Выставка «маляваных дываноў» глубочанки Светланы Сковырко работает в Санкт-Петербурге

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Выстава маляваных дываноў «Цудоўныя гісторыі на палатне» майстра Глыбоцкага Дома рамёстваў, народнага майстра Беларусі Святланы Скавырка працуе у гэтыя навагодне-калядныя дні ў арт-галерэі «Туці Кванці» ў Санкт-Пецярбургу.

Дзесяць гадоў таму, у снежні 2014-га, маляваныя дываны Віцебскага Паазер’я ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Для майстра народных мастацкіх рамёстваў Глыбоцкага Дома рамёстваў Святланы Скавырка гэта дата знакавая. Маляванкай, ці, калі дакладней, роспісам па палатне Святлана Анатольеўна займаецца каля дваццаці гадоў. За творчую працу па вывучэнні і адраджэнні маляваных дываноў у 2016 годзе ёй прысвоена ганаровае званне “Народны майстар Беларусі”.

Колькі арыгінальных, высокамастацкіх работ створана мастаком за гэты час – не падлічыць! Але Святлана не толькі малюе. Па-сапраўднаму захопленая сваёй справай, яна шмат робіць для таго, каб пра адметнасць глыбоцкай малянванкі і пра маляваныя дываны як унікальную, самабытную з’яву дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ведала як мага больш людзей.

Народны майстар пастаянна ўдзельнічае ў выставах, конкурсах і фестывалях, праводзіць майстар-класы для шматлікіх гасцей нашага горада. І сама часта падарожнічае, прычым не толькі па Беларусі. Два гады таму, напрыклад, прэзентавала маляваныя дываны ў Кыргызстане, дзе праходзілі Дні культуры Беларусі. А сёлета няпярэдадні навагодніх святаў выстава маляваных дываноў Святланы Скавырка пад назвай “Цудоўныя гісторыі на палатне” адкрылася ў Санкт-Пецярбургу.

–За такую цудоўную магчымасць расказаць пецярбуржцам пра нашы маляваныя дываны і пра маленькі прыгожы беларускі горад Глыбокае я вельмі ўдзячная Святлане Шаршнёвай. Святлана Уладзіміраўна глыбачанка, жыве ў Пецярбургу, а летам заўсёды прыязджае на малую радзіму і з задавальненнем наведвае гурток “Гармонія” ў тэрытарыльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе пад маім кіраўніцтвам людзі залатога ўзросту займаюцца маляваннем. Ідэя выставы ў Пецярбургу належыць менавіта Святлане Уладзіміраўне. Яна і пазнаёміла мяне з Ксеніяй – гаспадыняй арт-галерэі “Туці Кванці”, – расказала Святлана Скавырка. – У Пецярбург я прывезла калекцыю з пятнаццаці сваіх маляванак на навагодне-калядную тэму, у ліку якіх маляванкі пад назвай “Водар апельсінаў», «Водар герані» і «Водар Ражджаства”, якія так натхнілі Ксенію, што яна не толькі ўпрыгожыла ёлку, але купіла напярэдадні адкрыцця выставы апельсіны і герань у вазонах, каб удзельнікі майстар-класа акунуліся ў святочную атмасферу.

Пакуль жыхары паўночнай сталіцы спасцігалі азы традыцыйнага беларускага рамяства, Святлана Скавырка паказвала прэзентацыю пра Глыбокае, расказвала пра багатую гісторыю нашага горада і яго галоўныя сімвалы – сабор Ражджастава Прасвятой Багародзіцы і касцёл Святой Троіцы. Гаварыла пра нашага знакамітага земляка Язэпа Драздовіча і, канечне, пра унікальнаць беларускіх маляваных дываноў. Удзельнікі мерапрыемства пачулі пра маляванкі ўпершыню і дзякавалі Святлане за цікавы аповед і майстар-клас.

 Выстава Святланы Скавырка будзе працаваць у арт-галерэі “Туці Кванці” ў Санкт-Пецярбургу да канца студзеня.

Фота з архіва Святланы Скавырка.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru