На палях сельгаспрадпрыемства “Мярэцкія” вядзецца ўборка кукурузы

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (4 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У гэтыя дні поўным ходам на палях сельгаспрадпрыемства “Мярэцкія” вядзецца ўборка кукурузы.
Пад “каралеву палёў” тут адведзены 721 гектар. На круг атрымліваюць па 115-120 цэнтнераў кукурузнай масы. На скошванні і здрабненні задзейнічаны айчынны кормаўборачны камбайн “Палессе” , а з учарашняга – і “Ягуар-800” з Глыбоцкага аграпрамаб’яднання. Да сіласнай траншэі здробненую масу адвозяць два трактары і тры МАЗы.

За штурвалам кормаўборачнага камбайна – вопытны механізатар Алег Шатыбелка. У сельскай гаспадарцы ён працуе ўжо 35 гадоў. Не адзін сезон быў задзейнічаны і на ўборцы збожжавых культур.

Алег Шатыбелка.

– Родам я з вёскі Малінаўка. Гэта недалёка ад Капыльшчыны, дзе зараз жыву, – кажа Алег Ірынаргавіч. – Працую на зямлі сваёй малой радзімы і тым вельмі задаволены. Калі спадае прыпар на палях, перасядаю на “Амкадор”, выконваю самыя розныя работы, займаюся пагрузкай кармоў, удаленнем гною на жывёлагадоўчай ферме. А на КВК пяты ўжо год і падчас нарыхтоўкі кармоў з траў першага укосу, і на ўборцы кукурузы. Задача пастаўлена, а таму важна не збаўляць тэмпаў нарыхтоўкі якасных сакавітых кармоў для буйной рагатай жывёлы.

Гарачая пара ў аграрыяў Глыбоччыны не спадае. Сёлета агульная плошча пасеваў кукурузы ў гаспадарках раёна складае 5381 гектар. Па стане на 23 верасня ўбрана 1730 гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць – на ўзроўні 121 цэнтнера з гектара. Для аграрыяў важна як мага хутчэй справіцца з уборкай гэтай, можна сказаць, стратэгічнай для сельгасвытворчасці культурай, каб назапасіць якасны корм.

Настрой ва ўсіх удзельнікаў корманарыхтоўкі выдатны. У гэтым пераканаўся падчас сустрэчы з тымі, хто задзейнічаны і на адвозцы кукурузнай масы. У іх ліку – вадзіцель Глыбоцкага аграсэрвіса
Сяргей Краснадубскі.

– З мая гэтага года працую ў калектыве райаграсэрвіса, – кажа Сяргей Анатольевіч. – За мной замацаваны новенькі МАЗ-6501. А ўвогуле мой вадзіцельскі стаж у сельскагаспадарчай вытворчасці адлічваецца з 2005 года.

Падчас жніва сёлета працаваў у ААТ “Залатая падкова”, а таксама ў сельгаспрадпрыемстве
“За Радзіму”.

Механізатар гаспадаркі Арцём Карпік на “Беларусу-1221” у гаспадарцы працуе з 2018 года. Ён пастаянны ўдзельнік корманарыхтоўчай кампаніі. Працуе, як кажуць, з веданнем справы.
Вадзіцель аўтапрадпрыемства №16 г. Глыбокае Віктар Зарэмба працягвае сваю сёлетнюю ўдарную ўборачную. Працуючы з 17 ліпеня на жніве ў СУП “Мярэцкія” на МАЗе-365,
перавёз больш за паўтары тысячы тон зерня і насення рапсу. Менавіта ў гэтай гаспадарцы Віктар Яўгенавіч стаў вадзіцелем-тысячнікам. Цяпер задзейнічаны на перавозцы кукурузнай масы.

Сяргей Краснадубскі, Арцём Карпік, Віктар Зарэмба і Максім Туча.

– За рулём грузавых аўтамабіляў з 1979 года. Большасць гадоў працоўнага стажу звязана менавіта з аўтапрадпрыемствам №16, – гаворыць Віктар Зарэмба. – Можна сказаць, вырас там. Бацька, Яўген Мікалаевіч, працаваў у аўтапарку вадзіцелем. Так што я – прадаўжальнік сямейнай дынастыі.
Безумоўна, задаволены гэтым сваім працоўным дасягненнем. Але не ў тым сутнасць. Сёння, калі на сяле не хапае рабочых рук, важна памагаць сельскім працаўнікам ў гарачую пару.
І трактарыст ЖКГ Максім Туча накіраваны на дапамогу вяскоўцам. Працуе ў гаспадарцы ад пачатку верасня.

– У мінулым годзе таксама быў у СУП “Мярэцкія” і на жніве, і на нарыхтоўцы кармоў, і кукурузу адвозіў. У жылкамунгасе працую з 2022 года. Родам з Міёршчыны, а Глыбоччына – радзіма жонкі. Падабаецца мне ўсё тут. З задавальненнем дапамагаю сельскім працаўнікам, – заключае размову Максім Мікалаевіч.

Кароткі абедзенны перапынак завершаны, і наша размова таксама. Механізатары, вадзіцелі заспяшаліся да сваіх машын. Наперадзе шмат спраў.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2026

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru