Золата працоўнага веку Аліны Лук’янёнак

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 1,00 из 5)
Загрузка...

Аліна Лук’янёнак — працаўніца-рэкардсмен, можа пахваліцца пяцьдзясят двума гадамі стажу і тым, што правам на заслужаны адпачынак у бліжэйшы час карыстацца не збіраецца. І хоць шліфавала прафесійнае майстэрства, працуючы па спецыяльнасці на розных пасадах у розных арганізацыях, больш за чвэрць стагоддзя прысвяціла службе ў сістэме Белдзяржстраху. Аліна Сцяпанаўна – ветэран працы страхавой службы, якога цэняць і паважаюць у калектыве.

Шлях Аліны ў самастойнае жыццё пачынаўся з вёскі Новыя Шарабаі і з калгаса “Парыжская камуна”. Аднойчы старшыня калгаса, убачыўшы маладую дзяўчыну, якая дапамагала маці на ферме, прапанаваў ёй вучыцца на бухгалтара. Яна так і зрабіла: узяла накіраванне і паехала ў Віцебск. Скончыла школу бухгалтараў і працавала па спецыяльнасці ў родным калгасе, а калі выйшла замуж і пераехала жыць у Чаронку, – спецыялістам па кадрах у калгасе “17 Верасня”. Пазней паглыбіла веды па бухгалтарскім уліку падчас завочнай вучобы ў Полацкім сельгастэхнікуме.

– У 1975 годзе мы з мужам пераехалі ў Глыбокае, дзе пачаўся новы этап нашага жыцця. Мне давялося працаваць галоўным бухгалтарам у Глыбоцкім аддзеле культуры пад кіраўніцтвам граматнага і талковага спецыяліста Генадзія Несцеравіча Шульгі, бухгалтарам і інспектарам па кадрах у сістэме грамадскага харчавання. У 1979 годзе я прыйшла ў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Глыбоцкім раёне, якое на той час размяшчалася ў двухпавярховым будынку на плошчы “17 Верасня”. Пётр Паляк (тады быў дырэктарам) прыняў мяне на работу страхавым агентам, пазней перавёў брыгадзірам, – расказвае Аліна Сцяпанаўна. – У зону майго абслугоўвання ўваходзілі населеныя пункты Пліскага, Празароцкага і Карабоўскага сельсаветаў. Вёсак шмат, усе людныя, у большасці далёкія ад райцэнтра. На свае ўчасткі мы выязджалі па два-тры чалавекі. Каб не траціць час на дарогу, прасіліся начаваць да чужых людзей, а назаўтра, як толькі развіднее, пачыналі абход. Адзін страхаўшчык ішоў па хатах па адным баку вуліцы, другі – па другім, а трэці з другога канца вёскі – насустрач. Людзі тады ў асноўным страхавалі коней, кароў, свіней і хаты. Ніхто не адмаўляўся, усе разумелі, што на выпадак бяды страхоўка стане фінансавым абярэгам. Усялякія ў рабоце здараліся моманты: былі мы і ў ролі паштальёнаў, і проста шчыра гаварылі з людзьмі, якія паважліва адносіліся да страхаўшчыкоў.

Так склалася, што Аліна Лук’янёнак, адпрацаваўшы ў Дзяржстраху чатырнаццаць гадоў, змяніла сферу дзейнасці, перайшла галоўным бухгалтарам у раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

– Працавала з задавальненнем: ведаў і вопыту хапала. І калектыў быў дружны, па-сямейнаму згуртаваны, а галоўны ўрач Лія Субач – чалавек, для якога чужая бяда была сваёй, – кажа жанчына. Выйшаўшы на пенсію, Аліна Лук’янёнак не захацела прывыкаць да стутуса пенсіянеркі, вярнулася ў Белдзяржстрах.

– Аліна Сцяпанаўна працуе на вясковым участку ў Дзеркаўшчыне, дзе пражываюць больш за шэсцьсот патэнцыяльных заказчыкаў страхавых паслуг. Устае рана, дабіраецца на грамадскім транспарце, цэлы дзень на нагах. Нягледзячы на ўзрост, дасць фору любому маладому страхавому агенту: яна на службе ў любое надвор’е і праблем з выкананнем плана ніколі не мае – заўсёды яго перавыконвае. Напрыклад, за дзесяць месяцаў бягучага года па добраахвотных відах страхавання сабрала 46 169 рублёў, па ўсіх відах страхавання – 71 017 рублёў. Яна заключыла 1 154 дагаворы добраахвотнага страхавання, 1 634 – па ўсіх відах страхавання, 106 – па новых відах страхавання, – прыводзіць статыстыку дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Глыбоцкім раёне Таццяна Сакалоўская.

З нагоды прафесійнага свята Таццяна Чаславаўна выказала словы ўдзячнасці ветэранам страхавой службы, цяперашнім супрацоўнікам – за старанную добрасумленную працу, партнёрам – за разуменне, цеснае і плённае супрацоўніцтва. Яна павіншавала калег са святам, пажадала пазітыўнага рабочага настрою і плёну ў працы, сямейнага дабрабыту.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2026

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru