Шоу “Героі” на тэлеканале “Беларусь 1”– гэта сумесны рэспубліканскі сацыяльны праект прэзідэнцкага спартыўнага клуба, Белтэлерадыёкампаніі, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Беларускай федэрацыі пажарна-выратавальнага спорту. Ён спалучае ў сабе навейшыя напрацоўкі ў індустрыі забаў з падтрымкай спорту і здаровага ладу жыцця. Удзельнікамі першага сезона былі 14-16- гадовыя падлеткі, якія праходзілі чатыры ўзроўні фізічных выпрабаванняў. У лістападзе мінулага года стартаваў трэці, ужо дарослы сезон, а сёлета будзе здымацца новая версія экстрым-тэлешоу “Героі. Трансфармацыя”. У ліку тых, хто прайшоў кастынг, былі ўраджэнка Глыбокага, пераможца міжнародных спаборніцтваў, чэмпіёнка свету Таццяна Пехцерава, пра якую не раз пісала раённая газета, і глыбачанін Дзяніс Крываротаў.
Дзяніс змалку любіў спорт. У школьныя гады ахвотна ўдзельнічаў у спаборніцтвах, марыў пра высокія спартыўныя вяршыні. За ведамі і новым вопытам ён пайшоў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізкультуры і спорту. Працуе інструктарам па адаптыўнай фізкультуры ў доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў у Петрунова. Абараняе гонар сваёй установы на раённых спаборніцтвах. За выкананне нарматываў Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь атрымаў значок сярэбранай годнасці “Фізкультурнік Беларусі”. Паспяховы адбор для ўдзелу ў рэспубліканскім шоу стаў для хлопца прыемным падарункам і чарговай прыступкай для ўзыходжання на спартыўны Алімп.
– Я з дзяцінства любіў глядзець тэлеперадачы накшталт “Герояў”, а гэтае шоу нечым нагадвае спартландыі, у якіх я не раз удзельнічаў. Пастаянна ўяўляў сябе на месцы ўдзельнікаў, думаў, як бы я пераадолеў тую ці іншую перашкоду, ці справіўся б, ці адступіў. Для мяне ўдзел у шоу – гэта магчымасць глыбей пазнаць сябе, выпрабаваць сілы, волю, характар, таму як толькі даведаўся пра адбор у чарговы сезон, адразу падаў заяўку, падрыхтаваў відэапрэзентацыю пра сябе і з радасцю паехаў у Мінск на кастынг. Падчас яго мы праходзілі тэсціраванне фізічнай падрыхтоўкі і давалі інтэрв’ю. Стараліся ўсе, але амаль з двухсот жадаючых адбор прайшлі толькі сорак восем чалавек, – расказаў Дзяніс. – Арганізатары абяцалі, што ў новым сезоне шоу будзе яшчэ больш яркім, відовішчным і хвалюючым. Канцэптуальна і тэхнічна будуць перапрацаваны этапы, стане больш інтэрактыўных і дынамічных элементаў, зменіцца канфігурацыя і ўзровень складанасці. На спецыяльнай пляцоўцы ўзвядуць неверагодныя палосы перашкод, дзе спалучацца агонь і вада, паветра і вышыня. Задача кожнага этапа, праявіўшы сілу, вынослівасць, кемлівасць сабраць крышталі, перайсці на новы ўзровень гульні, а на рашаючым этапе ўзыйсці на вежу, дзе знаходзіцца самы галоўны з іх. Тая каманда, якой удасца сабраць так званую матрыцу Героя, стане пераможцай, атрымае Кубак Герояў і грашовы прыз.
Выклік сабе я ўжо кінуў, цяпер застаецца сабраць волю ў кулак, уключыцца ў камандную гульню, паказаць, на што здольны. Разумею, што сапернікі будуць моцныя, але спадзяюся на перамогу.
Пажадаем Дзянісу Уладзіміравічу паспяховага выступлення, а сачыць за хвалюючымі дзеяннямі экшан-праекта ў прамым эфіры тэлегледачы змогуць гэтай восенню.