У вёсцы Шэпелева па вуліцы Зарэчнай, у вялікім прыгожым доме на гары, жыве маладая жанчына. Уцякаючы ад вайны, яна знайшла сваё каханне і шчасце на глыбоцкай зямлі. Юлія Гуляшка – шматдзетная матуля, разам з мужам Віктарам выхоўвае чацвёра сыноў і дачушку. Сёлета напярэдадні 8 Сакавіка Юлія Юр’еўна атрымала дзяржаўную ўзнагароду – ордэн Маці. Але самай большай каштоўнасцю жанчына лічыць магчымасць кожны дзень сустракаць залітыя сонцам і напоўненыя птушыным спевам мірныя світанкі, кахаць і быць каханай, адчуваць падтрымку родных людзей і не баяцца за іх жыццё.
Незайздросны лёс бежанкі
“Калі сям’я шматдзетная, – клопат пра ўсіх адзін, а шчасця многа, – так гаварыла маці Юліі, якая падымала на ногі пяцёра дзяцей. Юлія была чацвёртым па ліку дзіцяці, мела трох сястрычак і брата, расла ў звычайнай працавітай украінскай сям’і, якая жыла ў сяле Камуна Данецкай вобласці.
– Тата памёр у 39 гадоў. Мы засталіся з мамай, ва ўсім дапамагалі. Каб ёй было лягчэй, стараліся хутчэй атрымаць прафесію і пайсці на свой хлеб. Мама раіла, каб я вучылася на маляра-тынкоўшчыка, а я паслухала хросную маму Любу: пасля дзевяці класаў паступіла ў вучылішча на повара. У Першамайску Луганскай вобласці праходзіла практыку афіцыянткай у кафэ. Атрымала дыплом, але працаваць не давялося, бо нарадзіла двух сыноў-пагодкаў. З мужам жылі ў пасёлку Залатое-4 на Луганшчыне. Не думалі, што праз нейкі час ад яго застануцца руіны, а мы станем бежанцамі.
Бяда прыйшла ў ліпені 2014 года. Аднойчы мы ўбачылі самалёт, які праляцеў прама ў нас над галовамі, а праз некалькі хвілін пачулі выбух. Зямля скалатнулася пад нагамі, пасыпаліся шыбы з вокнаў. Чорна-чырвоны слуп дыму і агню падняўся ў неба… Гэта быў пачатак ваенных дзеянняў і нашых скітанняў. У раёне Дэбальцава праходзілі самыя крывавыя баі. Мы жылі ў падвалах, хаваючыся ад абстрэлаў, баючыся за жыццё дзяцей. Рашэнне прынялі на хаду: сабралі чамаданы і скіравалі на Харкаў. Ехалі не да радні, а ў невядомасць, спадзеючыся, што нам пашанцуе і мы знойдзем надзейны прытулак. У дарозе пазнаёміліся з жанчынай, якая толькі прыехала з Беларусі і казала, што там надта спагадлівыя людзі, якія ўсіх прымаюць і ўсім дапамагаюць. Мы паверылі і паехалі туды. Жанчына нас не абманула, нам сапраўды ўсе стараліся дапамагчы. У Бабруйску, напрыклад, работнікі міліцыі за свае грошы купілі нам білеты ў Мінск, але шлях бежанцаў, якія зваліліся на галовы беларусаў, як снег на галаву, быў нялёгкім. У Мінску дзякуючы прадстаўнікам Чырвонага Крыжа, пакуль вырашалася наша пытанне, мы два тыдні бясплатна жылі ў гасцініцы, забяспечаныя ўсім неабходным. Далейшы маршрут прывёў нас у Віцебск, а ўжо адтуль – у вёску Мнюта. Былы старшыня сельгаспрадпрыемства Яраслаў Сенькавец даў нам трохпакаёвую кватэру, узяў на работу. Гаспадарка дапамагла з рамонтам жылля. На малодшага Сашу мне сталі выплачваць штомесячную матэрыяльную дапамогу. Напачатку ў мяне быў дазвол жыць у Беларусі дзевяноста дзён, затым яго працягнулі яшчэ на год. У 2017 годзе я атрымала від на жыхарства, марыла стаць грамадзянкай краіны, якая мяне прытуліла і захінула ад вайны.
Тут мяне ўсё задавальняла: да клімату я прывыкла, работу, заробкі, дзяржаўную падтрымку мела, над галавой ляталі птушкі, а не ракеты, дзецям нічога не пагражала. Жыві ды радуйся, але, на жаль, жыццёвыя перапетыі негатыўна паўплывалі на нашы адносіны з мужам. Не пазваўшы мяне з сабой, ён выехаў у Кіеў, а я з двума дзецьмі засталася на Глыбоччыне, але я зусім не шкадую аб гэтым, – сказала Юлія Юр’еўна.
Агуркі зялёныя, а каханне было спелым
Нейкі час Юлія працавала ў сталоўцы сельгаспрадпрыемства, падчас пасяўной і ўборачнай развозіла абеды механізатарам. Адзін з іх надта любіў агуркі і пастаянна пытаўся, ці прывезла яна іх. Юлія – жанчына гаспадарлівая, кансервацыю сваю мела і вазіла трактарысту марынаваныя агуркі з дому. Мужчына за пару месяцаў, пакуль прывыкаў да смачных агуркоў, паклаў вока на Юлію. Кажа: “Душой адчуў, што яна – мой чалавек”. У Юліі было нешта падобнае: здавалася, што ведала Віктара даўным-даўно.
У маладых людзей, з ужо спісанымі старонкамі асабістай біяграфіі і няўдалым вопытам сямейнага жыцця, не было букетна-цукеркавага перыяду, рамантычных паездак на курорт, песняў пад гітару і кіношных прызнанняў у каханні. Яны проста сышліся, каб быць адным цэлым і разам ісці па жыцці. Іх дарога да афіцыйнага шлюбу была вельмі кароткай і, відаць, ахінёнай Божым клопатам. Юлія і Віктар падалі дакументы ў ЗАГС, думалі, што прыйдзецца доўга стаяць у чарзе на рэгістрацыю, але супрацоўнікі, азнаёміўшыся з іх сітуацыяй, нечакана, праз гадзіну… уручылі ім шлюбныя пасведчанні. Юлія з дзецьмі пераехала ў дом мужа, і яны, як у той казцы, пачалі жыць-пажываць і дабро нажываць.
Гэтым каштоўным дабром сталі трое дзяцей-гарошынак: два сыночкі і дачушка. Алег нарадзіўся ў 2016 годзе – зрабіў такі прыемны падарунак маме напярэдадні яе дня нараджэння. У 2018-м у сям’і засвяцілася новая зорачка – дачушка Святланка. Чатыры гады назад восеньскай парой нара-
дзіўся Міша. Муж не баяўся, што сям’я вялікая, бо сам вырас у шматдзетнай сям’і. Ён радаваўся, што Бог узнагародзіў яго жонкай, якая гатова ісці за ім у агонь і ваду, і маленькімі роднымі чалавечкамі.
На гэтым даброты не скончыліся. Юлія аформіла мацярынскі капітал, які стаў надзейнай “падушкай” фінансавай бяспекі. Па Указе Прэзідэнта краіны №240 муж і жонка ўзялі банкаўскі крэдыт, які выдзяляецца шматдзетным сем’ям на будаўніцтва і рэканструкцыю жылля, дабудавалі і абуладкавалі невялікі раней дом. Цяпер у дачкі, сыноў і ў бацькоў асобныя пакоі. Ёсць утульная зала, дзе вечарамі збіраецца вялікая сям’я. У доме прасторная кухня, дзе ўладарыць гаспадыня. Падведзены паравое ацяпленне і вада.
Споўнілася даўняя запаветная мара Юліі: яна стала грамадзянкай Беларусі і ўдзячна лёсу, што ён прывёў яе ў гэту цудоўную краіну шчырых, працавітых, спагадлівых людзей.
Юлія прызнаецца, што раней, калі яшчэ была жывая мама, яна сумавала па ёй і па сёстрах, якія засталіся на Украіне. За дзесяць гадоў, што пражыла ў Беларусі, жанчына ні разу не сустракалася з роднымі і толькі аднойчы выязджала ў Чарнігаў па вымушанай прычыне: дзеці размалявалі яе пашпарт і яго трэба было мяняць на новы.
– Вайна разарвала сямейныя сувязі, адабрала ў мяне радзіму, але ўзамен у якасці кампенсацыі дала каханне, дзетак, шчасце і цяпер у нашай хаце, у нашых сэрцах круглы год вясна. Вясна на Зарэчнай вуліцы, – кажа Юлія Юр’еўна.
“Мы разам, а значыць, нам усё па плячы”
Да нядаўняга часу Віктар працаваў у сельгаспрадпрыемстве “Мнюта”, цяпер – механізатарам у прыватніка. Юлія – прадавец магазіна “Марка” ў Глыбокім. Кожную вясну дружнай талакой сям’я выходзіць на агароды. Старэйшыя хлопцы дапамагаюць бацьку на зямлі. Алег – бацькаў намеснік па тэхніка-трактарнай справе: ён мазуту не баіцца, рамантуе трактар, шчаслівы, толькі вочы блішчаць. Мішу не выцягнуць з-за руля аўтамабіля – ездзіў бы гадзінамі. Света – маміна памочніца, а сама мама падстаўляе далікатнае плячо ўсім па чарзе.
У сям’і свой трактар, які нядаўна купілі ў лізінг, таму цяпер гаспадар хоча ўзяць больш зямлі. Вясной плануе купіць парасят, завесці карову. Жонка не супраць, бо разумее, што і сваё мяса, і сваё малако – гэта вялікая эканомія.
Хоць у хаце ўсе выгоды, муж пра асобную лазню думае, каб папарыцца з венічкам было дзе.
У вольны час Віктар ездзіць на рыбу і, падобна на тое, што рыбалкай “захварэла” і Юлія. Летась злавіла шчупака, дык радавалася, як дзіця.
Дамашнюю работу, усялякія бытавыя і рабочыя пытанні муж і жонка вырашаюць разам. Удваіх дровы шчапаюць, удваіх кладню складаюць. Жонка інструменты падае, калі муж машыну рамантуе, а ён, калі жонка на працы, становіцца каля пліты і гатуе вячэру. Ды што там вячэру: Віктар і торт спячэ, і розныя прысмакі па інтэрнэт-рэцэптах. Яны не дзеляць работу на тваю і маю, а вось планамі і ідэямі абменьваюцца пастаянна. І калі двое, як адно цэлае, разам у горы і радасці, ім любая справа па плячы!

2.9850
3.4750
3.6750 
