Названы пераможцы на вясенняй сяўбе

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Прэзідыум Глыбоцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу зацвердзіў пастанову “Аб узнагароджанні па выніках раённага спаборніцтва на вясенняй сяўбе”. У гэтым дакуменце названы пераможцы раённага спаборніцтва падчас правядзення вясенне-палявых работ. Лепшым на падрыхтоўцы глебы прызнаны механізатар УП “Канстанцінаў Двор” Павел Іванавіч Трацэўскі. На трактары “К-744” у счэпцы з глебаапрацоўчым агрэгатам пад сяўбу яравых ён падрыхтаваў глебу на плошчы 790 гектараў.

Віншаванні прымае Павел Трацэўскі.

Лепшым сейбітам у раёне сёлетняй вясной стаў механізатар ААТ “Чарневічы” Сяргей Міхайлавіч Чабан. На трактары “Беларус-82” с сеялкай СЗ-3,6 ён пасеяў зерневых і зернебабовых культур на плошчы 408 гектараў.

Аляксей Абрамчык і Наталля Зяновіч дзякуюць за працу Сяргею Чабану.

А на ўнясенні ўгнаенняў роўных не было механізатару з УП “Мярэцкія” Юрыю Іванавічу Бекішу. На агрэгаце “Раса” ім унесены мінеральныя ўгнаенні на плошчы 3752 гектары.

У раённым спаборніцтве сярод маладых механізатараў на вясенняй сяўбе, арганізаваным райкамам ГА “БРСМ”, аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама сумесна з райкамам прафсаюза работнікаў АПК і ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама вызначаны чатыры пераможцы: Раман Пучынскі з УП “Канстанцінаў Двор”, Ігар Туронак і Віктар Вітко з УП “За Радзіму” і Сяргей Мурамошка з ААТ “Прошкава”.

У сельгаставарыстве “Чарневічы” і сельгаспрадпрыемстве “Мярэцкія” нядаўна пабывалі першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксей Абрамчык і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Зяновіч. Яны сустрэліся з Сяргеем Міхайлавічам Чабаном і Юрыем Іванавічам Бекішам і выканалі ганаровую місію – павіншавалі гэтых выдатных механізатараў з працоўнай перамогай, адрасавалі ім найлепшыя пажаданні, уручылі падзячныя лісты і грашовыя прэміі.

А на сустрэчу з пераможцамі раённага спаборніцтва ў сельгаспрадпрыемства “Канстанцінаў Двор” разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталляй Зяновіч і галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Алесяй Шыпіла адправіўся карэспандэнт “ВГ”.

У Канстанцінаве сустрэліся з Раманам Пучынскім, які прызнаны лепшым па прафесіі сярод маладых механізатараў, занятых на падрыхтоўцы глебы падчас веснавых палявых работ.

Раман у гаспадарцы працуе яшчэ толькі тры гады. Родам са Старых Шарабаёў. Пасля заканчэння школы набываў спецыяльнасць тэхніка-механіка ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы. Вярнуўся ў родныя мясціны, прыйшоў працаваць трактарыстам у сельгаспрадпрыемства.

– Вытворчую практыку праходзіў у сваёй гаспадарцы, працаваў на трактары, таму ўсё было тут, як кажуць, мне блізка і знаёма, – гаворыць юнак. – Падчас вясновых палявых работ займаўся падрыхтоўкай пад сяўбу глебы. Усё падабаецца: і родныя прасторы, і калектыў, і ўсе людзі нашага краю. А на корманарыхтоўцы звычайна заняты на адвозцы звяленай травяной масы. З дзяцінства люблю тэхніку. Бацька, мае дзядулі шчыравалі ў сельскай гаспадарцы. Ганаруся імі. І ўжо рашуча настроены на працу на “зялёным жніве”.

Узнагароду атрымлівае Раман Пучынскі.

Наталля Зяновіч і Алеся Шыпіла падзякавалі Раману за ўдарную працу на вясенне-палявых работах і ўручылі Дыплом, каштоўны падарунак, а яшчэ бейсболку і майку з эмблемай прафсаюза работнікаў АПК.

У Дзеркаўшчыне павіншавалі і ўручылі прэмію за працоўную перамогу ветэрану сельгасвытворчасці, выдатнаму прафесіяналу Паўлу Іванавічу Трацэўскаму. Ад райкама, ад кіраўніцтва ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Пятроўна Зяновіч выказала слыннаму м е х а н і з а т а р у найлепшыя пажаданні і шмат цёплых слоў за шчырую самаадданую працу.

Да гэтай невялічкай цырымоніі віншавання Паўла Іванавіча далучылася і намеснік дырэктара гаспадаркі па раслінаводстве Таццяна Лукша.

– Нашы выдатныя працаўнікі Раман Пучынскі і Віктар Трацэўскі. Гэта такі згуртаваны вытворчы дуэт. Часта працуюць на адных і тых жа палях. Працуюць дружна, зладжана. Віктар Іванавіч ахвотна дзеліцца сваім багатым працоўным вопытам з маладым механізатарам. А Раман надзвычай старанны і працавіты хлопец. Абодвум ім ад імя дырэкцыі гаспадаркі нашы віншаванні, пажаданні здароўя і новых поспехаў цяпер – у не менш адказны час нарыхтоўкі травяных кармоў.

телеграм

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru