23 лістапада ў Віцебску праходзіў 117-ы адкрыты асабіста-камандны шахматны турнір, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава.
Удзел у ім прымалі шахматысты з Беларусі і Расіі. Каманду Глыбоцкага раёна на спаборніцтвах прадстаўлялі глыбачанка, студэнтка Беларускай дзяржаўнай Акадэміі музыкi Кацярына Рабкоўская, вучні раённай гімназіі Мікіта Бука, Канстанцін Папко, Багдан Ваньковіч, Яўген Міхайлаў, СШ№1 імя П. Сухога – Лізавета Шылёнак, Алег Рудак, Дар’я Башчан, Азярэцкай СШ – Данііл і Елісей Шугала.
– Дзеці ў той дзень правялі дзевяць тураў з кантролем часу 5 хвілін + 3 секунды з дабаўленнем за адзін ход. Звычайна мы трэніруемся па сістэме рапід з абмежаваннем часу на абдумванне хадоў, пры якой на ўсю партыю даецца больш за дзесяць хвілін, але не больш за гадзіну і па класічнай сістэме, але і пры тых умовах гульні нашы шахматысты не разгубіліся. Трэцяе месца сярод жанчын заваявала Кацярына Рабкоўская. Сярод удзельнікаў з сельскіх раёнаў не было роўных Мікіце Бука: у выніку ён заняў першае месца. Моцную гульню паказалі Канстанцін Папко, Данііл Шугала і Лізавета Шылёнак. Віншую пераможцаў і веру, што прыемныя дасягненні ва ўсіх маіх выхаванцаў наперадзе, – сказаў кіраўнік шахматнага гуртка Глыбоцкага цэнтра дзяцей і моладзі Васіль Сінькевіч.