«Наш абавязак – выканаць загад і застацца жывымі», — успаміны воіна-інтэрнацыяналіста Уладзіміра Ціханава

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

У складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войск, якія больш за дзевяць гадоў выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, было каля 30 тысяч беларусаў, з іх больш за 770 загінулі. Многія атрымалі цяжкія раненні, некаторыя прапалі без вестак. Цяпер у Беларусі пражывае больш за 20 тысяч ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, сярод якіх 455 інвалідаў. Усіх, хто прайшоў праз афганскае пекла, вастрэй за лязо брытвы рэжуць успаміны пра былое, і рэха той вайны да цяперашняга пад сэрцам болем адгукаецца. Глыбачанін Уладзімір Ціханаў, былы служачы чацвёртага ўзвода трэцяй роты 145-га асобнага батальёна войск спецыяльнага прызначэння, адзін з тых, на чыё юнацтва выпалі ваенныя гады. Ён з годнасцю выканаў місію воіна-інтэрнацыяналіста, вярнуўся ў Глыбокае, працуе і шчасліва жыве пад купалам мірнага неба на малой радзіме.

Хацеў служыць у элітных войсках

У падлеткавым узросце Валодзя Ціханаў ганяў з аднагодкамі мяч, катаўся на мапедах і матацыклах, хацеў хутчэй стаць дарослым, служыць у элітных паветрана-дэсантных войсках, марыў, каб яго прыгожай формай любаваліся дзяўчаты. Усё так і адбылося: трапіў у спецназ, гледзячы ў твар смерці, пасталеў на вайне, якая навучыла яго дзякаваць Богу за кожны пражыты дзень.

– Да арміі я скончыў глыбоцкую СШ №1 і Мінскае вучылішча мантажнікаў. Прызвалі мяне ў чэрвені 1986 года. На той час мы ўсе хацелі служыць, бо лічылася, што армія рабіла з юнакоў сапраўдных мужчын, адказных і самастойных, загартоўвала фізічна, вучыла трываласці і жыццёвай спрактыкаванасці. Да таго ж раней на тых, хто ў арміі не быў, дзяўчаты не глядзелі, танцаваць не ішлі, думалі, што хворы ці непаўнацэнны – як з такім пра сям’ю і дзяцей думаць? Я агульнапрынятым у грамадстве меркам адпавядаў, – гаворыць Уладзімір Адамавіч. – Вучэбку праходзіў у Ашхабадзе, пяць з паловай месяцаў вучыўся на зенітчыка. Ведаў, што нас рыхтуюць для адпраўкі ў Афганістан, але ўспрымаў гэту ваенную камандзіроўку з юнацкім максімалізмам і рамантызмам. Перад адпраўкай у кожнага з нас пыталіся, ці хочам у Афганістан. Адмовіліся толькі двое. Астатнія пагрузіліся ў вялізны ІЛ і вылецелі ў Кабул. Усё было новым, цікавым, ніякага страху не адчуваў. Страх і бязмернае жаданне жыць прыйшлі пазней, калі засталося сто дзён да загада аб дэмабілізацыі.

Афганскія будні

У Кабуле “купцы” забралі Уладзіміра Ціханава ў 145-ты асобны батальён войск спецыяльнага прызначэння, які дыслацыраваўся пад Джалалабадам, у 150 кіламетрах ад сталіцы па трасе Кабул-Пешавар. Воінская часць уяўляла сабой міні-гарадок у чыстым полі, акружаны гарамі.

– Тут былі каменныя казармы, плацы для трэніровак і стрэльбаў, навесы для танкаў і грузавой тэхнікі, пякарня, сталовая, лазня з басейнам. Побач размяшчаўся 66-ты зенітны полк, які заўсёды забяспечваў агнявое прыкрыццё пры правядзенні заданняў. На ўзбраенні палка былі рэактыўныя сістэмы залпавага агню, так званыя “Грады”, а ў нашым батальёне – ЗСУ-24, самаходныя чатырохствольныя ўстаноўкі, вядомыя як “Шылкі”. Калі я вёў з іх абстрэл, было ўражанне, што працавала швейная машынка: нібы радок страчыла, выпускаючы за хвіліну дзясяткі снарадаў. Душманы баяліся, ведалі, што на адкрытай мясцовасці мы перамалоцім іх за пяць хвілін, таму толькі ўпрыцемках з гор у наш бок пастрэльвалі, – расказвае Уладзімір Адамавіч. – Падчас баявых дзяжурстваў мы абляталі на “вяртушках” падведамасныя тэрыторыі, выяўлялі караваны душманаў, якія праз пакістанскую мяжу патайнымі сцежкамі праз горы і цясніны дастаўлялі ў Афганістан зброю, міны, наркотыкі, грошы, літаратуру. Убачыўшы караван, перадавалі каардынаты ў 66-ты полк. Саслужыўцы “апрацоўвалі” ўказаны квадрат “градамі”, а пасля мы даводзілі справу да канца: бралі палонных, канфіскоўвалі зброю. Не ведаю, дзе яны бралі, але сярод аўтаматаў была рарытэтная зброя XVIII стагоддзя: стрэльба з аднаго выстрала прабівала нашы БМП. Вось вам і “стар’ё” даўнейшае. Мы нават нашу “Кацюшу” часоў Вялікай Айчыннай вайны аднойчы знайшлі ў схованках.

