Вернасць прафесіі і адданасці роднаму калектыву

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У працоўнай кніжцы Кацярыны Іванаўны Барыла значыцца адзіны запіс: “Прынята на работу друкаром Глыбоцкай узбуйнёнай друкарні 18 ліпеня 1988 года”. Хутка споўніцца 36 гадоў, як працуе на адным прадпрыемстве. Вось гэта і ёсць узор вернасці выбранай прафесіі, адданасці роднаму калектыву.

Кацярыны Іванаўны Барыла.

Цікаўлюся, як сталася, што дзяўчына з вёскі Луцк-Казлоўскі, што на Пастаўшчыне, выбрала прафесію паліграфіста?

– Хутчэй прафесія выбрала мяне, – жартуе Кацярына Іванаўна. – Збіралася ў медыцынскае вучылішча, паехала ў Даўгаўпілс. Ды чамусьці перадумала, забрала дакументы. А тут сяброўка агітуе, маўляў, давай махнём у Мінск. Адправіліся ў сталіцу. І чамусьці ў вялікім горадзе першым на нашым шляху трапілася вучылішча паліграфістаў. Дарэчы, адзінае ў Беларусі, дзе рыхтавалі рабочых па самых розных спецыяльнасцях для паліграфічных прадпрыемстваў краіны. Не раздумваючы, падаліся сюды. Праўда, пасля так сталася, што я паступіла, а сяброўка не. Пачала вучыцца і зразумела: гэта маё. Спецыяльнасць друкара настолькі захапіла, што ні на якую іншую яе не прамяняла б.

Паспяхова закончыўшы Мінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №32 паліграфістаў Кацярына вярнулася ў Глыбоцкую друкарню, дзе праходзіла вытворчую практыку. Хоць пры размеркаванні магла ўзяць накіраванне ў Гомель ці Оршу, падалася бліжэй да родных мясцін.

– Быў, памятаю, цёплы сонечны дзень, калі пераступіла парог друкарні, – расказвае Кацярына Іванаўна. – Гэтак жа цёпла мяне прынялі і ў калектыве, тады досыць мнагалюдным. Мусіць, не меней 26 чалавек працавалі. З дырэктарам Радзівонам Іванавічам Высоцкім і ўсімі работнікамі была знаёмая, бо праходзіла тут вытворчую практыку.

Валянціна і Мікалай Рудніцкія, Валерый Крыкун дапамагалі, уводзілі ў курс усіх спраў. Таксама з удзячнасцю ўспамінаю Людмілу Сікору, Тамару Маісееву, Алену Шынкевіч. Усе дзяліліся сваім вопытам работы, дапамагалі.

Адно насцярожвала па першым часе: друкарскія машыны былі старога ўзору, зусім не тыя, на якіх нас вучылі працаваць. Акрамя бланачнай прадукцыі, на той час друкавалі яшчэ дзве раённыя газеты: докшыцкую і глыбоцкую.

Калі сталі даручаць адказныя заданні, было страшнавата. Баялася, каб не дапусціць браку. І ўсё ж сама болей любіла друкаваць газету. Была яе першым чытачом. Цяперашнім маладым работнікам друкарні нават цяжка ўявіць, наколькі раней складаным і працаёмкім быў тэхналагічны працэс, звязаны з выпускам газет. Менавіта ад друкароў у многім залежыла якасць друку.

Раёнкі тады выходзілі на чатырох старонках, друкаваліся на плоскадрукавальнай машыне. За адзін прагон можна было надрукаваць толькі дзве газетныя паласы. Таму часу на выкананне работы трацілася ўдвая больш. Здаралася і такое, што газету друкавалі ў начную змену. І толькі пасля таго, як устанавілі ратацыйную друкарскую машыну, тыраж глыбоцкай раённай газеты, які даходзіў да 10 тысяч экзэмпляраў, аддрукоўваўся за дзве гадзіны.

Раней умовы працы былі няпростымі, з цяперашнімі не параўнаць: пах фарбы, пары свінца з гартаплаўкі разносіліся па ўсіх цэхах. Цяпер фізічна стала нашмат лягчэй працаваць. Усюды чысціня і ніякіх табе шкодных рэчываў. Раней, канешне, і нагрузка нашмат большай была. Заказаў паступала вельмі многа. Пры з’яўленні камп’ютарнай тэхнікі іх колькасць зменшылася. Тым не менш, паліграфічныя паслугі сёння запатрабаваныя, і мы стараемся ў Год якасці выпускаць толькі самую якасную прадукцыю.

Друкар камунальнага паліграфічнага ўнітарнага прадпрыемства “Глыбоцкая друкарня” Кацярына Іванаўна Барыла – адна з самых вопытных работнікаў прадпрыемства. На сучасным рызографе выпускае разнастайныя бланкі, журналы, буклеты, наглядныя агітацыйныя і іншыя матэрыялы. Пастаянна выконвае і перавыконвае даведзеныя планавыя заданні.

– Час імчыць – заключае субяседніца. – Нават і не заўважыла, як ужо сама стала ветэранам. Дапамагаю моладзі асвойвацца ў нашым, цяпер ужо ў невялікім, калектыве. А самае галоўнае: як і раней, мы ў друкарні працуем дружнай сям’ёй. Усіх сваіх калег віншую з прафесійным святам, зычу моцнага здароўя і святочнага майскага настрою!

телеграм

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru