5 снежня – Дзень валанцёраў, яго поўная назва – Міжнародны дзень добраахвотнікаў у імя эканамічнага і сацыяльнага развіцця. У гэты дзень падзякі за дабрыню, міласэрнасць і самаахвярную дапамогу прымаюць людзі, якія вераць, што жыццё ўсім нам дадзена на добрыя справы і ў гэтым – чалавечае шчасце.
– У грамадскай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК) працуюць больш за трынаццаць з паловай тысяч валанцёраў. Створаны каманды “Дапамога” для хуткага рэагавання на розныя крызісныя сітуацыі. У раёне таксама працуе ініцыятыўная група “Дабрыня”, актыўныя члены якой – людзі розных прафесій і ўзростаў, з вялікім жаданнем дапамагаць бліжнім. Нашы валанцёры – універсальныя памочнікі: яны аказваюць дапамогу перасяленцам, ветэранам вайны і працы, нямоглым і інвалідам на даму і ў сацыяльных прытулках, няпоўным і шматдзетным сем’ям, падчас пандэміі і розных надзвычайных сітуацый. Мы не дубліруем функцыі сацыяльных работнікаў, бо робім акцэнт на маральнай падтрымцы і наладжванні сацыяльных сувязей грамадзян, якія пазбаўлены магчымасці самастойна перамяшчацца, – гаворыць старшыня раённай арганізацыі БЧК Ірына Кучарава. – Раней валанцёрства пачыналася са студэнцкага ўзросту, а цяпер валанцёрамі могуць стаць школьнікі-падлеткі ці пажылыя людзі, актыўныя па жыцці, якія хочуць прыносіць карысць бліжнім. Мы цесна супрацоўнічаем з установамі адукацыі, бо лічу, што для падрастаючага пакалення валанцёрства – гэта адзін з дзейсных элементаў патрыятычнага выхавання. Выдатна, калі піянеры дапамагаюць ветэранам вайны, разам з сябрамі ГА “БРСМ” даглядаюць воінскія захаванні, удзельнічаюць у акцыях, скіраваных на захаванне прыроды. Гэта канкрэтныя крокі ад малога да маладзёжнага валанцёрства. Дзеці змалку павінны пазбаўляцца раўнадушша, не праходзіць міма чужой бяды, быць спагадлівымі, імкнуцца дзяліцца дабрынёй з тымі, хто чакае дапамогі. Таму мы ўдзельнічаем у сумесных з аддзелам адукацыі праектах. Праводзім сустрэчы ў школах, у раённай гімназіі, расказваем пра валанцёрства і магчымасці стаць членамі каманды дабравольцаў.
У нас наладжаныя кантакты з раённым саветам ветэранаў і тэрытарыяльным цэнтрам, бо там мы знаходзім валанцёраў сярэбранага ўзросту: ініцыятыўных і дабразычлівых, здольных сагрэць словам і падтрымаць справай, бо ў іх хапае на гэта часу і духоўнага запасу, людзей мудрых і вопытных, якія могуць стаць настаўнікамі для пачаткоўцаў, удзельнічаць у дабрачынных акцыях, у тым ліку кшталту роўня дапамагае роўні.
Трэба сказаць, што ў раёне ўжо рэалізаваны тры праекты на платформе БЧК сумесна з Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеем, скіраваныя на індывідуальную работу з пажылымі грамадзянамі і інвалідамі: “Падзяліся кропелькай дабрыні”, “Свет з інтарэсам адкрываецца”, “Для пазнання свету няма перашкод”. У рамках праекта валанцёры Алена Зібарава, Леанарда Рабіза, Лідзія Раманчук, Наталля Богук, Ніна Жук, удзельнікі групы “Прашкаўчанка” разам з Ірынай Кучаравай бывалі ў бальніцах сястрынскага догляду, віншавалі пацыентаў са святамі, прывозілі ім пачастункі, радавалі міні-канцэртнымі праграмамі. З дапамогай сучасных тэхналогій арганізоўвалі для састарэлых ляжачых грамадзян віртуальныя экскурсіі: “Мястэчка Глыбокае”, “Рэха вайны. Памяць сэрца”, “Святыні Глыбоцкага краю”, “Падарожжа па Вішнёвай сталіцы”.
У лістападзе пры падтрымцы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які прадставіў транспарт, старшыня РА БЧК Ірына Кучарава, кіраўнік праекта “Пазнанню свету няма перашкод” Алена Зібарава, старшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Хайноўскі, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Алеся Шэленгоўская пабывалі ў Ломашах, Сяменчыках і ў Верхнім. У рамках дабрачыннай місіі прапаноўвалі пажылым вяскоўцам гуманітарную дапамогу, а таксама арганізавалі віртуальны кінатэатр.
– У Ломашах людзі пажылога ўзросту сабраліся ў бібліятэцы, а ў Сяменчыках – у хаце старэйшыны Яўгеніі Папёл. У Верхнім сустрэчы з вяскоўцамі, пажылымі людзьмі і інвалідамі, прайшлі таксама ў бібліятэцы і ў хаце старэйшыны вёскі Аліны Філіповіч. Згадвалі гісторыю калгаса імя Чапаева, легендарнага старшыню Максіма Аляксандравіча Клімянка і іншых заслужаных працаўнікоў палёў і ферм, гаварылі пра цяперашняе жыццё. Пабачыліся, успомнілі маладыя гады, а затым з дапамогай 3D-сістэм адправіліся ў віртуальнае падарожжа. Многія вяскоўцы пажылога ўзросту ўжо не выязджаюць за межы населеных пунктаў, таму былі ўдзячны за сустрэчу, якая закончылася пасядзелкамі за дамашнім сталом з прысмакамі і гарбатай. Людзі павінны сустракацца, атрымліваць новыя ўражанні і жыць з надзеяй, што новы дзень будзе больш пазітыўным, – сказала Алена Зібарава.
– Я ўдзячна маім памочнікам, членам ініцыятыўнай групы “Дабрыня” за выбар на карысць валанцёрства. Нізкі паклон усім валанцёрам раёна, якія ў буднях знаходзяць час для дабрыні. А тых, хто яшчэ не пры справе, запрашаю ў нашу каманду. Паверце: ваш клопат і намаганні не прападуць дарэмна, – заклікала Ірына Кучарава.