Зорачкі-сняжынкі паволі кружылі ў той дзень за акном, нагадваючы, што на календары канец лістапада і хутка ўжо зіма. І ўсе, хто прыйшоў на адкрыццё выставы Юліі Арэхавай, між іншым адзначылі, што вось такое, са сняжком і лёгкім марозам надвор’е надта стасуецца з творчасцю майстра. І сапраўды, на сценах у экспазіцыйнай зале Глыбоцкага Дома рамёстваў нібы “расцвілі” марозныя ўзоры. Такімі вытанчанымі, хрупкімі, ажурнымі выглядаюць карціны-выцінанкі і дэкаратыўныя вырабы з саломкі Юліі Арэхавай.
Цікава, што майстар прыйшла калісьці на працу ў Дом рамёстваў як кераміст, мае адпаведную спецыяльнасць, але аднойчы на курсах у Віцебску паўдзельнічала ў майстар-класе па выцінанцы. І захапілася.
– На першы погляд выцінанка можа падацца рамяством прымітыўным, простым. Так, магчыма, і было больш за сотню гадоў таму, калі вясковыя жанчыны ўпрыгожвалі немудрагелістымі папяровымі фіранкамі і сурвэткамі сціплы інтэр’ер сялянкіх хат. Але з цягам часу, пасля шматгадовага перыяду забыцця, выцінанка адрадзілася і дзякуючы многім нераўнадушным людзям, можна сказаць, загучала па-новаму, пераўтварылася ў асобны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які сёння вельмі папулярны, – расказвае Юлія. – Чым мяне прывабіла выцінанка? У працэсе яе стварэння ёсць штосьці чароўнае. Самы хвалюючы момант, калі работа з нажніцамі закончана і пачынаеш паступова раскрываць складзены ў некалькі разоў аркуш паперы. Што атрымаееца ў выніку – сюрпрыз нават для майстра.

Юлія Арэхава займаецца ажурным выразаннем з паперы пятнаццаць год. У майстра ўжо выпрацаваўся свой пазнавальны творчы почырк. Юля актыўна ўдзельнічае ў выставах і конкурсах, штогод – у адкрытым абласным свяце-конкурсе майстроў выцінанкі “Ажурныя мары”, які ладзіцца ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”. Селёта глыбачанка стала ўладальніцай Дыплома ІІІ ступені ў наміныцыі “Манументальнасць папяровых выразак” і Дыплома за аўтарскую распрацоўку калекцыі “каляды”. Калядную кампазіцыю, дарэчы, можна ўбачыць і на выставе.
–На выставе, наогул, практычна ўсе работы новыя. Вось пано “Спадчына” на тэму пераемнасці пакаленняў і “Дрэва жыцця”, выцінананкамі “Купалле” і “Дажынкі” дапоўніла серыю работ па матывах народных святаў, зрабіла дзве работы на тэму Вялікадня і некалькі выцінанак у больш традыцыйнай колеравай гаме – белае на чорным, – правяла для наведвальнікаў невялікую экскурсію майстар. – Выцінанку сёння можна сустэць у самым нечаканым выглядзе. Я таксама паспрабавала рабіць завушніцы і закладкі.
Асобнае месца на выставе займаюць выбіванкі. Ад выцінанкі яны адрозніваюцца тым, што ажурныя ўзоры на паперы не выразаюцца, а выбіваюцца (адсюль і назва) з дапамогай разца і малатка.
Калегі падчас адкрыцця выстаўкі шмат разоў падкрэслівалі, што ў Юлі залатыя рукі, і за якую б справу яна не ўзялася – усё ў яе цудоўна атрымліваецца. Гэтак жа хутка як выцінанкай Юля авалодала майстэрствам пляцення з саломкі. Элементарныя веды па гэтым рамястве атрымала на занятках гуртка яшчэ ў пачатковых класах, а грунтоўна занялася саломках некалькі гадоў назад.

– Свае работы з саломкі – картузы, сумкі, капелюшы, шкатулкі – на персанальнай выставе прадстаўляю ўпершыню, – расказала Юлія Арэхава. – Многія з гэтых вырабаў – рэпліка работ Марыі Ермаловіч – калегі, народнага майстра Беларусі, у якой я вучылася, і Алёны Сініцы, якая саломапляценнем займалася з дзяцінства. У бедныя пасляваенныя гады Алёна Альбінаўна пляла з саломкі і прадавала картузы і сумачкі, каб дапамагчы бацькам пракарміць вялікую сям’ю. Саломка – матэрыял недаўгавечны, а мне вельмі хочацца, каб лепшыя, арыгінальныя творы нашых выбітных майстроў захаваліся найдаўжэй.
Творчасці, натхнення і ўвасаблення новых ідэй пажадалі Юліі Арэхавай з нагоды адкрыцця выставы калегі і сябры.

2.9250
3.3800
3.7150 
