У святочнай, вельмі цёплай атмасферы прайшла цырымонія ўручэння дыпломаў выпускнікам Глыбоцкага дзяржаўнага каледжа. Дакумент аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а разам з ім і пуцёўку ў працоўнае жыццё атрымалі сёлета 75 юнакоў і дзяўчат. 
Павіншаваць выпускнікоў з важнай падзеяй прыйшлі родныя і блізкія, педагогі і канечне ганаровыя госці – старшыня раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Тарасевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Зяновіч і маладзёжны лідар Глыбоччыны Дар’я Капшуль. У зале Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната, дзе праходзіла мерапрыемства, было шматлюдна.
З прывітальным словам і віншаваннямі да выпускнікоў звярнулася Вера Цяліца. Вера Міхайлаўна адзначыла сімвалічнасць і значнасць таго, што выпускнікі каледжа атрымліваюць дыпломы якраз напярэдадні галоўнага свята нашай краіны – Дня Незалежнасці.
–Цяпер вы ўжо не навучэнцы каледжа, а дыпламаваныя спецыялісты. Як бы ні склаўся ў далейшым ваш лёс (многія пойдуць працаваць, хтосьці будзе праходзіць воінскую службу, у кагосьці ў планах прадоўжыць вучобу), памятайце, што ў вашых руках – будучыня нашай краіны. Менавіта вам, маладым, жыць і працаваць дзеля працвітання роднай Беларусі, – адзначыла глава дэпутацкага корпуса раёна. – Самааддана працуйце, прымяняйце веды, якія атрымалі ў навучальнай установе, і не спыняйцеся на дасягнутым. Поспехаў! Няхай у вас усё атрымаецца!
Найлепшыя пажаданні адрасавалі юнакам і дзяўчатам і іх бацькам Таццяна Тарасевіч і дырэктар Глыбоцкага дзяржаўнага каледжа Васіль Любоза.
–Паважаныя выпускнікі! Вам пашчасціла атрымаць самыя запатрабаваныя на рынку працы Глыбоцкага раёна і краіны ў цэлым рабочыя прафесіі. Усе вы, згодна заявак і заключаных раней дагавораў, забяспечаны першым працоўным месцам. І ад вас цяпер патрабуецца толькі жаданне шчыра і адказна працаваць, – адзначыў Васіль Аляксандравіч. – Хачу, каб вы запомнілі, што поспех не прыходзіць адразу. Павагу, аўтарытэт на працы і ў жыцці нельга заслужыць за адзін дзень, для гэтага трэба прайсці пэўны шлях.
І вы ўжо зрабілі першыя, а многія з вас – вельмі паспяховыя крокі на гэтым шляху: добра зарэкамендавалі сябе падчас вучобы ў каледжы і праходжання вытворчай практыкі на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Так трымаць і далей! Жадаю вам цярпення, настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт, а вашым бацькам – мудрасці, каб падтрымаць вас у патрэбную хвіліну і дапамагчы, калі спатрэбіцца, прыняць правільнае рашэнне.
Васіль Любоза падзякаваў таксама педагогам навучальнай установы за прафесіяналізм, кіраўніцтву райвыканкама – за ўвагу да патрэб навучальнай установы, дапамогу і садзейнічанне ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа.
Працягвалася мерапрыемства цырымоніяй узнагароджанння. Акрамя дыплома многія выпускнікі атрымалі граматы і падзякі за паспяховую вучобу, працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Дар’я Капшуль падзякавала за ўдзел у маладзёжных мерапрыемствах, праектах і акцыях Аляксандры Іванчанка, Паліне Марцінкевіч, Вадзіму Грыдзюшка і Кацярыне Несцяровіч.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Зяновіч таксама адзначыла старанных і адказных выпускнікоў. Ужо даўно стала традыцыяй, што два разы на працягу навучальнага года лепшыя навучэнцы каледжа атрымліваюць прафсаюзныя стыпендыі. Іх уладальнікамі сталі Уладзіслаў Зубовіч і Уладзімір Казьякоў. Падзякі ад прафсаюза атрымалі Аляксандра Іванчанка, Арцём Каласоўскі, Артур Вішнеўскі, якія выдатна зарэкамендавалі сябе падчас праходжання практыкі ў сельгаспрадпрыемствах і арганізацыях раёна.
Завяршылася мерапрыемства святочным канцэртам, пасля якога выпускнікі яшчэ доўга не хацелі разыходзіцца – дзякавалі сваім настаўнікам і майстрам вытворчага навучання за веды і мудрыя жыццёвыя парады, развітваліся з сябрамі, фатаграфаваліся.
Спадарожнага ветру вам, выпускнікі Глыбоцкага дзяржаўнага каледжа!
Фота Наталіі БЕЛЬСКАЙ.

2.8900
3.3950
3.7350 
