Аналізуючы ход сёлетняй зімоўкі на жывёлагадоўчых фермах, галоўны ветэрынарны ўрач раёна, начальнік Глыбоцкай ветэрынарнай станцыі Алена Дылевіч расказвала пра самаадданую працу ў гэты складаны перыяд многіх жывёлаводаў і спецыялістаў галіны. Узгадала дзясятак імён і прозвішчаў, а пасля засяродзіла ўвагу на асобе вядучага ветэрынарнага ўрача гарадской участковай ветлячэбніцы Марыны Радзішэўскай.
– Марына Міхайлаўна – чалавек энцыклапедычных ведаў, прафесіянал з вялікай літары. Мы ўсе ў калектыве на яе раўняемся. Яна найлепшая наша дарадчыца, шчыры, безадказны работнік, – характарызуе старэйшую калегу Алена Леанідаўна. – Скажам, узнікае цяжкая сітуацыя на самай аддаленай ферме. Марына Міхайлаўна, не зважаючы на тое дзень гэта ці ноч, бярэ ў рукі свой “айбалітаўскі” чамаданчык, імчыць на дапамогу сельскім ветэрынарам.
Вопытны і вельмі граматны спецыяліст, яна і падтрымае, і падкажа, калі што незразумела. У ААТ “Залатая падкова” працуюць маладыя ветурачы, таму было прынята рашэнне замацаваць за імі настаўніка. Так Марына Міхайлаўна з нядаўняга часу і стала іх непасрэдным куратарам. Сёлетняй зімой яна, можна сказаць, бязвылазна знаходзіцца на фермах гэтай гаспадаркі. Лечыць жывёлу, праводзіць вакцынацыю і ўсе неабходныя прафілактычныя мерапрыемствы. Можна быць спакойным і ўпэўненым: на тым участку, дзе працуе Марына Міхайлаўна, усё будзе добра.
“Урач лечыць чалавека, а ветэрынарны ўрач – чалавецтва” – менавіта гэтыя словы акадэміка Івана Паўлава і сталі вызначальнымі на прафесійным шляху Марыны Радзішэўскай. Яна – прадстаўніца адной з самых важных і міласэрных прафесій. Глыбачанка. Заканчваючы першую гарадскую школу, падумвала аб паступленні ў медыцынскі. Ды прыслухалася да парады дырэктара Яўгенія Пятровіча Арэтава: “Ідзі, Марына, у ветэрынарыю. Спецыяльнасць запатрабаваная не менш, чым медыцына. Упэўнены, у цябе ўсё атрымаецца”, – гаварыў гэты мудры і ўсімі паважаны чалавек.
Марына падала дакументы ў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Скончыла яго на выдатна, атрымала дыплом з адзнакай і паехала працаваць у калгас “Радзіма” Полацкага раёна. Праз колькі часу выйшла замуж за земляка і пераехала ў Глыбокае, уладкавалася ў гарадскую ветлячэбніцу.
– Яшчэ калі вучылася, практыку тут праходзіла. Таму, калі прапанавалі, з радасцю пайшла. З таго часу і працую, – кажа Марына Міхайлаўна. – Па-першасці цяжкавата было. Работы – процьма. У 1986 годзе гараджане-глыбачане трымалі на ўласных падворках у агульнай колькасці да 120 галоў буйной рагатай жывёлы і больш за 2 тысячы свіней. Гэта зараз у горадзе лечым, у асноўным, коцікаў ды сабачак.
Ветэрынарыя стала маёй любімай справай жыцця. З удзячнасцю ўспамінаю Яўгенія Пятровіча Арэтава і яго прарочыя словы.
Сёлетняя зіма ўсіх нас, працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны, выпрабоўвала на прафесіяналізм. І, як ні цяжка было, радуюся, што я са сваімі маладымі калегамі з сельгаспрадпрыемства “Залатая падкова” Сяргеем Курцэвічам і Кацярынай Ляшонак вытрымалі гэты сур’ёзны экзамен. Яны малайцы, галоўнае, што неабыякавыя, перажываюць, стараюцца. Думаю, стануць добрымі спецыялістамі.
Рабочы дзень ветурача не ўкладваецца ва ўстаноўлены расклад. У любы час дня і ночы мы спяшаемся туды, дзе патрабуецца дапамога. Памятаю матулін наказ: “Дачушка, слухайся ўсіх, дапамагай. І людзі будуць удзячны табе”. Вось і нядаўна прыехала з адной гаспадаркі, а з другой пазванілі, што кароўка целіцца, і ёсць ускладненні. Хоць і позні вечар – неадкладна паехала… А ў “Залатой падкове” Марына Радзішэўская бывае амаль штодзённа на кожнай ферме. Задача – захаваць маладняк буйной рагатай жывёлы здаровенькім, зберагчы кожнае цялятка.
Яна ганарыцца сваімі шматлікімі вучнямі. Кожны год вытворчую практыку ў ветлячэбніцы праходзяць па двое-трое студэнтаў. Сваімі ведамі, сваім багатым вопытам работы ў ветэрынарыі ахвотна дзеліцца з маладзейшымі калегамі. У райветстанцыі выдатна працуе ветурачом колішняя вучаніца Марыны Міхайлаўны Людміла Сауліч. Цяпер тут паспяхова праходзіць практыку студэнтка акадэміі ветэрынарнай медыцыны Анастасія Баравік.
Сёння Марыну Міхайлаўну многія ведаюць не толькі як вопытнага ветэрынарнага ўрача, які лечыць дамашніх любімчыкаў, але як выдатнага чалавека, шчырую працаўніцу, настаўніка моладзі, цудоўную гаспадыню, любячую, пяшчотную маці і бабулю.
– Задаволена, што некалі выбрала ветэрынарыю, – кажа Марына Міхайлаўна. – Работа складаная і вельмі адказная, але надзвычай цікавая. Усіх каляжанак віншую з нашым вясновым святам! Будзем і далей разам ісці па дарозе жыцця з пачуццём любові, любові да людзей, у першую чаргу, да сваіх родных і блізкіх, да ўсяго жывога і прыгожага, да мілага сэрцу Глыбокага і нашай дарагой Беларусі.


2.8900
3.3750
3.7400 

