Яно было прыгожым, рамантычным і публічным, бо маладыя людзі рэгістравалі свой шлюб падчас правядзення ў Глыбокім “Вішнёвага фестывалю-2014” каля ратонды на беразе возера Кагальнае і давалі клятву на вернасць каханню і адзін аднаму перад сотнямі глыбачан і гасцей горада. З тых часоў прайшло дзесяць гадоў, і ранейшыя маладажоны сталі, можна сказаць, ветэранамі сямейнага жыцця ў адносінах да тых пар, якія злучаюць лёсы сёлета.
Юля і Ягор нарадзіліся, выраслі і вучыліся ў Глыбокім: Ягор – у СШ№1, Юля – у СШ№3. Самае дзіўнае, што жывучы ў адным горадзе, маладыя людзі не ведалі адзін аднаго. Пазнаёміліся ў Мінску ўжо будучы студэнтамі. Калі ўпэўніліся, што знайшлі сваё каханне, вяселле запланавалі на ліпень. Прапанова зарэгістраваць шлюб падчас правядзення “Вішнёвага фестывалю” была для маладых нечаканай і разам з тым спакуслівай. Параіўшыся паміж сабой і з бацькамі, Ягор і Юлія далі згоду.
З таго часу праляцелі дзесяць гадоў. У 2015-м у маладой сям’і нарадзіўся прыгожы і чаканы “вішнёвік” – сын Арсеній.
Напачатку сям’я жыла ў Бабруйску, куды пасля заканчэння Ваеннай акадэміі адправілі працаваць Ягора Міхайлавіча, а нядаўна перабралася ў сталіцу. Праўду кажуць, што яблык ад яблыні недалёка валіцца: так атрымалася з выбарам прафесіі ў Юліі. Яна, як і яе маці Лідзія Раманчук, настаўніца – выкладае матэматыку і інфарматыку, а яшчэ дае веды дзецям па робататэхніцы. У вольны час маладая жанчына любіць выпякаць прысмакі. Пірагі з вішнямі – адна з пачэсных страў, якімі любяць частавацца муж з сынам. А як жа інакш: вішня, якая стала сведкай іх заручын, нябачна прысутнічае ў іх жыцці, надае адносінам і пачуццям яркія вішнёвыя колеры.
Са слоў бабулі Лідзіі Анатольеўны, дзеці амаль кожныя выхадныя прыязджаюць у Глыбокае, бо тут жа ў іх дзве бабулі і два дзядулі, тут вішні ў агародчыку, тут вішнёвае варэнне, прыгатаванае па ўласных рэцэптах. Бабуля не нацешыцца любімым унукам, які захапляецца робататэхнікай, спортам, ахвотна гуляе ў футбол і ўваходзіць у склад дзіцячай рэспубліканскай зборнай.
Сёлета Ягор і Юлія, як паважаныя юбіляры з 10-гадовым стажам сямейнага жыцця, запрошаны на “Вішнёвае вяселле”. Іх колішняе месца ў суботу 27 ліпеня зоймуць Уладзіслаў Марушчак і Анжаліка Науменка. Маладыя людзі – не глыбачане: Уладзімір з Полацкага раёна, працуе на торфабрыкетным заводзе ў Крулеўшчыне, Анжаліка з Докшыччыны. Сімвалічна, што шлюб маладыя вырашылі зарэгістраваць у Глыбокім на “Вішнёвым фестывалі”, што сведчыць пра вядомасць і папулярнасць свята, якое не толькі знаёміць людзей, забаўляе іх, спявае, адкрывае таленты, але і яднае сэрцы пад знакам спелай вішні.