Больш тыдня на кукурузных палетках сельгаспрадпрыемства “Мярэцкія” вядзецца ўборка кукурузы на сілас. Корманарыхтоўчы канвеер “кукурузнае поле – сіласная траншэя” працуе ў напружаным рэжыме. Гарачая пара ў працаўнікоў гаспадаркі працягваецца. Ды жнівеньскай спякоце механізатары супрацьпаставілі сваё старанне і прафесійнае майстэрства. У складзе механізаванага звяна шчыруюць вопытныя працаўнікі, загартаваныя на самых розных участках сельскагаспадарчай вытворчасці. Належны рытм у рабоце задае механізатар Глыбоцкага аграпрамысловага аб’яднання Дзмітрый Лашкоў. На самаходным кормаўборачным камбайне Claas Jaguar ён штодзённа скошвае кукурузу на плошчы 18 і больш гектараў.
– Скончыў у свой час Глыбоцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй. І працоўны шлях пачынаў менавіта ў гэтай гаспадарцы, – распавядаў, што называецца, на хаду Дзмітрый Лашкоў. – Тады называлася “Глыбоцкая птушкафабрыка”. Далей была служба ў арміі. Пасля звальнення ў запас зноў вярнуўся сюды, працаваў механізатарам. На два гады адлучаўся з родных мясцін, ды ўсё роўна вярнуўся на сваю малую радзіму, у Залессе. Уладкаваўся механізатарам у Глыбоцкае аграпрамысловае аб’яднанне. Даводзіцца працаваць у суседніх раёнах, ды з большай радасцю выводжу тэхніку на палеткі Глыбоччыны, асабліва на землі сельгаспрадпрыемства “Мярэцкія”, дзе ўсё мне так знаёма.
Дарэчы, летась таксама на гэтым жа камбайне ўбіраў тут кукурузу. Сёлета прыемней працаваць – ураджай лепшы. Радасна бачыць, як кузаў напаўняецца, як расце ў ім гара сакавітай здробненай кукурузнай масы. Учора (было гэта 22 жніўня. – А. З.) за палову дня каля 500 тон кукурузнай масы нарэзалі. Калі ўсё ладам ідзе, можна за дзень да тысячы тон нарыхтаваць. Адным словам, працуем з настроем.
Размова з удзельнікамі корманарыхтоўкі атрымалася кароткай. Механізатары – людзі скупыя на словы і не вельмі ахвочыя да ўдзелу ў фотасесіі.
– Трэба спяшацца, пакуль надвор’е наш саюзнік, – заяўлялі ў адзін голас і малады механізатар Дзяніс Баранчук, і яго старэйшы таварыш Аляксей Балай, якія заняты на адвозцы здрабнёнай кукурузнай масы.
і Дзяніс Баранчук.
– Дзяніс, нягледзячы на малады ўзрост, актыўна ўдзельнічае ва ўсіх кампаніях сельскагаспадарчага года. На жніве ўжо адпрацаваў пяць сезонаў. Аляксей Балай мае больш за паўтара дзясятка гадоў хлебаробскага стажу. Сам ён з Капыльшчыны. На нарыхтоўцы кармоў задзейнічаны пастаянна. Працаваў з прэспадборшчыкам. Вопытны механізатар, па-майстэрску валодае сельскагаспадарчай тэхнікай, – расказвае намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Віктар Дубаўка. – Выдатна ўпраўляюцца на адвозцы Дзмітрый Таксідзі і Юрый Карповіч. Днямі на падмогу прыехалі хлопцы з Глыбоцкага аграпрамаб’яднання Іван Аляксеенка і Аляксандр Лапо. А на трамбоўцы кукурузнай масы гаспадараць, прыкладаюць нямала старання самыя вопытныя механізатары Аляксандр Язёнак і Аляксандр Карабёнак.
У сельгаспрадпрыемстве “Мярэцкія” налічваецца 4250 галоў буйной рагатай жывёлы, трэцяя частка якой – дойны статак. Як вядома, узводзіцца новая сучасная малочна-таварная ферма на 1100 галоў. Невыпадкова сёлета пасеялі 1100 гектараў кукурузы, на 400 гектараў больш, чым летась. Кармоў трэба назапасіць як мага больш. Плануюць нарыхтаваць звыш 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Вось і шчыруюць працаўнікі гаспадаркі.
– Стараемся ўсе палявыя работы весці своечасова, – гаворыць галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Віктар Далідзёнак. – Азімы рапс пасеялі ў аптымальныя тэрміны, як і патрабавалася – да 15 жніўня. У ліку першых управіліся. Пашчыравалі на сяўбе рапсу Юрый Гупала з Глыбоцкага аграпрамысловага аб’яднання і наш механізатар Васілій Фёдараў. Фактычна яны засеялі ўсе плошчы.
Першымі ў раёне пачалі мы і ўборку кукурузы. Стартавалі 19 жніўня. За гэты час заклалі ўжо каля трох з паловай тысяч тон кукурузнага сіласу. Адну траншэю на 3 тысячы тон закрылі і неўзабаве завершаць гэткую ж па аб’ёме другую. У сярэднім зараз збіраем каля 300 цэнтнераў здрабнёнай кукурузнай масы з гектара. Ёсць асобныя ўчасткі, якія даюць па 430 тон. Сёлета па прагнозах ураджайнасць напалову вышэй леташняй. Кукуруза вырасла лепшая, бо, па-першае, надвор’е спрыяла – цяпла, вільгаці хапала. Па-другое, на большай частцы плошчаў двойчы праводзілі падкормку. І хімпраполку правялі добрымі, якаснымі прэпаратамі. Таму і прагноз на ўраджай кукурузы досыць аптымістычны.