Сёлетні год для калектыву Глыбоцкага камбікормавага завода асаблівы, ён у пазалоце 50-гадовага юбілею. І гэта добрая нагода напярэдадні свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК наведацца на прадпрыемства, гісторыя якога пачыналася ў снежні 1974 года. Па рэкамендацыі кіраўніцтва адправіліся на адзін з важнейшых участкаў завода – зерневы элеватар.
Работу гэтага падраздзялення, своеасаблівага завадскога “спецхрана”, у якім захоўваюцца запасы харчовага і фуражнага зерня, паспяхова накіроўвае адзін з самых вопытных работнікаў, выдатны спецыяліст і арганізатар вытворчасці, старшы майстар Іранім Грыдзюшка. Размову вядзём у аператарскай элеватара, дзе знаходзіцца спецыяльны пульт кіравання вытворчым працэсам.
– Прыйшоў на завод у верасні 1982 года, якраз у той час, калі элеватар яшчэ будаваўся і праз два месяцы быў здадзены ў эксплуатацыю, – расказваў Іранім Васільевіч. – Спачатку працаваў рабочым, з 1986 года атрымаў прызначэнне на пасаду майстра, а з 2019 года і па сённяшні дзень узначальваю калектыў элеватаршчыкаў, у якім працуюць
16 чалавек. Адказваем за спраўнасць тэхналагічнага абсталявання, прымаем зерне, сушым, складзіруем, дапрацоўваем, даводзім да неабходнай кандыцыі, як мы кажам, да стойкага захоўвання.
Родам я з вёскі Шчарбы Глыбоцкага раёна. Скончыў Гарадоцкі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці “тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў”. Затым быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Праз два гады вярнуўся дамоў і стаў працаваць у сваім калгасе інжынерам па тэхніцы бяспекі.
Пасля ажаніўся і пераехаў у Глыбокае. Жыццёвая дарога прывяла ў калектыў камбікормавага завода. Уладкаваўся рабочым элеватара. Дзякуючы кіраўніцтву прадпрыемства атрымаў дом. Ніколечкі не расчараваўся ў тым, што выбраў менавіта такі працоўны шлях. Наша каманда элеватаршчыкаў дружная, дысцыпліна на належным узроўні, таму не дзіўна, што знаходжуся ў ёй больш за 40 гадоў.
За гады добрасумленнай самаадданай працы Іранім Васільевіч заслужыў аўтарытэт і вялікую павагу ў калектыве работнікаў камбікормавага завода. У яго паслужным спісе нямала грамат, падзяк ад кіраўніцтва прадпрыемства і раёна. Ён неаднойчы заносіўся на завадскую Дошку гонару, у свой час выбіраўся дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў.
– У нас поўнае ўзаемаразуменне і зладжанасць у рабоце, – гаворыць Іранім Грыдзюшка. – Важна тое, што заўсёды магу спадзявацца на падтрымку калег. Найпершыя мае памочнікі майстры Тамара Леанідаўна Семеш і Марына Венедзіктаўна Рагоўская. Калектыў элеватара ў апошнія гады амаладжваецца, таму настаўнічаю, вучу тых, хто толькі робіць першыя крокі ў нашу рабочую прафесію.
Самых старанных і працавітых работнікаў не толькі хвалім, але і рэкамендуем да ўзнагароджвання. Падчас сёлетняга прафесійнага свята будуць уганараваны двое нашых калег – зернесушыльшчык Аляксей Сяргеевіч Ралавец і аператар працэса апрацоўкі зерня Алена Канстанцінаўна Васільчык. Рады за іх, ганарымся! Карыстаючыся выпадкам, усіх завадчан віншую са святам, зычу здароўя, шчасця і даўгалецця.
Лічыцца, што ў рабоце элеватаршчыкаў самы напружаны перыяд, калі паступае зерне новага ўраджаю. Хаця не менш клопатаў, калі вядзеццападрыхтоўка да новага сезона, рамантуецца, адладжваецца абсталяванне. Ды ўсё ж сам працэс захоўвання зерня самы адказны. Калектыў элеватара пад кіраўніцтвам Іраніма Грыдзюшкі з гонарам выконвае пачэсную місію – беражліва захоўвае хлеб – самы каштоўны наш скарб.