Жылоўшчык мяса і субпрадуктаў мясаперапрацоўчага цэха Святлана Янковіч расказала аб рабоце на Глыбоцкім мясакамбінаце

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Святлана Янковіч – жылоўшчык мяса і субпрадуктаў мясаперапрацоўчага цэха УП “Глыбоцкі мясакамбінат”. Яна аддала прадпрыемству трыццаць пяць гадоў і па праву лічыць яго галоўным у сваім працоўным жыцці. Напярэдадні прафесійнага свята Святлана Аляксандраўна атрымала чарговую заслужаную ўзнагароду – Ганаровую грамату дзяржаўнага аб’яднання “Віцебскі канцэрн “Мяса-малочныя прадукты” за добрасумленную плённую працу, бездакорнае, узорнае выкананне працоўных абавязкаў і ў сувязі з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Святлана Янковіч.

Шлях Святланы Аляксандраўны ў прафесію не быў прамым і роўным. Вясковая дзяўчына са Случчыны Мінскай вобласці магла прадоўжыць педагагічную дынастыю. Яе дзядуля, бабуля і маці былі настаўнікамі, але ніколі не прымушалі Святлану і яе сястру рабіць выбар, які супярэчыць іх жаданням. Пасля школы Святлана паступала ў медыцынскі. Студэнткай не стала – не хапіла балаў. Каб не губляць час, падала дакументы ў вучылішча (цяпер Мінскі дзяржаўны каледж тэхналогій машынабудавання), якое рыхтавала спецыялістаў рабочых прафесій для прамысловых прадпрыемстваў, і выбрала не дзявочую прафесію слесара механазборачных работ. Пасля вучылішча працавала на Мінскім маторным заводзе – збірала маторы для трактароў МТЗ. Каб не каханне, магчыма, як і сястра, якая да цяперашняга працуе на трактарным заводзе, да пенсіі збірала б маторы.

Будучы муж Святланы быў родам з Докшыцкага раёна. Вяселле стала новай старонкай як у асабістым, так і ў працоўным жыцці дзяўчыны, для якой Глыбоччына стала другой малой радзімай.

– Нялёгка было па першасці: чужы горад, ні сяброў, ні знаёмых, ні работы, ні свайго жылля. Да дэкрэтнага водпуска працавала ў кандытарскім цэху прадпрыемства грамадскага харчавання, а ў 1989-м прыйшла на мясакамбінат. Ведала, што тут будавалі жыллё для сваіх работнікаў, і спадзявалася, што некалі атрымаю кватэру. Працавала на скураздымцы ў забойным цэху. Праз пару гадоў начальнік каўбаснага цэха Сяргей Глаз забраў мяне ў свой цэх. “Калі навучышся, – кажа, – прамудрасцям работы жылоўшчыка за дзень – застанешся працаваць”. А мне і хочацца, і боязна: цэх другі, людзі незнаёмыя, што рабіць – не ведаю. Але сустрэлі мяне, маладую, шчыра і душэўна. Удзячна былым работніцам цэха, маім настаўніцам Любові Храпавіцкай і Ганне Корсак, якія ў рабочым працэсе вучылі, падтрымлівалі, – успамінае Святлана Янковіч, адна з тых, хто сваёй паўсядзённай працай пісаў гісторыю прадпрыемства і быў сведкам вытворчых змен.

– Раней каўбасны цэх размяшчаўся ў старым будынку. Памяшканне было, лічыце, падвальнае, нізкае, з пяском замест падлогі. Вясной і восенню цэх падтапляла вада. Прысесці і перакусіць недзе было. Быў час, калі працавалі ў тры змены. Былі гады, калі здараліся прастоі, праблемы з выплатай заробкаў, але я адчувала, што на сваім месцы і работу мяняць не думала.

Адпрацаваўшы два гады, стала ў чаргу на жыллё, а яшчэ праз паўгода мы з мужам атрымалі ключы ад кватэры, – кажа жанчына. – Пасля праведзенай на прадпрыемстве маштабнай мадэрнізацыі быў уведзены ў эксплуатацыю новы мясаперапрацоўчы (ранейшы каўбасны) цэх. Непараўнальнымі сталі ўмовы працы: светла, цёпла, утульна. Захаваны ўсе санітарныя нормы. Абсталяваны бытавыя і пакой для харчавання. Працаваць прыемна і ў тым плане, што калектыў жылоўшчыкаў і абвальшчыкаў згуртаваны, мае дастойныя заробкі.

– Рабочая змена жылоўшчыка – гэта канвеерная праца па раз-
дзяленні свіных, ялавічных, цялячых туш, якія прайшлі працэс абвалкі, на мяса розных гатункаў, якое затым ідзе на выраб каўбас ці паўфабрыкатаў. Выніковасць работы жылоўчыка залежыць ад працаздольнасці абвальшчыкаў. Кожнаму з іх даведзены дзённыя нормы. Да прыкладу, норма апрацоўкі ялавічыны на аднаго абвальшчыка – 2 тоны, свініны – 1 660. Столькі ж павінен перапрацаваць і жылоўшчык. Каб выканаць план, у рабочых павінна быць уменне, пачуццё працоўнай салідарнасці і жаданне зарабляць, бо ў нас аплата працы здзельная, – гаворыць старшы майстар мясаперапрацоўчага цэха Ганна Протас. – Дзякуючы такім работнікам, як Святлана Аляксандраўна, з даведзенымі заданнямі спраўляемся, маладых спецыялістаў, якія прыходзяць з Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання, навучаем, верым у фінансавую стабільнасць прадпрыемства.

– Святлана Аляксандраўна – ветэран вытворчасці, настаўнік моладзі. Мы паважаем і цэнім яе за прафесіяналізм, – далучылася да размовы начальнік мясаперапрацоўчага цэха Наталля Грыневіч.

Сама Святлана Янковіч лічыць работу жылоўшчыка ювелірнай, бо трэба адчуваць рукамі кожную костачку і храсток, і каб выконваць яе якасна, патрэбна практыка і любоў да справы, якую робіш. Гэтую любоў жанчына даказала за тры з паловай дзясяткі гадоў працы на прадпрыемстве, якое лічыць родным.

телеграм

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru