Працаўнікі сельскагаспадарчага таварыства «Залатая падкова» — першыя на старце «зялёнага жніва»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Віктар Радзевіч з кагорты сталых механізатараў-прафесіяналаў адкрытага акцыянернага таварыства “Залатая падкова”. За плячыма 18 гадоў працы ў сельгасвытворчасці.

Віктар Радзевіч.

Некалькі гадоў таму пераехаў з сям’ёй на Глыбоччыну з Верхнядзвіншчыны. Шчыры, старанны працаўнік хутка прыжыўся ў дружным калектыве механізатараў. За што б ні ўзяўся – любая работа ў яго спорыцца. На жніве зарэкамендаваў сябе выдатным камбайнерам. А цяпер агрэгаціраваў свой трактар ротарнай касілкай “Дыск-3.40” і адным з першых прыступіў да нарыхтоўкі травяных кармоў. – Сёлета дэбютую на касьбе траў, – кажа Віктар Радзевіч. – У мінулыя гады ў асноўным быў заняты на трамбоўцы сянажнай масы. На сенажаці больш падабаецца. Прастор палёў мне па душы. Корманарыхтоўку пачалі сёлета рана. Ва ўсіх хлопцаў настрой вясенні, аптымізму хапае. Таму наш дэвіз: “Толькі наперад!”

Працаўнікі сельскагаспадарчага таварыства “Залатая падкова” аднымі з першых на Глыбоччыне пачалі нарыхтоўку травяных кармоў з траў першага ўкосу. Ужо 12 мая наваколле ва ўрочышчы Жакова, што ля вёскі Мікуліна, абудзілася рокатам трактарных матораў і стракатаннем ротарных касілак. На зялёна-паласатае поле цераспалосіцы (азімае жыта і сурэпіца) плошчай у 90 гектараў вывелі свае трактары з касілкамі Віктар Радзевіч і Сяргей Качан. Неўзабаве да валкавання звяленых траў прыступіў Пётр Гаравы. Затым свой кормаўборачны камбайн вывеў адзін з самых тытулаваных механізатараў гаспадаркі Сяргей Піскуновіч. І запрацаваў “зялёны канвеер”. На адвозцы здрабнёнай масы шчыравалі Міхаіл Шынкевіч і Павел Волк. Пры неабходнасці ім на дапамогу на МАЗах спяшаліся вадзіцелі Дзмітрый Крывёнак і Аляксандр Казак. Утрамбоўваў сянажную масу на “Амкадоры-342” таксама адзін з самых вопытных хлебаробаў Сяргей Лук’янёнак.

І ўжо 19 мая ў ААТ “Залатая падкова” была закладзена першая сянажная траншэя. Апрача гэтага, яшчэ 37 тон сакавітага корму з поля цераспалосіцы паступілі на кармавы стол маладняку буйной рагатай жывёлы. – Чакалі большага, аднак атрымалі тое, што атрымалі, – гаворыць дырэктар сельгаставарыства Валянціна Крывёнак.

– З-за частых начных замаразкаў травы выглядаюць прыгнечанымі, і ўжо чакаць іх інтэнсіўнага росту не прыходзіцца. Таму было прынята рашэнне хутчэй скошваць. Цяпер на гэтым полі пасеем кукурузу. Такім чынам, увосень атрымаем другі ўраджай. На парадку гэтых майскіх дзён сяўба кукурузы – важны наш клопат. Сёлета пад гэтай стратэгічнай сельскагаспадарчай культурай будзе занята 625 гектараў. Неўзабаве пачнем масавую нарыхтоўку травяных кармоў. І пачнем з Чаронкаўскіх сенажацяў. Першы ўкос трэба правесці на плошчы больш за 600 гектараў. У агульнай структуры траў пераважаюць клевер з цімафееўкай, сенакосная сумесь люцэрны. Ёсць трохі галегі з клеверам. Пакуль стан іх не такі абнадзейваючы, як хацелася б.

Менавіта холад не дазволіў як належыць развівацца шматгадовым травам. Плануем сёлета нарыхтаваць не менш як 27 кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. Лічу, дасягнуць такога паказчыка ўпаўне рэальна. На палях былой гаспадаркі “Яблынька” будзем касіць травы на плошчы 200 гектараў.

Так, сёлета як ніколі рана расчахлілі жаткі касілак механізатары ААТ “Залатая падкова”. Падчас масавай корманарыхтоўкі да Сяргея Качана, які цяпер задзейнічаны на падрыхтоўцы глебы пад пасеў кукурузы, і Віктара Радзевіча (працуе на падкосе пашаў) далучыцца трэці касец Дзмітрый Кавалёнак. Належны тэмп сёлетняй касавіцы задаюць ветэраны сельгасвытворчасці, механізатары Сяргей Казіміравіч Піскуновіч і Міхаіл Расціслававіч Шынкевіч.

Ветэраны сельгасвытворчасці (злева направа) Міхаіл Шынкевіч і Сяргей Піскуновіч.

Дарэчы, асноўныя старонкі выдатнай працоўнай біяграфіі Міхаіла Шынкевіча напісаны ў дзяржпрадпрыемстве “Азярцы”. А цяпер, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, падчас вялікіх сельскагаспадарчых кампаній ён адгукаецца на просьбу Валянціны Міхайлаўны Крывёнак і прыходзіць на дапамогу хлебаробам “Залатой падковы”. На розных участках “зялёнага канвеера” працуе: і на прэспадборшчыку, і на адвозцы зяленай травяной масы…

Міхаіл Расціслававіч – хлебароб заслужаны. Яго выдатная праца ў сельскай гаспадарцы адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі і прэміямі. Не без гонару ўзгадвае, як у 2002 годзе ездзіў у сталіцу нашай краіны. Там, у Палацы Незалежнасці яму за ўдарную працу сам Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ўручаў высокую дзяржаўную ўзнагароду – медаль “За працоўныя заслугі”. Гэта незабыўная падзея назаўсёды застаецца ў памяці.

– У сельскагаспадарчай вытворчасці працую з 1981 года, – кажа Міхаіл Шынкевіч. – Увесь час механізатарам. Пастаянна займаў у спаборніцтвах першае месца. У мяне дастойная замена ёсць. У сельгаспрадпрыемстве “Мнюта” працуе сын Алег Шынкевіч. І прытым працуе выдатна. Ганаруся, што пайшоў па маіх слядах і, галоўнае, стаў выдатным майстрам сельгасвытворчасці.

Побач шчыруе адзін з самых вопытных і таксама тытулаваных працаўнікоў “Залатой падковы” Сяргей Піскуновіч. “На ўсе рукі майстар”, – гавораць пра яго ў гаспадарцы. Партрэт Сяргея Казіміравіча заносіўся на раённую Дошку гонару. Падчас корманарыхтоўкі Сяргей Казіміравіч нязменна працуе на кормаўборачным камбайне, якому ўжо 15 гадоў.

– Наўрад ці адслужыў бы столькі, калі б не быў у руках такога выдатнага прафесіянала і клапатлівага гаспадара, – дадае Валянціна Міхайлаўна Крывёнак.

Кіраўнік гаспадаркі задаволена: у складзе механізаванага звяна на нарыхтоўцы кармоў усе механізатары – работнікі спрактыкаваныя, вопытныя, а галоўнае, вельмі шчырыя і з пачуццём вялікай адказнасці. Ім толькі давай фронт работ – не падвядуць. І гэта радуе. К таму ж, настрой механізатараў на ўдарную працу належным чынам падтрымліваюць работнікі сталовай Таццяна Сойка і Ілга Ромель. Яны гатуюць для іх вельмі смачныя абеды і палуднікі.

телеграм

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru