Адзін з лепшых механізатараў раёна, праслаўлены камбайнер-тысячнік з сельгаспрадпрыемства “За Радзіму” Сяргей Сямашка ў ліку першых, хто сёлетняй вясной распачаў новы хлебаробскі сезон. Сустрэліся з ім на ўзгорыстых палях за вёскай Ракаўцы, дзе ён на трактары “Беларус-1221”, агрэгаціраваным раскідвальнікам мінеральных угнаенняў РМУ-7,5П, вёў падкормку шматгадовых траў.
– Настрой аптымістычны, – задаволена ўсміхаецца Сяргей Казіміравіч. – Сустрэў сваю трыццатую хлебаробскую вясну. Такіх ранніх выездаў на палеткі бадай што і не прыпомню. Нечаканы прыход цяпла ў гэтым годзе нас, аграрыяў, і радуе, і засмучае. Сухая восень і бясснежная зіма прывялі к таму, што вільгаці ў глебе – кот наплакаў. Гэты фактар можа адмоўна паўплываць на ўраджайнасць усіх зерневых і зернебабовых.
Ужо амаль два тыдні, як Сяргей Казіміравіч выводзіць свой трактар на палеткі. Як толькі “саспее” глеба і пачнуцца масавыя работы на палях, ён зоймецца сяўбой зерневых і зернебабовых… І так кожны год: спачатку сее, потым – жне. З гонарам выконвае гэту адказную хлебаробскую місію выдатны сельскі працаўнік, прафесіянал і патрыёт.
Як толькі ранні вясновы паток цяпла хлынуў на нашу зямлю, хлебаробы сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “За Радзіму” выехалі на палеткі. Фактычна ўжо другі тыдзень вядуцца першыя вясенне-палявыя работы. Выбарачна, там, дзе тэхніка не прабуксоўвае, аграрыі гаспадаркі пачалі падсеў і падкормку шматгадовых траў, падсяваюць таксама травы пад азімыя.
Усяго ў гаспадарцы пасеяна 1473 гектары азімых зерневых культур і 470 гектараў азімага рапсу. Па стане на 11 сакавіка, на 133 гектарах азотнымі ўгнаеннямі падкормлены азімыя зерневыя, на 881 гектары пашаў унесены калій. На плошчы 257 гектараў падсеяны і падкормлены шматгадовыя травы. Выкананне ўсіх агратэхналагічных прыёмаў павышае ўраджайнасць зерневых. Аб гэтым добра ведаюць і клапоцяцца кіраўніцтва, спецыялісты агранамічнай службы і механізатары сельгаспрадпрыемства “За Радзіму”.
– Сярэднясутачная тэмпература паветра ў першай дэкадзе сакавіка перавысіла ўзровень 5-7 0С, што і абумовіла пачатак вясенняй вегетацыі азімых зерневых культур і азімага рапса. З’яўляюцца новыя маладзенькія карэньчыкі, завяршаецца сток вільгаці, а гэта значыць, неабходна праводзіць першую раннюю веснавую падкормку азотнымі ўгнаеннямі. Менавіта азот, унесены на ранняй стадыі, стымулюе магутнасць кушчэння раслін і развіццё прадуктыўных пабегаў. Таму падкормка азотам вельмі эфектыўная ў раннія тэрміны, – расказвае галоўны аграном УП “За Радзіму” Уладзімір Пачкоўскі. – Пакуль мы яшчэ знаходзімся, так мовіць, на нізкім старце веснавых палявых работ. Але першыя выезды на палі заўсёды адказныя і хвалюючыя моманты ў жыцці кожнага хлебароба. Першымі ў нас вывелі тэхніку на палі Сяргей Сямашка і Віктар Вітко.
Вялікі аб’ём работ на самаходным агрэгаце “Раса” выконвае Віктар Вітко, шчыруе, як кажуць, ад відна да відна. Дзейсная дапамога аказваецца гаспадарцы і з боку Глыбоцкага аграпрамаб’яднання. Найлепшым чынам зарэкамендаваў сябе на палетках нашай гаспадаркі механізатар Аляксандр Лапо. На трактары, агрэгаціраваным РДУ-1,6, ён на працягу некалькіх дзён займаўся падсевам траў па азімым жыце і падкормкай азімых зерневых.
Наперадзе ў хлебаробаў сельскагаспадарчага прадпрыемства “За Радзіму” напружаны і вельмі адказны перыяд – правядзенне массавых вясенніх палявых работ. Яравы клін гаспадаркі бадай што адзін з самых вялікіх у раёне. Сёлетняй вясной тут неабходна пасеяць 1170 гектараў яравых зерневых культур, 1100 – кукурузы і 100 гектараў яравога рапсу. Да веснавой пасяўной падрыхтаваліся з вялікай адказнасцю. Усе, пачынаючы ад дырэктара і заканчваючы механізатарамі, настроены на ўдарную працу.

2.9750
3.4600
3.6400 
