Вольга Шухто: «Па волі Божай я адчула святую радасць Мацярынства»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Так са слязьмі радасці на вачах гаворыць глыбачанка Вольга Шухто, матуля дзвюх дачушак і двух сыночкаў. І гэта не проста прыгожыя словы: яны выпакутаваныя балючым для жанчыны дыягназам, роспаччу і страхам, доўгім чаканнем і верай у спаўненне запаветнай мары. Шматгалосае дзяцінства, якое прыпісалася ў адной з кватэр у мікрараёне Паўночны, напоўніла сэнсам жыццё маладых бацькоў, умацавала іх пачуцці і напоўніла шчасцем прыцішаны дом.

Гісторыю знаёмства Вольгі і Станіслава можна лічыць класічнай. Пасля школы Оля вучылася за швачку ў Віцебску. Аднойчы прыйшла да сяброўкі ў госці, дзе і пазнаёмілася з яе братам Стасам, навучэнцам Гарадоцкага каледжа. Гаворачы маладзёжным слэнгам, маладыя людзі адразу “запалі” адзін на аднаго. Пасля некалькіх спатканняў Станіслаў па-мужчынску расставіў усе кропкі над “і”, і закаханыя пачалі рыхтавацца да вяселля. Але ў гэты час Станіслава прызвалі на тэрміновую службу.

– Я не ўяўляла сваё жыццё без Стаса, ён – без мяне, і, каб жыццё не развяло нас за час яго службы, вырашылі распісацца. Купляць шлюбную сукенку і касцюм жаніху, запрашаць гасцей і ладзіць вяселле часу не было. Мы пайшлі ў загс і 15 мая 2015 года сталі мужам і жонкай. Толькі пасля зразумелі, што наша сям’я, дзякуючы ваеннаму прызыву, нарадзілася якраз у дзень сям’і і ў Год моладзі, – расказвае Вольга. – Стас служыў недалёка, у Лепелі, я не раз ездзіла яго праведваць. Нам было добра ўдваіх, але мы абое любілі дзяцей, і спадзяваліся на прыемны сюрпрыз да яго дэмбеля. Думала, прыйдзе ён дамоў, а мы сустрэнем яго з сыночкам Багданам. Нават імя загадзя прыдумалі, так чакалі першынца.

Але, на жаль, мары маладых людзей не сталі рэальнасцю. Станіслаў адслужыў, вярнуўся дамоў і застаў жонку ў адчаі і разгубленасці. Прычынай таму было страшнае ўрачэбнае заключэнне: бясплоддзе. Але Вольга не верыла ў гэты страшны для любой жанчыны прысуд, з надзеяй хадзіла па дактарах і спадзявалася на цуд боскі. Месяцы чакання змяніліся годам. Адзін год перакуліўся на другі, затым – на трэці. Аднойчы раптоўны боль прывёў жанчыну на аперацыйны стол. Лежачы ў бальніцы, Вольга начамі плакала ў падушку і малілася, як умела, каб лёс змілаваўся над ёй. І нябёсы пачулі яе. Праз пару месяцаў пасля выпіскі Вольга зацяжарыла. Яна, шчаслівая, плакала ад радасці і была гатова на ўсё, каб толькі ўзяць на рукі роднае дзіцятка.

– На працягу цяжарнасці я восем разоў ляжала ў бальніцы на захаванні. Сама бераглася, і муж, мама мяне бераглі, не давалі кроку лішняга ступіць. Бабуля так чакала і прасіла: “Нарадзі мне, Олечка, рыжанькую, як сама, праўнучку”, але не дачакалася яна гэтага шчаслівага моманту, пайшла з жыцця, – гаворыць Вольга. – Вясна 2019 года для нас застанецца незабыўнай на ўсё жыццё: 21 сакавіка я нарадзіла дачушку, якую назвала Дамінікай. Такі вось Багдан у нас атрымаўся. Праз год, цяжка перахварэўшы кавідам, 1 мая нарадзіла Глеба. Ён быў неданошаны, сямімесячны, слабенькі, а таму мы з мужам начамі не спалі, як кажуць, надыхацца на яго не маглі, і цяпер ён у нас паглядзіце, які кавалер! У лістападзе 2021 года на свет з’явіўся Ягорка. Напужаная тым, што не змагу стаць мамай, я спяшалася нараджаць, пакуль Бог даваў такую магчымасць. Пасля двухгадовага перапынку ў лютым 2024 года нарадзілася Злата, і цяпер мы са Стасам – самыя багатыя бацькі!

Бачачы, з якім задавальненнем Вольга з бабуляй Галінай займаецца дзеткамі, прыйшла да высновы, што тут ёсць каму выкладаць навуку мацярынства і стымуляваць інтарэс моладзі да вялікай сям’і. Я не памылілася.

– У Олечкі абавязкова будзе пятае дзіцятка, бо сям’я – гэта сем чалавек: пяцёра малышоў і тата з мамай. У мяне беларускія карані: мама з Дзеркаўшчыны, бацька – з Вілейкі. У свой час яны паехалі падымаць цаліну. Я нарадзілася ў Казахстане, а там нацыянальны трэнд – шматдзетныя сем’і: па пяць, восем, па адзінаццаць дзяцей нараджалі. Нас у бацькоў чацвёра, і так добра, весела, дружна нам было і гуляць, і вучыцца, і працаваць. Як выйшла замуж, нарадзіла трох дачушак, і ўсе яны – шматдзетныя мамы: у Тані чацвёра дзяцей, у Ніны – трое, у Олі пакуль што чацвёра. Маю адзінаццаць унукаў, і не супраць, каб іх было больш. Хоць на пенсіі, але падпрацоўваю, дапамагаю, чым магу, гатова быць у няньках, цешуся малышамі. Так што шматдзетнасць у нашым родзе, можна лічыць, перадаецца ў спадчыну, – з гонарам кажа Галіна Міхайлаўна і, што рэдка бывае, цешча пачала расхвальваць зяця. – Ён жа хлопец вясковы, з аграгарадка Машканы. Працавіты. У кватэры ўсё сваімі рукамі рабіў. Па першасці ездзіў на заробкі ў Расію, навучыўся есці рабіць, і калі Оля ляжала ў бальніцы, ён выдатна спраўляўся па дому і з дзецьмі: даглядаў, на прагулкі хадзіў, карміў. Прыдумляе ўсялякія дзівосы для афармлення страў і дзеці за абедзве шчочкі ўплятаюць тое, што ён гатуе. Да кожнага ўмее падыход знайсці, таму і Дамініка, і Глеб з Ягоркам яго слухаюць.

Як аказалася, Станіслаў таксама вырас у шматдзетнай сям’і. Ён самы старэйшы ў сям’і, у якой яшчэ ёсць двое братоў і дзве сястры. Змалку шматдзетнай сям’ёй загартаваны, таму ўласны дзіцячы квартэт яго ані не пужае: клопатаў, вядома ж, хапае, але ж і радасці, пазітыву таксама хоць адбаўляй.

Маладыя людзі пачыналі жыццё ў чужых вуглах, а цяпер, дзякуючы дзяржаўнай дапамозе, маюць трохпакаёвую кватэру з выгодамі.

– Нам дзяржава вельмі дапамагла. Як нарадзіўся Ягорка, мы аформілі мацярынскі капітал. Ён і стаў асноўным плацяжом пры будаўніцтве нашай кватэры. Астатнюю суму пагашалі крэдытнымі сродкамі па льготным працэнце. Пасля нараджэння Златы даўгі за кватэру нам спісалі і ў нас цяпер сваё жыллё! – радуецца Вольга. – Стас адзін пакой зрабіў, каб можна было жыць, і мы пераехалі, а затым паціху рабілі рамонт далей. Я ў яго вучылася будаўнічым прамудрасцям, прылаўчылася, сама сцены тынкавала, наносіла дэкаратыўную ляпніну ў калідоры. Лічу, што ў сям’і не павінна быць раздзялення працы: хто што можа, умее, той і робіць – гэта ж наш агульны дом, робім усё для сябе.

Я атрымліваю штомесячныя выплаты на дваіх дзяцей і даплату на двух большых, муж працуе ў кааператыве “Кантакт”. Глыбоцкая бабуля дапамагае, бацькі Стаса, таму маем усё, што неабходна для жыцця. Галоўнае, каб дзеці былі здаровыя, каб выраслі добрымі, працавітымі людзьмі. Мы са Стасам разумеем, што многае ў гэтым плане ад нас залежыць: яны глядзяць на нас, бяруць за ўзор нашы паводзіны і ўчынкі.

У Вольгі і Стаса ёсць запаветная мара: купіць невялікую хату ў вёсцы з зямельным участкам, дзе маглі б пабегаць дзеці, было куды прыкласці рукі, нешта пасадзіць, вырасціць. Стас хоча развадзіць крылатую жыўнасць. Вольга любіць кветкі і марыць пра свой квяцісты агародчык. Маладая ініцыятыва – аснова паспяховага заўтра. Менавіта такія сем’і перспектыўныя, яны – моцны фундамент краіны, яе сіла і шчаслівая будучыня.

Час ідзе. Станіслаў і Вольга Шухто ад зялёнага вяселля ў 2015 годзе дажылі да фаянсавага сёлетняга, мінуўшы паркалёвае, скураное, ільняное, драўлянае, чыгуннае, меднае і бляшанае. На гарызонце – дзесяцігоддзе іх сумеснага жыцця – прыгожы ружовы юбілей. Няхай будуць мір і шчасце ў доме, здароўе – у дзецях і адно на дваіх каханне на ўсё жыццё!

телеграм

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru