Цішыня, спакой, прыроднае хараство: Глыбоччына чакае турыстаў

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

“Адпачыць на прыродзе, не нашкодзіўшы ёй і атрымаўшы максімум прыемных ураджанняў”, – такую ўстаноўку павінен даваць сабе кожны, хто любіць адпачываць не на замежных курортах, а на родным улонні. Цывілізаваны адпачынак у спецыяльных, камфортна абсталяваных месцах на ўзбярэжжах азёр і лясных пасадках, захаванне правілаў прыродакарыстання – прыкмета беражлівых адносін да прыродных багаццяў, якія мы  павінны захоўваць і памнажаць.

– Час, калі турысты спыняліся ў аблюбаваных ім месцах, дзе заўгодна распальвалі кастры, высякаючы маладыя дрэўцы, якія траплялі пад руку, пакідалі пасля сябе засмечаныя паляны, павінен застацца ў мінулым. Экалагічна-асветніцкая работа, якую мы праводзім, арганізацыя  акцый па навядзенні чысціні і парадку ў гідралагічным заказніку “Доўгае”, удзел у якіх  з кожным годам прымае ўсё больш жадаючых, абуладкаванне турыстычнага быту з прадастаўленнем запатрабаваных паслуг, даюць пэўны вынік: ужо можна гаварыць пра такое паняцце, як культура адпачынку і выяўна яе бачыць, – гаворыць дырэктар ДПУ “Галубаў сад” Юрый Кміта.

Юрый Бернардавіч запрашае турыстаў адпачыць на тэрыторыі гідралагічнага заказніка “Доўгае”.

– Сіламі супрацоўнікаў прыродаахоўнай установы абсталяваны шэсць турыстычных стаянак. Стаянка “Паўночная” на беразе возера Доўгае бясплатная для наведвальнікаў. Тут можна разбіць палатачны лагер, паркаваць транспарт, праўда, не бліжэй чым за 30 метраў ад берагавой лініі, рыбачыць без пакупкі пуцёўкі, карыстацца безматорнымі лодкамі. Астатнія пяць стаянак – “Старыя Зябкі”, “Заазёрная”, “Галубаў сад”, “Каменка” і “Дайверская” – знаходзяцца таксама на ўзбярэжжы возера Доўгае, але яны  платныя: па 8 рублёў у суткі з аднаго адпачываючага, – інфармуе спецыяліст. – На стаянцы “Старыя Зябкі” ёсць альтанка, зручнае месца для дайвінга. Найбольш умяшчальная стаянка “Галубаў сад” на 10-15 палатак. Устаноўлены шэсць умашчальных альтанак,  ёсць сталы і пасадачныя месцы для арганізацыі перакусаў, дровы для кастроў, кантэйнеры для смецця, падстаўкі для веласіпедаў, абсталяваны пірсы. Тут жа можна арганізаваць эксурсію па экалагічнай сцяжынцы. Найбольш спрыяльныя месцы для аматараў дайвінга – стаянкі “Каменка” і  “Дайверская”. Шукайце нас у Інтэрнэце, заказвайце анлайн-браніраванне і прыязджайце на Глыбоччыну: цішыня, спакой, прыроднае хараство – гэта лепшыя лекі, – запрашае спецыяліст.

телеграм



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru