Жанчыны паспяваюць рабіць многае: быць матулямі і аддаваць сэрца дзецям, аб’ядноўваць людзей на добрыя справы, радаваць творчасцю, быць выдатнымі спецыялістамі і паспяховымі кіраўнікамі, аптымісткамі і актывісткамі па жыцці. У ліку такіх жанчын глыбачанка Алеся Пучынская – бухгалтар Глыбоцкіх электрычных сетак, “Жанчына года-2023” у намінацыі “Духоўнасць і культура”.
Музыка праз пакаленні
Спяваць Алеся навучылася перш, чым пісаць і чытаць. Любоў да музыкі перадалася ёй ад продкаў. Дзед быў скрыпачом-самавучкам, бабуля спявала ў царкоўным хоры ў храме Узнясення Гасподняга ў вёсцы Парэчча. Галасістыя матуля і родная цёця. Дзяўчынка, калі прыйшоў час паступаць у Браслаўскую дзіцячую школу мастацтваў, хацела іграць на фартэпіяна, але бацькі параілі ёй баян. Маўляў, з такім інструментам на любым вяселлі ў пашане будзеш: і наспяваешся там, і грошы заробіш.

Акрамя вучобы ў музычнай школе Алеся займалася ў тэатральным гуртку пры гарадскім Доме культуры. Творчасць не перашкаджала дзяўчыне быць выдатніцай у школе: Браслаўскую СШ№2 скончыла з залатым медалём. Перад ёй было поле самастойнага жыцця: выбірай напрамак і рухайся да мэты. Выбраць прафесію, звязаную з культурай, Алеся не адважылася, бо і бацькі, і настаўнікі, зыходзячы з рэальнасці, раілі ёй больш прэстыжную і аплатную спецыяльнасць.
– Я паступіла ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на эканоміку і кіраванне на прадпрыемствах. Лёгка паступіла, лёгка вучылася, а вольны ад лекцый час прысвячала любімай справе. Была членам студэнцкага клуба ўніверсітэта. Займалася вакалам пад кіраўніцтвам Святланы Заборскай, выкладчыцы Наваполацкага музычнага вучылішча. Выступала ў Доме культуры будаўнікоў. Ездзіла з канцэртнымі праграмамі па воінскіх часцях. Была пастаяннай удзельніцай навагодніх “Блакітных агеньчыкаў”, канцэртных праграм, прысвечаных Дню жанчын і іншым знакавым датам. Музыка і песня былі маімі лепшымі сяброўкамі. Яны натхнялі мяне, давалі сілу, дарылі настрой, і ім я дзялілася з маімі слухачамі, – расказвае Алеся Валер’еўна. – Я па жыцці непаседа, эксперыментатар, адкрытая да навучання, ведаю, як важна самаўдасканальвацца, не спыняцца на дасягнутым. Але спрабуючы сябе ў розных сферах, засталася вернай песні, бо яна – магчымасць для самавыражэння, мая душа, мая любоў і мой лёс. І гэта не пустыя словы, а ісціна, даказаная жыццём.
З чырвоным дыпломам і песняй – у самастойнае жыццё
Алеся скончыла ўніверсітэт з адзнакай. Атрыманыя веды і навыкі прымяняла ў калгасе імя Кірава, працуючы эканамістам. Затым перайшла на эканаміста ў Глыбоцкі доследны лясгас. З лістапада 2009 года яна – бухгалтар па ўліку асноўных сродкаў у філіяле “Глыбоцкія электрычныя сеткі” РУП “Віцебскэнерга”. Без праблем давала рады лічбам і справаздачам, а вечарамі і ў выхадныя дні спяшалася на рэпетыцыі ў студыю “Архіў” Глыбоцкага ГДК і ў народны камерны хор пад кіраўніцтвам Дар’і Волкавай, падбірала рэпертуар, рыхтавала касцюмы. Прызнаецца, што кожны раз, выходзячы на сцэну, адчувала большую адказнасць і хваляванне, чым падчас экзаменаў у ВНУ.
Дарэчы, музыка пазнаёміла Алесю з будучым мужам і дапамагла знайсці сапраўднае каханне. Дзесяці месяцаў знаёмства хапіла маладым людзям, каб упэўніцца, што яны – дзве палавінкі аднаго цэлага. Танец, на які дзяўчына запрасіла Сяргея, стаў лёсавызначальным: прывёў іх да вяселля, і вось ужо адзінаццаць гадоў яны разам ідуць па жыцці.
– Пашанцавала, што мы з мужам блізкія па духу людзі. Нас аб’ядноўваюць не толькі ўзаемныя пачуцці, але і творчасць. Падчас вучобы ў Глыбоцкім ліцэі Сяргей займаўся ў танцавальным гуртку пад кіраўніцтвам Маргарыты Цветнікавай, актыўна ўдзельнічаў у мерапрыемствах. Цяпер ён не толькі падтрымлівае мае захапленні – ён заўсёды прыходзіць на канцэрты з маім удзелам і ахвотна выступае ў пары са мной як вядучы. А яшчэ нас запрашаюць удзельнічаць у спектаклях у ролі закаханых, бо, як кажа рэжысёр, нам, каб сыграць натуральныя пачуцці, намагацца не трэба, –
гаворыць Алеся.
Алеся Валер’еўна – маці дзвюх дачушак, выдатная гаспадыня. Калі знаходзілася ў водпуску па доглядзе за малодшай Ірынкай, без справы не сядзела. Пякла торты, хлеб на заквасе. Нават падумвала аб адкрыцці ўласнай пякарні. Рукі працавалі, душа спявала і напаўнялася радасцю, з якой жанчына сустракала кожны новы дзень.
Малітоўныя спевы ў падзяку Усявышняму за Яго дар
– Я чалавек веруючы. З гадамі зразумела, што Усявышні шчодра адарыў мяне ад нараджэння, і што ў падзяку я павінна скіраваць гэты дар на служэнне Богу. Лічу сваёй маленькай місіяй – несці святло Божае людзям праз творчасць. З 2011 года спяваю ў царкоўным хоры сабора Ражджаства Прасвятой Багародзіцы. Гэтае рашэнне стала для мяне нялёгкім выпрабаваннем. Цэлы год вучыла тэксты малітваў, хадзіла на рэпетыцыі. Раней зімой у храме было холадна. Закутвалася ў шалікі і хусткі, прымушала сябе думаць не пра ўмовы быцця, а пра малітвы, з якімі звяртаюся да Бога ад імя ўсіх прыхаджан. Укладала ў спевы душу, старалася, каб мая радасць ад служэння Богу перадалася ўсім, хто прыйшоў Яму пакланіцца, пакаяцца і падзякаваць. З цягам часу прызвычаілася, асвоілася, цяпер з малітвай і радасцю бягу знаёмай сцяжынкай на паклон Спасіцелю нашаму, – шчыра дзеліцца пачуццямі Алеся Валер’еўна.
З 2023 года яна спявае ў хоры Беразвецкага жаночага манастыра ў гонар Архістраціга Божага Міхаіла. Яшчэ адной прыступкай духоўнага росту лічыць удзел у Архіерэйскім хоры, куды яе запрасілі знаёмыя, члены Садружнасці праваслаўнай моладзі ў імя прападобнага Серафіма Сароўскага Глыбоцкага благачыння. Вось ужо чатыры гады Алеся Валер’еўна
разам з хорам удзельнічае ў богаслужэннях, якія праводзіць у храмах Віцебшчыны епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. З хорам пабывала ў многіх мястэчках вобласці. Спявала падчас асвячэння храмаў Архістраціга Божага Міхаіла ў Глыбокім, у Верхнядзвінскім і Шаркаўшчынскім раёнах, у вёсцы Пліса, дзе пасля рамонту адчыніла дзверы царква святой Параскевы Пятніцы, у снежні гэтага года – з нагоды юбілейнай службы ў Вярхнянскай царкве…
Пражыць жыццё светла, прыгожа і цікава
А яшчэ Алеся Валер’еўна ўдзельнічае ў конкурсах, якія лічыць выдатнай школай самаўдасканалення, развіцця творчых здольнасцей і абмену вопытам. У рэспубліканскім конкурсе “Беларуская Рамансіяда”, які арганізавалі Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння і Маскоўскі Дом раманса з мэтай прапаганды беларускай культуры, пошуку маладых талентаў, умацавання духоўнай еднасці пакаленняў у мастацтве, удзельнічалі студэнты ВНУ, выкладчыкі музычных школ, вакалісты-аматары. Алеся з дапамогай канцэртмейстара Алы Куніцкай, выкладчыцы Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў, падрыхтавала запіс відэавыступлення, які прайшоў першы адборачны тур.
– Вочнае праслухоўванне праходзіла ў казачна прыгожай Белай зале Нацыянальнага мемарыяльнага комплекса “Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах выратаванню Айчыны нашай паслужыўшых” у Мінску, куды была запрошана і я. У маёй намінацыі было сем удзельнікаў, у асноўным прафесіяналы. Канкурэнцыя вялікая, стартавыя магчымасці няроўныя. Я не прайшла ў фінал, але рукі не апусціла. Наадварот, атрымала асалоду ад творчага працэса, знаёмства з таленавітымі людзьмі, рэальна ацаніла свае магчымасці і гатова зноў стаць удзельніцай творчых спаборніцтваў.
У Алесі Пучынскай на ўсё хапае часу. Яна займаецца ў танцавальным гуртку “Лайт-дэнс” пры Глыбоцкім Доме культуры, а яшчэ – плаваннем і фітнесам. Актывістка пярвічкі прадпрыемства раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”. Менавіта гэтае грамадскае аб’яднанне і вылучыла Алесю Валер’еўну на атрыманне ганаровага звання “Жанчына года”.
– Я шчаслівая тым, што каханая і кахаю, што ў мяне дзве цудоўныя дачушкі – мая радасць і мой працяг, што магу служыць Богу. Жыву, працую, спяваю не дзеля званняў і заслуг, але такая высокая ацэнка маёй дзейнасці, вядома ж, прыемная. На Каляды і Новы год жадаю ўсім духоўнага здароўя, любові, дабрабыту, яркага святочнага настрою. Жывіце светла, прыгожа і цікава! – пажадала Алеся Валер’еўна.