«Пішаш, як курыца лапай» – гавораць пра тых, чый почырк не адрозніваецца прыгажосцю і разборлівасцю. Зараз гэты фразеалагізм можна выкарыстоўваць значна часцей, чым раней. Сярод сучасных школьнікаў толькі нямногія пішуць прыгожа, большасць упэўнены, што пісаць ад рукі ў эпоху лічбавых тэхналогій зусім непатрэбна. Маўляў, прыгожы і роўны почырк – гэта перажытак мінулага. Чаму так?
Педагог-дэфектолаг Азярэцкай школы Вольга Андзілеўка лічыць, што істотны ўплыў на пісьмо сёняшніх школьнікаў аказаў прыход у наша жыццё камп’ютараў.
– Зараз паняцце “напісаць” усё меньш асацыіруецца з ручкай і паперай. Да таго ж, значна скарочаны час на навучанне пісьму ў пачатковай школе. Раней былі спецыяльныя ўрокі чыстапісання. Да 1968-га года ў нашых школах пісалі пер’евымі ручкамі і чарнілам. Калі што не атрымлівалася, трэба было перапісваць па некалькі разоў, каб мець добры вынік. Цяпер засяроджваецца ўвага ў асноўным на разборлівасць напісанага і толькі потым на прыгажосць почырку.
– Якія перавагі, на ваш погляд, мела пер’евая ручка?
– Такімі ручкамі немагчыма было пісаць хутка, кожную літару старанна выводзілі. І штодзённая практыка давала свой вынік. Прыгожы почырк лічыўся адным з важных уменняў вучня, быў прадметам гонару і захоўваўся на ўсё жыццё.

Іншая справа – шарыкавая ручка. Не важна, як вучань яе трымае, як на яе націскае, пісаць яна будзе добра, аднак не факт, што напісанае лёгка будзе прачытаць. Зрэшты, ці так мы многа пішам? Тое, што раней было рукапісным, зараз афармляецца ў друкаваным выглядзе. Аднак гэта не азначае, што дзяцей не трэба вучыць пісаць акуратна, прыгожа, разборліва. Дрэнны почырк можа стаць прычынай нізкай паспяховасці ў школе. Настаўнікі малодшых класаў маюць права зніжаць адзнакі за “каравыя” радкі ў сшытку. Калі праблему не вырашыць змалку, то яна застанецца і надалей. Почырк можа стаць наогул нечытальным.
– Калі і пра што трэба хвалявацца бацькам?
– Перш наперш, трэба мець на ўвазе, што дрэнны почырк – паняцце суб’ектыўнае. Калі вам самім ён не падабаецца, гэта не азначае, што ў дзіця ёсць праблема. Іншая справа, калі заўвагу зробіць настаўнік. Падставы для гэтага могуць быць такія: тэкст “едзе” зверху ці ўніз, літары знаходзяцца не на адной лініі, няма інтэрвалаў паміж словамі, літары няроўныя і не злучаны паміж сабой, розныя літары напісаны амаль аднолькава. Дрэнны почырк – гэта сігнал, што вучню патрэбна дапамога, пераважна псіхалагічная. Не так даўно спецыялісты ўстанавілі, што першакласнік на ўроках пісьма адчувае такія ж па сіле нагрузкі, як і касманаўт у час старту. Тое, што дарослым падаецца простым, для дзяцей можа быць складаным і нават і непасільным.
Некаторыя бацькі імкнуцца палепшыць почырк, прымушаючы дзяцей перапісваць літары зноў і зноў. Аднак гэты метад не заўсёды працуе. Да рашэння праблемы трэба падыходзіць творча, выкарыстоўваць гульні, цікавыя заданні. Трэба хваліць дзяцей нават за невялікія дасягненні. Варта цікавіцца рэкамендацыямі спецыялістаў. Калі медыцынскіх прычын дрэнна пісаць няма і з эмацыянальным станам усё ў парадку, то навучыцца належнаму пісьму можна. Трэба звяртаць пільную ўвагу на асанку вучня за пісьмовым сталом, на правільнае размяшчэнне сшытка, правільны падбор ручкі. Пажадана часцей карыстацца пропісямі. Лепшая матывацыя-падбадзёрыць, пахваліць, калі на паперы бачны прагрэс.
– Немалаважна, відаць, і дарослым мець прыгожы почырк?
– Вядома. Навуковымі даследваннямі пацверджана, што наш мозг працуе па–рознаму, калі мы пішам ад рукі і калі друкуем тэкст на камп’ютары або на экране тэлефона. Той, хто пісаў у студэнцкія гады “шпаргалкі”, ведае, што яны дапамагалі на экзаменах не столькі ад таго, што былі, а таму, што былі напісаны ад рукі, і інфармацыя ў тым ці іншым аб’ёме зафіксавалася ў памяці. Тое ж можна сказаць і пра рукапісныя канспекты.
– У чым плюсы прыгожага, акуратнага почырка?
– Почырк – адзін са спосабаў самавыражэння: ад таго, як напісаны тэкст, і той, хто яго піша, і той, хто чытае, могуць атрымаць розныя эмоцыі. Напісанае акуратным, роўным, прыгожым почыркам прынясе пачуццё задаволенасці аўтару пісьма, а неахайныя допісы не застануцца па-за крытыкай чытача.
Прыгожы почырк – гэта своеасаблівая форма ветлівасці. Нездарма кожны год 23 студзеня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень почырка або Дзень ручнога пісьма (National Handwriting Day), які зацверджаны з мэтай нагадаць усім нам аб унікальнасці ручнога пісьма, аб неабходнасці практыкавацца ў ім, аб непаўторнасці почырка кожнага чалавека.


2.9500
3.4150
3.7250 

