Глыбачанка Ірына Марозава – маладая прыгожая шчаслівая жанчына. Кожнае ранне яе дом асвятляе букет залацістых дзіцячых усмешак. З пяшчотай абдымаюць матулю шэсць пар маленькіх рук. Абсыпаюць пацалункамі твар любімай матулі дачушкі і сыночкі, якім яна падарыла жыццё і чыё дзяцінства аберагае як зрэнку вока. І дзень на роднай глыбоцкай зямлі здаецца сонечным нават у пахмурнае надвор’е.
Любіць родную зямлю і бачыць прыгожае вучылі ў школе
– У СШ №3, якую я скончыла, працавалі таленавітыя настаўнікі, якія ўмелі зацікавіць і ўлюбіць у свой прадмет. Каб вы ведалі, з якім натхненнем тлумачыў нам матэматычныя формулы і задачы Іван Сяргеевіч Храпавіцкі! Ён пісаў на дошцы сухія лічбы і ўраўненні, а здавалася, што музыку па нотах выкладаў. А якімі цікавымі, душэўнымі, глыбока філасофскімі былі ўрокі беларускай мовы і літаратуры Таццяны Фёдараўны Барткевіч! Мы з інтарэсам чыталі творы беларускіх аўтараў, слухалі вершы і мудрыя словы настаўніцы, якая вучыла нас адчуваць душой роднае слова і, без патэтыкі, шчыра любіць Бацькаўшчыну. Не дзіва, што матэматыка і літаратура былі маімі любімымі прадметамі.
А вось любоў да музыкі прывілі выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў, дзе я вучылася па класе фартэпіяна. Музыка прывяла мяне ў прафесію, якую набывала ў Наваполацкім музычным вучылішчы. З дыпломам вярнулася ў Глыбокае. Працавала выкладчыкам у школе мастацтваў, якую скончыла сама. Завочна вучылася на факультэце музычнага мастацтва Віцебскага пед-
універсітэта імя П. М. Машэрава. Музыка стала маёй прафесіяй і маім другім “я”. Яна акрыляла, натхняла, напаўняла духоўна, адкрывала нязведаны свет Божай прыгажосці, да якой так хацелася далучыцца душой, – кажа Ірына Сцяпанаўна.
Дарога да Бога
Яна пачалася з малітваў, якім маці вучыла дачку, з наведвання службаў у храме, працягвалася ўдзелам у мерапрыемствах садружнасці праваслаўнай моладзі ў імя прападобнага Серафіма Сароўскага Глыбоцкага благачыння, сябрам якога Ірына была з юнацкіх гадоў.
– Мы, сябры садружнасці, вывучалі Закон Божы, займаліся дабрачыннасцю, распрацоўвалі валанцёрскія праекты, ладзілі мерапрыемствы. Падчас паездак знаёміліся з культурай і духоўнай спадчынай еўрапейскіх краін. Аб’яднаныя верай, сустракаліся, знаёміліся, мацавалі сяброўскія і міжнародныя сувязі. У 2008 годзе па накіраванні Полацкай епархіі я паехала ў Курск на злёт праваслаўнай моладзі, дзе пазнаёмілася з будучым мужам. Кірыл жыў у Данецку, вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Пачаева на Заходняй Украіне. Нас раздзялялі больш за 1600 кіламетраў. Свет не блізкі, не наездзішся. Мабільнай сувязі яшчэ не было. Адна надзея пачуць любімы голас – хатні правадны тэлефон. Міжнародныя размовы каштавалі дорага, таму я пад прыкрыццём мамы хавалася на верандзе і гаварыла з Кірылам. А тады мы хавалі чэк на аплату ад бацькі, бо каб ён убачыў астранамічныя сумы, абрэзаў бы правады, – з усмешкай расказвае Ірына Сцяпанаўна. – Душа падказвала, што Кірыл – мой чалавек: побач з ім я адчувала сябе ў бяспецы, абароненай, спакойнай, улагоджанай.
У 2011 годзе Кірыл і Ірына абвянчаліся ў глыбоцкім саборы і справілі вяселле. З бацькоўскім блаславеннем і вобразам любай Глыбоччыны, прыхаваным у тайніках душы, Ірына паехала на ра-
дзіму мужа, каб разам з любімым чалавекам несці нялёгкі крыж служэння Богу.
Быць матушкай – вялікая адказнасць
Пасля заканчэння семінарыі муж Ірыны атрымаў прыход, і яна стала яму дапамагаць. Тады і спатрэбіліся навыкі і ўменні, якія атрымала ў свой час ад мамы Валянціны Аляксандраўны: абуладкоўваць быт, быць гаспадыняй, церпялівай і клапатлівай жонкай, пяшчотнай матуляй. І веды, набытыя ў нядзельнай школе пры глыбоцкім саборы, і на ўроках у школе, і захапленне музыкай – усё тут знайшло сваё прымяненне.
