У тым, што стане педагогам, малады спецыяліст Удзелаўскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна Ганна Вячаславаўна Салодкая была ўпэўнена з дзяцінства. Ёй было столькі ж гадоў, колькі зараз яе вучням-шасцікласнікам, калі яна захапілася вывучэннем гісторыі.
Школьны прадмет – гісторыя – стаў любімым дзякуючы настаўніцы СШ№2 города Глыбокае Алене Расціславаўне Кухарэўскай. З цягам часу цікавасць да прадмета толькі расла, а жаданне вучыць дзяцей мацнела. У выбары прафесіі дзяўчыну падтрымалі бацькі і настаўнікі. Атрымаўшы атэстат, яна паступіла на гістарычны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, які скончыла з чырвоным дыпломам. Таленавітай студэнтцы прапанавалі застацца ва ўніверсітэце, займацца навуковай дзейнасцю, але яе вельмі цягнула ў школу. І Ганна Вячаславаўна вярнулася на малую радзіму.
Першыя крокі ў прафесію малады спецыяліст рабіла ў Глыбоцкай раённай гімназіі, дзе працавала педагогам-арганізатарам і выкладала грамадазнаўства ў дзясятым класе. Прызнаецца, што ў вялікім калектыве яе вельмі цёпла прынялі і дзеці, і педагогі. З першых дзён маладая настаўніца апынулася ў гушчыні падзей. Жыла і працавала ў такім тэмпе, што не заўважыла, як праімчаў навучальны год. Ганна Вячаславаўна завяршыла яго прыгожа – перамогай у раённым конкурсе прафесійнага майстэрства “Малады педагог-2024”.
– Падчас працы ў гімназіі мяне засмучала хіба тое, што не магу ў поўнай меры адчуць сябе педагогам, праверыць веды, атрыманыя падчас вучобы ва ўніверсітэце. Таму, калі напрыканцы жніўня мне прапанавалі месца настаўніка гісторыі і класнага кіраўніка ў Удзелаўскай сярэдняй школе, адразу ж згадзілася, – расказвае Ганна Вячаславаўна. – Цяпер хачу поўнасцю п р ы с в я ц і ц ь сябе выкладанню прадмета. Спадзяюся, што змагу зацікавіць сваіх вучняў і пераканаць іх, што гісторыю трэба ведаць кожнаму чалавеку незалежна ад узросту і прафесіі. Ва ўсіх пачынаннях мяне падтрымліваюць адміністрацыя Удзелаўскай школы і старэйшыя калегі. Удзячна ім за гэта. Шчыра віншую з надыходзячым прафесійным святам.