, а гатаваць адпачываючыя будуць самі ці заказваць дастаўку. Калі будуць настойлівыя пажаданні, магчыма, з цягам часу вырашым гэтае пытанне.
Людміла Іванаўна з ахвотай адклікаецца на запрашэнні паўдзельнічаць у профільных раённых семінарах і ў красавіцкай турыстычнай выставе, якая пройдзе ў
Мінску. Думае пра ўступленне ў кааператыў “Вялесаў шлях”, бо разумее, што мацаваць сувязі з патэнцыяльнымі вопытнымі партнёрамі – толькі на карысць справы.
– Паважаныя аматары адпачынку на прыродзе, заядлыя рыбакі і паляўнічыя, улюбёныя ў падарожжы турысты, якія адкрываюць новае і нязведанае, усе, хто хоча яркіх эмоцый і актыўнага адпачынку – прыязджайце ў аграсядзібу, не пашкадуеце, – запэўніла гаспадыня.


2.8600
3.3600
3.7500 