– Гэта я на Глыбоччыне для ўсіх проста Іра, а там была матушкай. А быць матушкай – гэта вялікая адказнасць. Да яе ідуць з просьбамі расказаць пра царкоўную службу, традыцыі царкоўнага быту і этыкету, звяртаюцца за парадай па сямейных пытаннях і выхаванні дзяцей. Калі ўзнікае патрэба рамонту храма, рэстаўрацыі царкоўнага адзення, кніг ці ікон, у арганізацыі царкоўнага хору, матушка дапамагае ў вырашэнні і гэтых пытанняў. Яна сама гатуе сталы на прастольныя святы, сустракае гасцей, сочыць за парадкам у храме. А яшчэ ўтрымлівае дом, займаецца дзецьмі, бо муж-святар найперш клапоціцца пра сваю паству, а не пра сямейны камфорт і дабрабыт.
Місія матушкі не служыць Хрысту, а ўвасабляць Яго запаведзі ў жыцці, не вучыць
ісцінам Евангелія, а ўласнымі ўчынкамі, самаахвярнасцю, дабрадзейнасцю пацвярджаць іх, быць прыкладам паводзін для прыхаджан. Шлях жонкі святара – нялёгкі, бо ў яе шмат абавязкаў і патрэбна самаадрачэнне ад уласнага жыцця, на што не кожны здольны. Але калі ўспрыняць
гэты крыж як Божы дар, то служыць Царкве стане ў радасць, – вось такую жыццё-
вую філасофію вывела для сябе матушка Ірына за дзесяць гадоў служэння Богу. –
Без Бога мы ніхто і нішто. Толькі шчырая вера дапамагае ў цяжкі час, толькі надзея на Усявышняга дае сілы ў бязвыхадных сітуацыях, толькі любоў здольна вытрымаць усе нягоды.
І гэта не проста прыгожыя словы. Іх сутнасць, значнасць і сілу Ірына адчула, калі з дзецьмі і з Богам у душы пакідала ахопленую вайной Украіну і ехала на родную Глыбоччыну.
Дзе сям’я, там і шчасце
На Данеччыне для Ірыны ўсё было новым: прырода, клімат, быт, традыцыі. Беларускія бярозкі толькі ў сне бачыла, а ў рэальнасці – сухі бясконцы стэп і гарачыня. Але за дзесяць гадоў прызвычаілася і да мясцовасці, і да спёкі, і да ўкладу жыцця. Жыла шчаслівая ад таго, што побач любімы муж і дзеці: пагодкі Ліза і Насця, Ульяна, сыночкі Мікіта і Марк.
– Для мяне сям’я мамы, у якой гадаваліся чацвёра дзяцей, была добрым прыкладам. Памятаю, як на Вялікдзень за святочным сталом у нас збіраліся па дваццаць чалавек радні. Шумна, голасна, весела. Частаваліся, спявалі, жартавалі. Было адчуванне, што род – гэта сіла і апора для кожнага ў любы час. Таму мяне шматдзетнасць не пужала, а наадварот: я ганарылася ёй.
Калі пачалася вайна ва Украіне, на душы жанчыны было трывожна і сумна.
– Муж застаўся несці службу на Данеччыне. Я з дзецьмі, на дзевятым месяцы цяжарнасці, з адным чамаданам ехала ў Беларусь. Не ведала, як будзем жыць, што будзе далей? Але атрымала тое, што Богам адмерана: ні больш, ні менш – колькі трэба.
У цяжкі час да нас прыхінуліся землякі, прыхаджане сабора і дзяржава, якая падтрымала нас фінансава. Родныя, суседзі, аднакласнікі, зусім чужыя і незнаёмыя глыбачане прывозілі дзецям адзенне, абутак, усё неабходнае для жыцця. Не адзін раз дапамагалі фінансава Віктар Мар’янавіч Шчэбет з жонкай Марыяй Іванаўнай, за што ім нізкі паклон. Глыбачане здзівілі мяне бязмежнай добразычлівасцю, спагадай і міласэрнасцю. Дзяцей без праблем прынялі ў школу і ў дзіцячы садок. Да іх з разуменнем адносіліся настаўнікі і равеснікі. Хутка мае дачушкі і сыночкі знайшлі сабе сяброў. Яны і раней прыязджалі на канікулы да бабулі, бо тут ім вельмі падабалася, а цяпер яны кажуць, што лепш за Глыбокае няма горада на свеце.

Цяпер Ірына працуе канцэртмейстарам у дзіцячай школе мастацтваў. Замяняе сваю былую настаўніцу Таццяну Барткевіч на пасадзе кіраўніка нядзельнай школы пры саборы Ражджаства Прасвятой Багародзіцы. З’яўляецца адным з арганізатараў мерапрыемстваў Садружнасці праваслаўнай моладзі.
– Як і што будзе далей – не ведаем. На летніх канікулах паедзем на Данеччыну, да нашага таты. Магчыма, як там усё абціхне, пакінем Глыбоччыну, бо сям’я павінна жыць разам. Але малая радзіма, як і вера ў Бога, была, ёсць і застаецца для мяне крыніцай жыватворнай сілы, – сказала Ірына Марозава.

2.9850
3.4750
3.6750 
