Хочацца пазнаёміць нашых чытачоў з цудоўнай жанчынай-працаўніцай, брыгадзірам вытворчай брыгады жывёлагадоўчай фермы “Свілко” сельскагаспадарчага прадпрыемства “Каралі” Наталіяй Бажок.
Наталія Вітальеўна… Згадзіцеся, гучыць, як адточаны вершаваны радок. І больш таго, сустрэча з гэтай шчырай сельскай працаўніцай пераканала ў тым, што прыгожая, лагодная мелодыя ўласнага імя (у дадзеным выпадку імя і імя па бацьку) арганічна спалучаецца з яе характарам.
– Наталія – адкрыты, душэўны чалавек са сваім тонкім светаадчуваннем і, я б сказаў, абвостраным пачуццём адказнасці за даручаную справу, – пацвярджае адзін з вопытных спецыялістаў і кіруючых работнікаў сельскагаспадарчай вытворчасці, галоўны аграном сельгаспрадпрыемства “Каралі” Міхаіл Мікалаевіч Піскуновіч. – Клапоціцца, каб на ферме быў належны парадак, каб строга захоўваліся ўсе тэхналагічныя нормы ўтрымання і догляду буйной рагатай жывёлы.
– Перажывае, непакоіцца, калі раптам штосьці пайшло не так. Напрыклад, трактар, задзейнічаны на падвозе кармоў, сапсаваўся. Наталія Вітальеўна ўсіх на ногі падыме, і сітуацыя, дзякуючы яе настойлівасці, абавязкова будзе выпраўлена, – дадае начальнік вытворчага ўчастка “Стрынадкі” Анатоль Міхайлавіч Мажэйка.
Зладжана працуе калектыў фермы, дзе на адкорм пастаўлены 480 галоў маладняку БРЖ. І вялікая заслуга ў гэтым яго кіраўніка. Прафесіяналізм, выдатныя арганізатарскія здольнасці, стараннасць і працавітасць Наталіі Бажок неаднойчы адзначаліся на высокім узроўні. Сёлета яна занесена на раённую Дошку гонару.
На ферму “Свілко” завіталі нядаўнім лістападаўскім мокрым ранкам. Размаўлялі ў пакоі жывёлаводаў. Наталія Бажок расказала пра свой шлях у прафесію, пра тое, як пасля заканчэння СШ №1 г. Глыбокае працавала ў сістэме райспажыўкааперацыі, загадчыцай магазіна ў вёсцы Гваздова. Потым выйшла замуж, і сям’я стала жыць у Стрынадках. Праз гадоў колькі, пасля нараджэння дачкі і сына, на яе працоўным шляху адбыўся рэзкі паварот: пайшла працаваць аператарам машыннага даення на ферму “Свілко”.
– Па першым часе цяжкавата было, – расказвала Наталія Вітальеўна. – Вучылася ў старэйшых даярак, нашых перадавікоў Наталіі Мікалаеўны Харэвіч, Валянціны Герасімаўны Малей, Леакадзіі Мікалаеўны Мулярэвіч. Адпрацавала аператарам машыннага даення сем гадоў. Тады нашу гаспадарку ўзначальваў Васілій Канстанцінавіч Гарбуненка. Менавіта ён і прапанаваў мне ўзначаліць калектыў фермы. Было гэта ў 2005 годзе.
Праводзілася рэканструкцыя будынкаў фермы. Наш калектыў і на той час дабіваўся добрых вынікаў. Затым гаспадарка наша рэфармавалася і ўвайшла ў склад сельгаспрадпрыемства “Каралі”. Вялікую ўвагу, будучы кіраўніком гаспадаркі, удзяляў развіццю фермы Аляксей Гардзеевіч Абрамчык.
Гаспадарка наша немалая: тры будынкі – арачнік і два фермскія памяшканні. Спраў хапае. Да зімовага перыяду старанна рыхтаваліся, рамантавалі дзверы, вокны, транспарцёры… Усё рабілася і робіцца пры дапамозе і падтрымцы дырэктара Андрэя Нікадзімавіча Мурашкі, а таксама Міхаіла Мікалаевіча Піскуновіча, начальніка па жывёлагадоўлі Яраслава Пятровіча Шароха, галоўнага
заатэхніка Зоі Міхайлаўны Капшуль.
Безумоўна, маю падтрымку і ў калектыве. І найперш у асобе ветэрана сельгасвытворчасці, выдатнай працаўніцы Леакадзіі Мікалаеўны Мулярэвіч. Яна ўжо магла б 8 гадоў знаходзіцца на адпачынку, але, дзякаваць Богу, мае сілы і працягвае працаваць. Ёй шчыра ўдзячна за адказныя адносіны да справы. На такіх, як яна, як жывёлаводы Дзмітрый Аляксандравіч Мулярэвіч і Уладзімір Іванавіч Іваноў, начныя вартаўнікі Ларыса Фёдараўна Краснадубская і Таіса Станіславаўна Дземідовіч, надзейных і самаадданых працаўніках трымаецца калектыў. Іх вопыт і ўменне – каштоўны здабытак.
Мая сям’я – надзейная апора. Дзеці ўжо дарослыя. Жывуць і працуюць: сын – у Глыбокім, дачка – у Дуброўне. Падрастаюць унук і ўнучачка – маё галоўнае багацце. Муж раней у Стрынадках механізатарам працаваў, а зараз – у Глыбоцкім доследным лясгасе. Жывем у Свілко. Трымаем гаспадарку. У вёсцы без гэтага ніяк.
Хачу павіншаваць з прафесійным святам і пажадаць усяго найлепшага, а найперш здароўя і важкіх працоўных дасягненняў кіраўнікам і спецыялістам гаспадаркі, калегам-жывёлаводам, нашым дарагім ветэранам.