З першага мая ў раённай бальніцы працуе Глыбоцкі міжраённы цэнтр хуткай медыцынскай дапамогі, у які, акрамя нашага, уваходзяць Докшыцкі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі, Міёрскі і Браслаўскі раёны.
Адкрыццём цэнтра завяршылася рэарганізацыя рэгіянальнай службы хуткай медыцынскай дапамогі, якая праводзілася на Віцебшчыне з 2021 года.
– Асноўная мэта стварэння цэнтра – павышэнне аператыўнасці і якасці аказання медыцынскіх паслуг насельніцтву незалежна ад месца іх пражывання і сціранне межаў аказання медыцынскай дапамогі гарадскім і сельскім жыхарам. Аўтамабілі хуткай дапамогі, як былі, так і засталіся ва ўсіх пералічаных раёнах і па-ранейшаму абслугоўваюць пацыентаў па іх выкліках. І нумар 103, па якім званілі хворыя, застаўся ранейшым, і па ім мы прымаем заяўкі. Асаблівасць толькі ў тым, што цяпер на 103 паступаюць званкі не толькі з нашага, але і з пяці суседніх, вышэй пералічаных раёнаў. Гэта не значыць, што мы адпраўляем хуткую дамамогу з Глыбокага, напрыклад, у Шаркаўшчыну ці Паставы. Усё зроблена для таго, каб дапамога была аператыўнай. Напрыклад, жыхару вёскі Глыбоцкага раёна, які жыве ў памежжы з Шаркаўшчынскім раёнам, стала дрэнна. Прыняўшы заяўку, мы бачым, што блізка ад пацыента на дадзены момант знаходзіцца хуткая дапамога Шаркаўшчынскага раёна, таму перакідваем заяўку брыгадзе суседняга раёна, якая за лічаныя хвіліны даязджае на месца. Бываюць выпадкі, што мы вязём цяжка хворага пацыента, напрыклад, у Віцебскую бальніцу і ў дарозе на тэрыторыі Глыбоччыны яму робіцца дрэнна. У такой сітуацыі звязваемся з Наваполацкам, дзе ёсць так званая рэанімацыя на калёсах – брыгада інтэнсіўнай тэрапіі ў складзе ўрача-спецыяліста, і яны выязджаюць, каб выратаваць пацыента і даставіць яго ў стацыянар.
Дапамагае нам у гэтым спецыяльная праграма сістэмнага ўзаемадзеяння з іншымі раёнамі і адследжвання месцаў знаходжання аўтамабіляў хуткай дапамогі, – тлумачыць схему работы загадчык Глыбоцкага міжраённага цэнтра хуткай медыцынскай дапамогі Лілія Цітова. – Наш цэнтр зусім малады. Дзякуючы выдзеленым з раённага бюджэту сродкам, у ім праведзены рамонт. Неабходным абсталяваннем для аказання дапамогі забяспечвае Віцебскі абласны цэнтр хуткай медыцынскай дапамогі, у прамым падпарадкаванні якога мы знаходзімся. Зусім нядаўна атрымалі апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, інгалятары для падачы лекаў, іншае абсталяванне.
У калектыве цэнтра больш за сорак чалавек. Непасрэдна прыёмам выклікаў займаюцца тры дыспетчары, якія працуюць кругласутачна. Арганізаваны два медыцынскія пасты: адзін кругласутачны ў Падсвільскай раённай бальніцы і адзін начны ў Празароцкай бальніцы сястрынскага догляду. Акрамя гэтага дзве брыгады хуткай меддапамогі працуюць у Глыбокім, а ўсяго на раёне жыхароў абслугоўваюць чатыры новыя, нядаўна купленыя спецаўтамабілі хуткай дапамогі: два ў Глыбокім і па адным у Падсвіллі і Празароках. Таму прычын для хвалявання няма.
Лілія Пятроўна яшчэ раз зрабіла акцэнт на тым, што прыярытэтная задача цэнтра – аказанне хуткай медыцынскай дапамогі насельніцтву, а паслугі для арганізацый і ўстаноў, якія праводзяць масавыя мерапрыемствы, аказваюцца на платнай аснове.