На мінулым тыдні ўзорны лялечны тэатр “Дзіковінка” раённага цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці паказаў спектакль “Зялёны агеньчык” (аўтарская распрацоўка Дзмітрыя Рыгавіна). На прэм’еру, што адбылася на сцэне цэнтра культуры, артысты запрасілі заўсёдных і самых удзячных сваіх гледачоў – вучняў 1-2 класаў. У бліжэйшы час пастаноўку пабачаць і дашкольнікі. Ужо па традыцыі, лялечнікі плануюць невялікі гастрольны тур па дзіцячых садах нашага горада.
Некалькі слоў пра новы спектакль. Гэта простая, але вельмі павучальная гісторыя пра тое, якая бяда можа здарыцца, калі не ведаць і не выконваць правілы дарожнага руху. Галоўныя героі пастаноўкі – міліцыянер дзядзька Сцёпа, вясёлая дзяўчынка Ірыска і казачныя персанажы парася Хруня і заяц Сцяпашка. З Хруням здарылася бяда: ён пераходзіў дарогу не па пешаходным пераходзе і трапіў пад машыну. Пакуль ён лечыцца, юныя гледачы і героі спектакля разам з міліцыянерам паўтараюць асноўныя правілы бяспекі на дарозе, вывучаюць сігналы светлафора і дарожныя знакі.
– Наша галоўная аудыторыя – дашкольнікі і вучні пачатковых класаў. Дзеці ў такім узросце, як вядома, вельмі непаседлівыя, таму ў нашых спектаклях шмат інтэрактыву і крэатыву. На пэўным этапе маленькія гледачы становяцца непасрэднымі актыўнымі ўдзельнікамі падзей, што адбываюцца на сцэне. Такім чынам тэатр не толькі забаўляе, але і лёгка, у гульнявой форме, выхоўвае і вучыць гледача, – расказвае кіраўнік калектыву Вікторыя Савіцкая. – А разам з гледачамі спасцігаюць азы тэатральнага мастацтва, развіваюць творчыя здольнасці і вучацца больш упэўнена адчуваць сябе на сцэне і ў жыцці нашы акцёры. У бягучым годзе ў калектыве займаецца 17 чалавек. Гэта навучэнцы гарадскіх школ і Глыбоцкага дзяржаўнага каледжа.
Узорны лялечны тэатр “Дзіковінка” працуе ў цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці васямнаццаць гадоў, а з 2010 года носіць званне “ўзорны”. За гэты час яго ўдзельнікі падрыхтавалі шмат цікавых пастановак. Сярод іх ёсць тыя, што вельмі палюбіліся маленькім глыбачанам і ўвайшлі ў пастаянны рэпертуар лялечнага тэатра. Два гады таму прайшла прэм’ера спектакля “Непаслухмяная запалка”, які вучыць дзяцей правілам супрацьпажарнай бяспекі. У мінулым годзе яго паказвалі ажно 26 разоў, у тым ліку на адкрытай пляцоўцы ў рамках Адзінага дня бяпекі, штогадовай акцыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Вельмі папулярным стаў спектакль па матывах беларускай народнай казкі “Каза-манюка”. Вясёлая павучальная музычная казка раскрывае багацце беларускай мовы, пашырае кругагляд, выхоўвае станоўчыя якасці і нагадвае дзецям, што мана не давядзе да дабра. Дарэчы, гэта пастаноўка прынесла калектыву перамогу ў абласным конкурсе лялечных тэатраў і батлеечных калектываў “Лялечны свет-2023” у намінацыі “Лялечны спектакль”.
Творчы калектыў пастаянна ўдзельнічае ў раённых мерапрыемствах, выступае ў дзіцячых садах, у школах, а таксама ў сацыяльным прытулку, у цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
– Спадзяемся, што наш новы спектакль “Зялёны агеньчык” спадабаецца маленькім гледачам. Запрашаем да прагляду! – адзначылі ўдзельнікі творчага калектыву.