Вера Цяліца: канцэрт-рэквіем “Кожны трэці” — балючая праўда пра Вялікую Айчынную вайну

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

7 красавіка ў Палацы Рэспублікі ў Мінску прайшоў канцэрт-рэквіем “Кожны трэці”, прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, які стаў данінай памяці ўсіх ахвяр і герояў, што аддалі жыццё за наша мірнае сёння. У складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці былі і прадстаўнікі Глыбоччыны: старшыня раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца, кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, прафсаюзныя дзеячы, актывісты раённай арганізацыі ГА “БРСМ”.

Вера Цяліца: “Кожны чацвёрты быў мёртвы – мір і спакой ім вечны. Кожны трэці быў змораны, скалечаны і знявечаны. Кожны другі на целе меў раны, апёкі і шрамы. І ўсе мы, усе мы мелі на душы сваёй раны”, – гэтыя словы беларускага паэта Анатоля Вярцінскага раскрываюць боль і глыбіню народнай трагедыі.

З першых крокаў, убачыўшы, што ў надпісе на вялізным экране пры ўваходзе словы “кожны чацвёрты” былі перакрэслены і выпраўлены на “кожны трэці”, сэрца сціскалася ў журбе. Пабываўшы на выставе, якая была прадстаўлена лінейкай тэматычных карцін, што адлюстроўвалі жудасную рэальнасць, прыходзіла адчуванне вялікай народнай бяды, з якой народ самастойна справіўся, здабыўшы Вялікую Перамогу коштам пяці доўгіх год ліхалецця і мільёнаў страчаных жыццяў.

Да глыбіні душы ўразіла выстава кніг, у якіх былі сабраны ўсе злачынствы нацызма і пра якія гаварылі галасы сведкаў, пратаколы допытаў, копіі актаў з месца раскопак пахаванняў расстраляных ахвяр вайны… У кніжнай экспазіцыі былі матэрыялы па Беларусі і асобна па кожнай вобласці. Кніга ваенных злачынстваў нацыстаў па Віцебшчыне была самай вялікай. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя бяды, якую перажылі нашы дзяды і прадзеды.

Два паверхі заняла выстава “Нашы героі”. На экране праплывалі фотаздымкі і імёны салдат, партызан, падпольшчыкаў, у ліку якіх быў і наш зямляк – Герой Савецкага Саюза Пётр Міхайлавіч Казлоў, якім мы ўсе ганарымся!

У праграме канцэрта было ўсяго 14 нумароў, але яны былі настолькі прафесійна-мастацкімі, душэўнымі, глыбокімі па сэнсе і змесце, што амаль кожны раз прысутныя са слязьмі на вачах уставалі, каб аддаць даніну памяці нашым героям і тым, хто данёс усю праўду аб вайне да сучаснікаў. У іх ліку карэспандэнты, радысты-сувязісты, паштальёны, работнікі тылу. Яны, кожны па-свойму, разам з нашымі пехацінцамі, артылерыстамі, танкістамі, лётчыкамі, разведчыкамі, партызанамі набліжалі доўгачаканую перамогу.

Інфармацыйную аснову канцэрта складалі звесткі аб страчаных падчас вайны і не ўзноўленых пасля яе населеных пунктах Беларусі, пра Герояў Савецкага Саюза, якія нарадзіліся ці загінулі на тэрыторыі краіны, удакладненыя новымі дадзенымі карты канцэнтрацыйных лагераў і знішчаных беларускіх вёсак, рэдкія кадры хронікі, фотадакументы розных перыядаў вайны і пасляваеннага часу, відэа- і фотадакументы, звязаныя з расследаваннем у рамках крымінальнай справы па фактах генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Мы ў чарговы раз пераканаліся, што вера ў перамогу, еднасць, франтавое братэрства – самая моцная сіла, якая здольна пераадолець усе цяжкасці і нягоды. У чарговы раз прыйшло адчуванне каштоўнасці здабытага для нас міру: блакітнага неба, спеваў жаўрукоў, спакойных рабочых ранкаў, сямейных спраў, дзіцячых усмешак… Давайце берагчы і захоўваць чысціню, святло і спакой на бацькоўскай зямлі!

P.S. Абодва дзядулі Веры Міхайлаўны былі партызанамі і загінулі ў баях з нямецкімі акупантамі. За сувязь з партызанскім атрадам фашысты прыгаварылі да расстрэлу іх родных, але ў апошні момант замянілі смерць адпраўкай у Германію. Маці Веры Міхайлаўны была малалетнім вязнем. Каб яе не разлучылі з сям’ёй, працавала нараўне з дарослымі, цярпела голад і здзекі. Вярнуўшыся на радзіму, яна ўсё жыццё не магла глядзець фільмы пра вайну… Маленькія сямейныя трагедыі аб’ядналіся ў адну вялікую, нацыянальную. І пра яе мы не маем права забываць!



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2026

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru