Да “Вішнёвага фестывалю”, які пройдзе сёлета 18-19 ліпеня, засталося пару дзён. Горад, яго прадпрыемствы і арганізацыі, гандаль, культура, гаспадары райцэнтра рыхтуюцца да свята, на якое сабяруцца далёкія і блізкія госці і якіх стараюцца парадаваць і здзівіць глыбачане. У актыўным творчым працэсе знаходзяцца і супрацоўнікі, і наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пад кіраўніцтвам яго загадчыцы Наталлі Мурзіч.


– Кожны год на фестывалі працуе выстава-продаж вырабаў і сувенірнай прадукцыі, у якой мы ўдзельнічаем. Сёлета прадставім жыхарам Глыбоччыны і гасцям цікавыя навінкі, якія прыдумваем і робім сваімі рукамі. У іх ліку яркія металічныя і акрылавыя значкі з вішнёвай тэматыкай, кубкі для гарбаты і кавы з арыгінальным тэрмадрукам і рознымі вішнёвымі выявамі – гэта своеасаблівае, карыснае ў дамашнім прымяненні, прывітанне з вішнёвай Глыбоччыны і добры падарунак сябрам. Мы прапануем таксама элегантныя наборы для кавы, у якія ўклалі душу натхнёныя вішнёвым святам наведвальнікі аддзялення, практычныя падстаўкі пад гарачыя стравы, тэкстыльныя вырабы з беларускім арнаментам і сімваламі і з вішнёвым прынтам, якія ўпрыгожаць любы дом ці святочны стол. У выставачнай калекцыі элегантныя ўпрыгожанні – стыльныя брошкі, пацеркі, бранзалеты ручной, а таму ўдвая каштоўнай работы, выкананыя з любоўю і ўвагай да кожнай дэталі; блакноты, аўтаручкі, магніцікі, бірулькі, – расказала Наталля Мурзіч. – Заходзьце ў гандлёвы павільён тэрытарыяльнага цэнтра і купляйце ўнікальныя рэчы і сувеніры. Тым самым вы ацэніце і падтрымаеце працу творчых і таленавітых людзей з інваліднасцю. Кожная пакупка стане вашым своеасаблівым укладам у развіццё і сацыяльную адаптацыю нашых падапечных.



2.8900
3.4200
3.7250 
