Народны майстар Беларусі, метадыст Глыбоцкага дома рамёстваў Святлана Скавырка выпусціла альбом сваіх маляваных дываноў, у якім сабраны плён творчай працы майстра за дваццаць гадоў.
На 18-ці старонках альбома змешчана каля 70 работ Святланы Анатольеўны, падаецца кароткая гісторыя стварэння некаторых з іх, дадзены кароткія звесткі пра жыццё і творчую дзейнасць аўтара.
Прэзентацыя альбома “Маляваны Сусвет Святланы Скавыркі” адбылася ў цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці напрыканцы жніўня. На мерапрыемства былі запрошаны калегі і сябры, прыхільнікі творчасці і ўсе, хто так ці інакш прычыніўся да выхаду альбома ў свет.
Натхнення, новых цікавых ідэй, здароўя і насторою для іх увасаблення пажадалі майстру ўдзельнікі сустрэчы. Загадчык сектара культуры райвыканкама Таццяна Мацюшонак адзначыла, што у Глыбоцкім раёне чатыры майстры з ганаровым статусам народны. У кожнага з іх – багатыя творчыя набыткі, таму прыклад Святланы Скавыркі варты пераймання.