На першы погляд звычайныя дзяжурствы, але на самой справе многія з іх заканчваліся трагічна. На вачах Уладзіміра душманы збівалі нашы верталёты. Яны развальваліся на кускі ў паветры, плавіўся метал, гарэлі людзі. Сам не раз выцягваў з-пад абстрэла і дастаўляў у шпіталь параненых і адпраўляў у Саюз “груз 200”. За паўтара года службы ў 145-м асобным батальёне, дзе напачатку было паўтысячы ваеннаслужачых, жывых засталося 250 чалавек.

– Афганістан быў фільмам жахаў, у якім кожны іграў адведзеную яму ролю. Трэба было трываць і трымаць сябе ў руках, пераконваць, што ўсё гэта – з’ява часовая, што вайна закончыцца, і я буду спакойна жыць далей. Такая самаўстаноўка, уменне сціснуць свае ўражанні і думкі ў кулак і не даваць ім волю, па-сапраўднаму бацькоўскі клопат афіцэраў пра ваеннаслужачых, моцнае франтавое брацтва, дапамагалі ў службе і набліжалі чаканы дэмбель, – кажа мужчына.

Пра вярблюджыя калючкі і глыбоцкую згушчонку

Небяспечныя дзяжурствы і вылеты, замініраваныя сцежкі, на якіх кожны крок мог стаць апошнім, смерць таварышаў, непрывычная спёка, інфекцыйныя хваробы, сум па радзіме – усё прыйшлося перацярпець.

– Акрамя небяспекі з боку душманаў, нас падсцерагалі інфекцыі па прычыне адсутнасці чыстай пітной вады. Самым простым і дзейсным спосабам дэзінфекцыі і прафілактыкі інфекцыйных захворванняў быў чай, завараны з вярблюджых калючак. А вось харчовае забеспячэнне было арганізавана на пяцёрку. Кармілі добра. У сухпаёк, які выдавалі на дзяжурствы, уваходзілі фруктовыя супы, каўбасы, сасіскі, замест хлеба – галеты, такое сухое, накшталт дыетычнага, пячэнне. Каб ежа лепш і даўжэй захоўвалася, усё ўпакавана ў бляшанках. У “чапку”, батальённым магазіне, было навалам тавараў венгерскай, чэхаславацкай, балгарскай, савецкай вытворчасці. І была наша глыбоцкая згушчонка, якая пахла домам, прывезеная за 4 600 кіламетраў! – успамінае Уладзімір Адамавіч. – Нам за службу давалі чэкі, і мы ўсё гэта маглі купіць. Я, як сяржант, атрымліваў па 27 чэкаў у месяц. Збіраў іх на дэмбель, каб набыць у магазінах ваенторга імпартныя тавары ў падарунак бацькам і сваякам: красоўкі “Адзідас” ці гадзіннік наручны на восем мелодый, наборы касметыкі ці магнітафон. Жывыя думаюць пра жывое: мы чакалі дэмбеля, сустрэчы з роднымі і думалі, чым іх парадаваць. Дэмабілізаваўся Уладзімір Ціханаў у маі 1988 года. У пачатку дзевяностых ён быў узнагароджаны медалём “За адвагу”, але самай каштоўнай узнагародай лічыць тое, што вярнуўся з вайны.

– Мы прымалі прысягу. Наш абавязак – выканаць загад і застацца жывымі. І на ўласным прыкладзе вучыць маладое пакаленне галоўнаму: не дапускаць войн на нашай зямлі, бо ў гэтым і заключаецца сапраўдны патрыятызм, – перакананы Уладзімір Адамавіч.

Шчаслівы тут і цяпер!

Пасля дэмабілізацыі Уладзімір працаваў па спецыяльнасці на Мінскім заводзе металаканструкцый, затым – у мантажным упраўленні. Будаваў малочны камбінат у Лагойску, кампрэсарную станцыю на Глыбоцкім мясакамбінаце, дзе і застаўся працаваць. Затым перайшоў у “Сельгасэнерга”, цяпер рупіцца на адным з прыватных прадпрыемстваў. Бацька двух дзяцей. Ён за здаровы лад жыцця: любіць веласіпед і пешыя прагулкі. Кажа, што рух – аснова яго жыцця.

– Як былы афганец атрымліваю дзяржаўную падтрымку. Некалькі разоў бясплатна лячыўся ў рэспубліканскім цэнтры рэабілітацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў у Віцебску. Маю права на бясплатны праезд у грамадскім транспарце. Атрымліваю штомесячную даплату па інваліднасці, якую атрымаў у мірны час. Ведаю, што ў новым законе, які ўступіць у сілу ў маі, для ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў прадугледжаны льготы ў жыллёвай і працоўнай сферах, пенсійным забеспячэнні. Але я не чакаю ад жыцця занадта многа: вярнуўся з вайны, мама жывая, ёсць дзеці, жыву і працую на радзіме пад мірным небам. Шчаслівы тут і цяпер!

телеграм

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2026

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru