Кіламетры светлых дарог глыбачаніна Сяргея Жаваранка

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 4,00 из 5)
Загрузка...

У калектыве аўтапрадпрыемства №16 г. Глыбокае па праву ганарацца лепшымі працаўнікамі, якія ўносяць важкі ўклад у развіццё транспартнай арганізацыі. З кагорты выдатных прафесіяналаў і вадзіцель аўтобуса Сяргей Жаваранак. Прыйшоў сюды пасля 25 год службы ў органах унутраных спраў і райаддзеле па надзвычайных сітуацыях, зарэкамендаваў сябе старанным і адказным работнікам, якому ўласцівы такія рысы характару, як абавязковасць, акуратнасць, разважлівасць засяроджанасць…

– Нарадзіўся ў Глыбокім, – расказвае пра сябе Сяргей Уладзіміравіч. – Бацька некаторы час працаваў у аўтапарку №16 інжынерам па тэхніцы бяспекі і бяспецы руху, а пасля, як яго перавялі на кіруючую пасаду ў саўгас “Яблынька”, сям’я пераехала ў Псую. Так і стала гэтая найпрыгажэйшая азёрная, лясная старонка Глыбоччыны маёй другой малой радзімай. Пасля арміі прадоўжыў службу ў органах унутраных спраў. Пачынаў у Дзяржаўтаінспекцыі Ушацкага РАУС, затым перавёўся ў Глыбоцкі аддзел Дэпартамента аховы, дзе ўзначальваў групу затрымання. А завяршаў службу камандзірам аддзялення пажарна-выратавальнай часці ў Зябках.

Прыемна, тым і ганаруся, што далейшая мая працоўная біяграфія звязана з аўтапрадпрыемствам, дзе калісьці працаваў мой бацька. Удзячны кіраўніцтву за прапанову стаць вадзіцелем, рады паслужыць людзям, як кажуць, і на гэтай ніве.

На працягу пятнаццаці гадоў Сяргей Жаваранак курсіруе па адным і тым жа маршруце “Псуя – Латышы – Бабруйшчына – Глыбокае”. Прызнаецца, напачатку надакучвала, а пасля – наадварот – стала падабацца. Працаваў спачатку на айчынным “Радзімічы”, затым – на “ўсюдыісным” расійскім “ПАЗіку” і ўжо другі год як за рулём новенькага мазаўскага мікрааўтобуса. Пасажырапаток за апошнія гады знізіўся, таму выкарыстанне такіх пасажырскіх аўто на шэрагу маршрутаў упаўне апраўданае, як апраўдана і тое, што мікрааўтобус па дадзеным маршруце адпраўляецца ў рэйс менавіта з Псуі, а не з аўтастанцыі горада Глыбокае.– Жыву ў Псуі, а таму працаваць на гэтым маршруце мне спадручна, і для аўтапрадпрыемства выгадна, – кажа Сяргей Уладзіміравіч.

– Мой рабочы дзень пачынаецца рана. З пяці гадзін ужо на нагах, а ў 7.10 – адпраўленне з Латышоў, з Псуі – у 7.25. А 9-й гадзіне ўжо ў Глыбокім. У 13 гадзін вяртаюся назад. Ёсць па маршруце следавання і дадатковы накірунак – да чыгуначнай станцыі “Зябкі”, прыязджаю якраз да прыбыцця пасажырскага цягніка з Полацка. Адтуль бяром курс на Латышы.

Пасажыры ў пераважнай большасці жыхары населеных пунктаў Псуеўшчыны, з Латышоў, Калечполя, Пожанек. Аднак не ўсе мае землякі, асабліва пажылыя, могуць часта наведвацца ў райцэнтр. Таму звяртаюцца да мяне з просьбамі прывезці з горада то лекі з аптэкі, то тавар забраць з пункта выдачы заказаў Wildberries… І гэта ўжо стала для мяне звычайнай справай. Стараюся ўсім памагчы.

Ладзіць з людзьмі – цэлая навука, якую Сяргей Уладзіміравіч спасціг за ўсе папярэднія гады працы. Для вадзіцеля аўтобуса адказнасць за бяспечную перавозку пасажыраў, безумоўна, на першым плане. Сведчанне добра сумленнай, адказнай працы Сяргея Жаваранка – яго шматлікія ўзнагароды. Сярод іх – нагрудныя знакі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь “За работу без аварый” I і II ступеняў, шматлікія ганаровыя граматы і падзячныя лісты. А ў 2021 годзе яго партрэт заносіўся на раённую Дошку гонару.

– За паўтара дзясятка гадоў калектыў аўтапрадпрыемства №16 стаў для мяне сапраўды родным, – шчыра прызнаецца Сяргей Уладзіміравіч. – Мы, вадзіцелі, часта абмяркоўваем розныя тэхнічныя навінкі ў галіне аўтатранспарту, раімся, а калі спатрэбіцца, спяшаемся адзін аднаму на дапамогу. Узаемавыручка ў вадзіцеляў заўсёды на першым плане.

Адпачыць, адаптавацца ад спраў вадзіцельскіх, дарожных дапамагаюць прыемныя дамашнія клопаты і звонкія галасы любімых унукаў, якія часта прыязджаюць у госці. “Дзеда, пакатай нас на машыне”, – просяцца малыя. Сяргей Уладзіміравіч заўсёды рады адправіцца з імі ў невялічкае падарожжа па вясковай вуліцы, як рады кожны дзень сваім землякам-пасажырам, з якімі толькі за год праязджае дзясяткі, сотні, тысячы кіламетраў светлых дарог.

телеграм

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru