Расказваючы пра ход жніва ў гаспадарцы, дырэктар сельгаставарыства “Залатая падкова” Валянціна Крывёнак параіла наведацца на тэрыторыю зернесклада.
– Там працуюць нашы юныя памочнікі. Нарадавацца не можам, якія яны шчырыя ў працы і старанныя, – гаварыла Валянціна Міхайлаўна. – Юнакі і дзяўчаты з Бабічоў і Пятроўшчыны, школьнікі старэйшых класаў і навучэнцы каледжаў, з карысцю праводзяць свае летнія канікулы: на час уборачнай прыйшлі на дапамогу гаспадарцы. І гэтак не першы год. Ад імя калектыву сельгаставарыства і ад сябе асабіста шчыра дзякую маладым людзям за дапамогу. Асобна хачу падзякаваць іх бацькам за выхаванне такіх працавітых дзяцей.
…Байцы маладзёжнага сельгасатрада ААТ “Залатая падкова” закончылі затарваць у мяхі насенне траў, і выдалася вольная хвіліна, каб з імі пагутарыць.
У навучэнцаў Глыбоцкага дзяржаўнага каледжа другакурсніка Ільі Пачопкі і трэццякурсніка Івана Малатоўніка, як і ў іх сябра другакурсніка Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Максіма Гаеўскага гэта не першыя працоўныя канікулы.
– Жыву ў Глыбокім, а летам прыязджаю да бабулі ў Пятроўшчыну. Падчас жніва разам з сябрамі ахвотна дапамагаем дарослым. Хочацца зарабіць трохі грошай, – кажа Максім.
– І я з Пятроўшчыны, і гэта ўжо маё чацвёртае працоўнае лета. Важна, што мы займаемся сапраўднай справай, а не праседжваем дні, напрыклад, за тым жа мабільнікам. Апрача ўсяго, яшчэ і фізічна загартоўваемся. Кіраўніцтва гаспадаркі нас падтрымлівае ва ўсім. Перайшоў на трэці курс, атрымоўваю спецыяльнасць апаратчыка газаразмеркавання і слесара КІПіА, – працягвае размову навучэнец Наваполацкага палітэхнічнага каледжа Аляксандр Шымко.
Мацвей Казак, Мікіта Гаеўскі і Марк Апяцёнак, вучацца ў СШ №1 г. Глыбокае імя П. В. Сухога, Лізавета Пачопка дзевяцікласніца Мярэцкаўскай базавай школы. Усе ў адзін голас заяўляюць:
– Працаваць талакой зусім не цяжка. Сушым зерне, лапацім, падмятаем, пры неабходнасці затарваем у мяшкі.
– Усе мы не першы сезон на жніве. І адпачываем таксама з агеньчыкам, – дадае дзесяцікласнік Удзелаўскай СШ Іван Цяліца. – Гуляем у футбол, на турніку займаемся, слухаем музыку, абмяркоўваем розныя навіны. Карацей, разам нам весела і цікава.
На пункце ачысткі зерня працуюць выпускнік Удзелаўскай СШ Арцём Вярцінскі і навучэнка Барысаўскага медыцынскага каледжа Лія Цяліца. Яны з Пятроўшчыны. У дзень нашага прыезду Арцём упраўляўся адзін (Лія па ўважлівай прычыне адсутнічала).
– Нічога ў рабоце складанага: зерне да транспарцёра падгортваем, якое паступае ў бункер. Бывае, мяхі затарваем. Дарэчы, нядаўна і для сельгаспрадпрыемства “Каралі” ачышчалі зерне, – расказваў Арцём.
Арганізуе работу маладзёжнага сельгасатрада загадчыца зернесклада Зоя Стахоўская.
– Штодзень не меней дзесяці чалавек выходзяць на працу, – кажа Зоя Іванаўна. – Вельмі задаволена работай юнакоў і дзяўчат. Усе такія старанныя, паслухмяныя. Па завяршэнні рабочага часу, бывае, дамоў не магу адправіць. Просяцца яшчэ папрацаваць.
У большасці з іх бацькі і родныя працуюць у нашай гаспадарцы. Многія цяпер заняты на жніве. Напрыклад, у Марка Апяцёнка дзядуля Сяргей Казіміравіч Піскуновіч адзін з перадавых механізатараў гаспадаркі і раёна. Яго партрэт заносіўся на раённую Дошку гонару. А ў Мацвея Казака тата вадзіцель МАЗа, зараз заняты на адвозцы зерня ад камбайнаў.
Добра, што дзеці нашы працавітымі растуць, будуць цану хлеба ведаць.