Пастановай Міністэрства адукацыі ад 26 чэрвеня 2023 года зацверджаны вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў “Святыні роднага краю” і “Духоўная спадчына”. Факультатыў “Святыні роднага краю” арыентаваны на вучняў старэйшых класаў і прадугледжвае набыццё і сістэматызацыю ведаў пра родны край, рэгіён, краіну, знаёмства з духоўнай культурай, наведванне святыняў.
Храмы – візітная картка Глыбоччыны. Іх гмахі нібыта дакранаюцца неба. Месцы, дзе яны ўзвышаюцца, вякамі намолены продкамі. Дрэўлеправаслаўную Богаяўленскую паморскую царкву ў вёсцы Ластавічы можна лічыць унікальнай з таго пункту гледжання, што яна стараабрадніцкая. Вядома, што ластавіцкая абшчына старавераў была заснавана яшчэ ў далёкім 1875-м годзе. Менавіта ў Ластавічах мы пабывалі на экскурсіі са старшакласнікамі Азярэцкай школы. У вучняў была магчымасць дакрануцца да даўніны, паслухаць аповеды мясцовых жыхароў, якія змалку звязаны з гэтай вёскай і царквой, глыбей пазнаць гісторыю праваслаўя. Кацярына Іванаўна Цімафеева, бацька якой Іван Пятровіч Палавінчыкаў пэўны час быў настаяцелем ластавіцкай царквы, ветліва сустрэла школьнікаў. Яна расказала пра гісторыю стараабрадніцтва ў тутэйшых мясцінах, пра традыцыі і абрады, якія захоўвае стараабрадніцкая царква на працягу стагоддзяў. Тут у бажніцы беражліва захоўваюцца рэліквіі, што пакінулі продкі. Храм утрымліваецца ў належным стане, па меры магчымасці аднаўляецца за кошт ахвяраванняў, на якія не скупяцца мясцовыя прыхажане і тыя, хто пакінуў Ластавічы, але не страціў сувязі са сваёй малой радзімай.
Багаты і змястоўны матэрыял пра стараабрадніцкую царкву, пра мясцовых старавераў сабрала настаўніца гісторыі былой Кіраўскай школы Таццяна Мікалаеўна Жук. Пад яе кіраўніцтвам вялася краязнаўчая і даследчая работа, папаўняўся экспанатамі школьны музей.
З якіх часоў і як з’явілася ў нас стараабрадніцтва і наколькі важны гэты феномен для айчыннай культуры? Разам з маёй суразмоўцай перагорнем старонкі гістарычнага летапісу:
– У 1652 годзе патрыярхам Маскоўскім быў абраны Нікан. Ён адразу распачаў рэформы царквы, якія датычыліся правядзення праваслаўных набажэнстваў. Пачалі выпраўляцца тэксты Святога пісання, уводзілася хрышчэнне трыма пальцамі замест двух, змянялася напісанне імя Хрыста “Іісус” замест “Ісус”. Цар Аляксей Міхайлавіч быў не супраць ініцыятыў патрыярха Нікана і даў ім “зялёнае святло”. У многіх людзей, якія лічылі старыя традыцыі праваслаўя правільнымі, рэформа выклікала вялікі пратэст. Усе праціўнікі рэформы былі аб’яўлены ерэтыкамі, супраць іх пачаліся жорсткія ганенні. Тыя, хто цвёрда трымаўся “старой веры”, сталі называць сябе “стараверы”, “стараабраднікі”. Так пачаўся раскол у праваслаўі, які суправаджаўся пакараннямі, высылкамі на ўскраіны Расіі. Цэлымі сем’ямі і нават вёскамі перасяляліся стараверы на прасторы неабсяжнай Сібіры. Былі і тыя, хто абраў шлях на Захад і апынуўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, пераважна на Гомельшчыне і ў Паазер’і, на Віцебшчыне.
Прыходы рускай праваслаўнай стараабрадніцкай царквы ёсць зараз у многіх краінах свету. І нам трэба асэнсоўваць стараабрадніцтва і як беларускі, і як сусветны феномен. Дзякуючы беларускаму стараабрадніцтву мы маем у сучаснай айчыннай культуры такі вялікі і яркі кампанент, як стараабрадніцкая культура, стараабрадніцкае мастацтва, стараабрадніцкая кухня. Стараабрадніцтва існуе зараз і мае перспектывы.
Экскурсія ў ластавіцкую царкву несумненна пакінула ў душах азярэцкіх школьнікаў свой добры след. Добра было б, каб новыя ўражанні далі ім стымул лепш вучыцца, быць паслухмянымі для сваіх бацькоў, жыць у веры і хрысціянскай дабрадзецелі.
Ч. БЕРНІКОВІЧ, настаўнік Азярэцкай СШ. Фота прадастаўлена аўтарам.