Што дапамагае Васілію Арлову з «Ломашы-Агра» вырошчваць добры ўраджай?

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Надрыўны рокат магутнага трактара “Беларус-3522” нясецца рэхам і заціхае ў вершалінах соснаў невялікага ляснога масіва. На полі ў паўтара дзясятка гектараў, што ва ўрочышчы Кручаўка, рэй вядзе адзін з лепшых механізатараў дзяржпрадпрыемства “Ломашы-Агра” Васілій Арлоў. Ён сее авёс.

Вядомы ў раёне і за яго межамі хлебароб, які і на сяўбе, і на жніве неаднаразова станавіўся пераможцам раённых спаборніцтваў, неаднойчы ўдзельнічаў у абласным свяце-кірмашы працаўнікоў сяла “Дажынкі”, віртуозна кіруе магутнай машынай з пасяўным агрэгатам АПП-6Д. Хуткасць руху зададзена ў адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі сяўбы зерневых культур. Горда развіваецца на ветры сцяжок з нацыянальнай сімволікай, што замацаваны на кабіне трактара. Дарэчы, гэткі ж сцяжок упрыгожвае і трактар Максіма Жыляніна, які заняты на падвозе насення.

З дырэктарам дзяржпрадпрыемства Іванам Васільевічам Пустыннікавым накіроўваемся да механізатараў.

–Як ладзяцца справы? – вітаемся з хлопцамі.   

–Прагон нармальны, – бадзёра адказвае Васілій Арлоў.

–Сцяжкі на вашых трактарах азначаюць, што вы – пераможцы спаборніцтваў на на вясенне-палявых работах? – цікаўлюся ў механізатараў.

–Не, гэта перш за ўсё сведчанне таго, што мы – патрыёты сваёй зямлі, – бадзёрым тонам прадаўжае размову Васілій Мікалаевіч. – Мы вяскоўцы, хлебаробы гэтак жа, як і ўсе, любім свой край і родную Беларусь. Уносім свой сціплы ўклад ва ўмацаванне харчовай бяспекі нашай краіны.

У Васілія Арлова васямнаццаць гадоў хлебаробскага стажу. Гэтая вясенняя пасяўная восьмая ў яго працоўнай біяграфіі.

–Увесь час працуе ў роднай гаспадарцы, – расказвае механізатар. – Як скончыў Полацкае вучылішча механізацыі, так з той пары і неразлучны з сельскагаспадарчай тэхнікай. Люблю сваю работу, люблю нашы ламашанскія прасторы. Складанасцей хапае, але на тое мы жывём і працуем, каб працаваць, пераадольваць розныя цяжкасці, дасягаць поспеху.

 –Як і Васілій, таксама люблю тэхніку. Бяру з яго прыклад, стараюся, каб трактар быў дагледжаны і спраўны, – уступае ў размову Максім Жылянін. –Механізатарскі стаж мой пакуль невялікі – толькі чатыры гады. Да гэтага працаваў у жывёлагадоўлі.

У тым, што Максім, як і Васілій Арлоў, па-гаспадарску адносіцца да замацаванай за ім тэхнікі, адразу відаць і па знешнім выглядзе трактара, і па ідэальным парадку ў кабіне. І галоўнае, ён можа падмяніць  больш вопытных механізатараў, ужо выдатна засвоіў тэхналогію вядзення сяўбы.

–Хлебаробская жылка, любоў да тэхнікі перадаліся мне ад бацькі і дзеда, таму і даражу гэтым бясцэнным скарбам. Вясна прыбаўляе больш новых сіл і энергіі. Неўзабаве распагодзіцца – пашырыцца фронт работ. І памчымся мы наперад, – тым жа бадзёрым тонам запэўнівае адзін з перадавых механізатараў Глыбоччыны Васілій Арлоў.

Іван Васільевіч Пустыннікаў задаволены працай механізатараў, іх стараннем, увішнасцю, жаданнем працаваць з поўнай аддачай.

–Глебы тут пясчаныя, таму  сёння (быў панядзелак, 8 красавіка – А. З.) трэба засеяць, пакуль вільгаці дастаткова. Сёлетні прыход вясны хоць і ранні, ды пакуль павялічыць тэмпы палявых работ не ўдаецца – падсыхае надта марудна. А тут яшчэ чарговы дажджлівы фронт холаду з дажджамі пранёсся, – разважае кіраўнік гаспадаркі. – Першы выезд на палі быў у сярэдзіне сакавіка. Пачыналі з падкормкі шматгадовых траў, потым перайшлі на падкормку азімых зерневых і рапсу. Цяпер прыступілі да другой падкормкі азімых зерневых сельгаскультур.

Сеем, ды, паўтаруся, надвор’е пакуль не дазваляе разагнацца. Вядзем таксама вясновае ворыва. На “Беларусу-3022” шчыруе Мікалай Папко. Арганіку ўносім. На гэтым участку задзейнічаны Уладзімір Анатольевіч Спасібёнак, які прышоў на дапамогу гаспадарцы з Глыбоцкага ўчастка філіяла “Докшыцыводаканал”. Падрыхтоўкай глебы на “Беларусу-3022” з дыскатарам заняты рабочы Ломашаўскай базавай школы Аляксандр Гайковіч, на “Кіраўцы-744”, агрэгаціраваным камбінаваным глыбокім рыхліцелем – Васілій Грыбоўскі. Пры неабходнасці на баранаванне глебы выязджае Аляксандр Катушонак. Задзейнічаны на вясенніх палявых работах і рабочы Ломашаўскага ўчастка УП ЖКГ Генадзій Ліша.

Асноўны сейбіт Васілій Арлоў. На яго кладзецца большая нагрузка. А калі прыйдзе час сеяць кукурузу (пад гэтай культурай сёлета будзе занята 600 гектараў) задзейнічаем другі пасяўны агрэгат. Зрэшты, калі надвор’е адорыць нас сонцам і цяплом, і глеба будзе хутка паспяваць, падключым другі агрэгат і для сяўбы яравых зерневых. Магчыма, і ў дзве змены працаваць давядзецца.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru