Прафесіяналы вытворчай лабараторыі Глыбоцкага МКК

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Алеся Януковіч – вядучы інжынер-хімік фізіка-хімічнага падраздзялення вытворчай лабараторыі ААТ “Глыбоцкі МКК”. На прадпрыемства яна прыйшла сямнаццаць гадоў назад і ўпэўнена, што знайшла прафесію па душы. Як спецыяліст з вопытам і стажам, Алеся Мар’янаўна разумее, што якасць выпускаемай прадукцыі робіць яе канкурэнтаздольнай на ўнутраным і міжнародным рынках, з’яўляецца тым магнітам, які прыцягвае спажыўцоў, гарантам стабільнай і эфектыўнай вытворчасці.

У любімую прафесію шлях прывёў дзяўчыну не адразу. Залатая медалістка, выпускніца СШ№3 Алеся паступіла на біяфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гады студэнцтва былі цікавымі, а думкі пра будучае – хвалюючымі. Праходзячы практыку ў сталічных школах, Алеся разумела, што адукацыя не зусім яе сфера дзейнасці, але, атрымаўшы дыплом, вярнулася на малую радзіму і два гады працавала настаўніцай у Залескай школе. Вяла ўрокі, гадзіны медыцынскай падрыхтоўкі, працавала з дзецьмі на прышкольным участку, але вельмі хацела займацца лабараторнымі даследваннямі.

У пошуках работы дарога прывяла яе на малочнакансервавы камбінат. Прайшла субяседаванне ў намесніка дырэктара па якасці і сертыфікацыі Лідзіі Сенічавай, і яе часова, на летні сезон, узялі лабарантам хіміка-бактэрыялагічнага аналізу. Менавіта тут Алеся Мар’янаўна адчула смак прафесіі. Радавалася, калі ў красавіку 2008 года прапанавалі пастаянную работу. Яе працоўныя будні на прадпрыемстве пачаліся ў ролі кантралёра харчовай прадукцыі ў цэху па вытворчасці сухога малака.

– Я адказвала за якасць сыравіны, якая паступала ў цэх для перапрацоўкі. Было няпроста: пастаўкі сыравіны шматтонныя, працэс сушкі бесперапынны, работа пазменная, патрабаванні высокія. Было разуменне, што працуем на імідж прадпрыемства і трэба трымаць марку якасці, заваяваную яшчэ з часоў Савецкага Саюза.

Праз нейкі час мяне перавялі хімікам у лабараторыю. Магчымасцей для хіміка-біялагічных даследаванняў тут было яшчэ больш, і мне гэта падабалася. Прымала ўдзел ва ўкараненні ў практыку новага імунаферментнага аналізу па выяўленні наяўнасці антыбіётыкаў у малочнай сыравіне. Пытанне на той час было вострым, і мы прыклалі шмат намаганняў, каб дабіцца стопрацэнтнай якасці сыравіны, – гаворыць Алеся Мар’янаўна. – Мы задзейнічаны ў міжлабараторных даследаваннях, якія праводзіць інстытут мяса-малочнай прамысловасці, і ганарымся тым, што нашы распрацоўкі становяцца асновай для правядзення далейшых галіновых эксперыментаў, пацвярджэння правільнасці даследчых методык, распрацоўкі тэхналогій выпуску новых відаў прадукцыі, напісання навуковых работ, укаранення ў вытворчасць імпартазамяшчальных і рэсурсазберагаючых тэхналогій.

– Наша лабараторыя акрэдытавана на адпаведнасць патрабаванням да даследчых лабараторый у Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Вынікам работы, скіраванай на павышэнне якасці і харчовай бяспекі прадукцыі прадпрыемства, з’яўляюцца захаванне класічных, ацэненых спажыўцамі, смакавых якасцей прадукцыі, яе канкурэнтаздольнасць, пашырэнне рынкаў збыту і аб’ёмаў рэалізацыі, высокія прызавыя ацэнкі на выставах і конкурсах, – уступае ў размову начальнік вытворчай лабараторыі ААТ “Глыбоцкі МКК” Святлана Бабровіч. – У лабараторыі некалькі падраздзяленняў, працуюць сорак два спецыялісты, дыпламаваныя і дысцыплінаваныя, скурпулёзныя ў рабоце, адказныя і добрасумленныя ў выкананні абавязкаў. І ветэраны вытворчасці, і выпускнікі вну – наш залаты кадравы фонд, які мы беражом і цэнім. Наталля Чарняўская – вядучы інжынер-хімік. Працуе ў калектыве больш за тры дзесяцігоддзі. Кампетэнтная, адкажа на любое пытанне, правядзе любое даследаванне, падзеліцца вопытам і досведам з пачаткоўцамі. Больш за дваццаць гадоў у сваёй прафесіі мікрабіёлаг Наталля Мароз. З 1983 года на камбінаце Жанна Ванковіч, якая перайшла ў лабараторыю з натуральнамалочнага цэха, а цяпер працуе хімікам.

Радуемся таму, што калектыў амаладжваецца, выпускнікі вну вяртаюцца на малую радзіму. Кантралёрам харчовай прадукцыі з нядаўняга часу працуе Дар’я Рацьковіч, інжынерам па стандартызацыі і сертыфікацыі – Кацярына Юргель. Яны паспяхова прайшлі стажыроўку і ў працэсе работы спасцігаюць прамудрасці прафесіі. – Наша работа вузкапрофільная. З часам мяняюцца патрабаванні, таму, каб быць у курсе ўсіх змен, штогод паспяхова здаваць экзамен на прафпрыгоднасць, трэба пастаянна вучыцца і, самае галоўнае, – любіць справу, якой прысвячаеш лёс.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2026

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru