Глыбоччына гасцінная: райскі адпачынак у аграсядзібе «Мядзведжы кут»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (3 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Аграсядзіба “Мядзведжы кут” знаходзіцца на Псуеўшчыне. Яе назва поўнасцю адпавядае мясцінам, якія, акрамя мядзведзяў, аблюбаваў і прадпрымальны чалавек. Створаны з нуля працавітымі рукамі, “Мядзведжы кут” стаў для Сяргея Шашка сапраўдным раем, бо тут ён разам з каханай жанчынай займаецца любімай справай, жыве ў гармоніі з сабой і прыродай і запрашае на адпачынак усіх, каму хочацца ўбачыць цнатлівую прыгажосць, паслухаць цішыню і адчуць сябе шчаслівым.

Сяргей Шашок – чалавек на Глыбоччыне прышлы, нарадзіўся і вырас у Пухавіцкім раёне. Шукаючы справу жыцця, паспрабаваў сябе ў розных відах дзейнасці. Яны і дапамаглі яму набыць універсальныя веды і развіць прыродныя здольнасці. Працаваў на “АўтаВАЗе”, узначальваў калгас у Докшыцкім раёне, быў прадпрымальнікам і даволі паспяхова развіваў уласны бізнес, у тым ліку і на Глыбоччыне. Па прынятых у народзе мерках быў даволі забяспечаным чалавекам: меў кватэру ў прэстыжным раёне сталіцы, ездзіў на люксавым аўтамабілі, не лічыў капейкі на паўсядзённыя патрэбы. Але з цягам часу зразумеў, што ў жыцці важней мець справу для душы, чым для кашалька. І яе, стваральную, патрэбную для сябе і нашчадкаў, ён знайшоў у лясной глушы на Глыбоччыне. А дапамагло гэтаму паляўнічае захапленне, якое перадаў сыну бацька.

Стомлены шумным горадам, Сяргей Фёдаравіч прыязджаў да знаёмага на Псуеўшчыну, дзе і адводзіў душу, разглядаючы прыгожыя краявіды і чакаючы ў засадзе чарговую здабычу. Аднойчы, блукаючы па ўзлесках, убачыў паляну з аднаго боку акальцаваную стромкім сасоннікам, з другога –абвітую ручаінай, з трэцяга – абцалаваную азёрнай вадой. На ёй не было ніводнага дрэўца, толькі россыпы салодкіх суніц.

– Знайшоў ідэальнае месца для дома пустэльніка, які марыць пра шчасце ў цішыні. Абсадзіў участак соснамі і бярозкамі і ўзяўся за будаўніцтва. Не цураўся ніякай чорнай працы. Сам заліваў фундамент, апрацоўваў бярвенні, разам з памочнікам саматугам складаў зруб, імшыў яго. Капаў калодзеж, падводзіў выгоды, рабіў ацяпленне і каналізацыю. І жыллё, і мэбля з натуральнага, экалагічна чыстага матэрыялу атрымаліся надзейнымі і памядзведжы масіўнымі.

Праўду кажуць, што апетыт прыходзіць падчас ежы: будаўнічы працэс так зацягнуў, што ўзяў яшчэ дваццаць пяць сотак зямлі і тым жа манерам па ўласным плане арганізацыі аграсядзібы ўзвёў гасцявы дом з карчмой. Затым будаваў лазню з парылкай, пасля – яшчэ адзін дом. Купляў у недалёкіх вёсках старыя, закінутыя хаты, і даваў ім другое жыццё. Перавозіў, перабіраў бярвенні і наноў складаў з іх зрубы. Дрэва ў многіх месцах паточанае шашалем, але само бярвенне моцнае, аж звініць. Пакрываю лакам, і такі прыгожы тэкстурны малюнак атрымліваецца! Гэтак жа і пытанне з мэбляй вырашаў: старыя шафы, сталы, куфры ачышчаў ад пылу і фарбы, рэстаўрыраваў. Яны занялі свае месцы ў пакоях. Калаўроты, каромыслы, дзежкі, катлы, вілкі для печаў таксама не выкідваў, усяму знайшлося месца на тэрасах, кухнях, у кладоўках. Ложкі, сталы рабіў сам з суцэльных бярвенняў – галаву і рукі напрактыкаваў добра,– прызнаецца Сяргей Фёдаравіч.

Што і казаць: працы ў аграсядзібу ўкладзена шмат. Да сказанага гаспадаром дадам, што ў кожным гасцінным доме ёсць камін, а ў карчме яшчэ і руская печ. Камін – абавязковы атрыбут зонаў адпачынку, схаваных пад дахам: усё для таго, каб турыстам, нягледзячы на надвор’е, тут было цёпла і ўтульна.

Акрамя гэтага, гасцінныя дамы Сяргея Шашка ўяўляюць сабой вялікі заалагічны музей, дзе сабрана багатая калекцыя паляўнічых трафеяў гаспадара: зайцы, лісы, барсукі, куніцы, дзікі, ваўкі, алені, ласі, качкі, драпежныя птушкі… Мяса ідзе на закруткі, якімі гаспадар частуе турыстаў, шкуры – на жакеты і футра, пер’е – на выраб чучалаў.

Па заключэнні часопіса “Родная прырода” Сяргей Шашок – адзін з лепшых у краіне паляўнічых-ваўчатнікаў: на яго рахунку шэсцьдзесят шэсць знішчаных асобін. Толькі сёлета Сяргей Фёдаравіч, ратуючы вясковыя падвор’і Глыбоччыны ад ваўчыных нападаў, знішчыў 13 мацёрых звяроў, а з пачатку года адстрэліў 23 “шэрыя галавы”. У яго выпадку ахвота горш за няволю: мужчына гатоў суткамі, нягледзячы на маразы і непагадзь, сядзець у засадзе, каб падстрэліць ваўка і даказаць самому сабе, што хітрага звера здольны перахітрыць чалавек. Незразумела толькі, як пры такім аб’ёме работы ён знаходзіць час на любімы занятак.

А работы ў “Мядзведжым куце” хоць адбаўляй.

– Сямнаццаць гадоў я арандаваў возера Крывое, зарыбляў яго, добраўпарадкоўваў прыбярэжную тэрыторыю. Зрабіў пірс і невялікую лодачную станцыю, дзе можна пасядзець, любуючыся краявідамі, а можна лавіць рыбу з лодкі. Ёсць у нас свой востраў, дзе з вясны да позняй восені жывуць козачкі завадной пароды, в’етнамскія свінні і гусі. Ім тут прыволле, а турыстам, якія прыязджаюць з дзецьмі, – пацеха. А ў дадатак шмат пазітыўных эмоцый дораць аўчарка Марта, яе чацвераногі сябар Міхей і пацешная “дэкаратыўная” Сцеша – яны гатовы сябраваць з кожным. Тут рай для грыбнікоў і ягаднікаў, бо куды ні пойдзеш – там кошыкі і напоўніш. Ну і, вядома ж, прастора для палявання, – распавядае Сяргей Фёдаравіч.

У “Мядзведжым куце”, з яго слоў, пабывалі паляўнічыя з Арабскіх Эміратаў і з Расіі, турысты з Англіі, Кіпра, Ізраіля, Прыбалтыкі, а падчас ковіднай пандэміі цэлы месяц жыла сям’я са Швецыі… –

Дастаўкі прадуктаў у нас няма, але для жадаючых гатаваць самастойна мы прапаноўваем свае прадукты. У нас жа і градкі ёсць са свежай зелянінай, і парнікі, дзе жонка вырошчвае памідоры і агуркі, і склеп свой, дзе захоўваем мясныя закруткі. Калі хто хоча адпачыць ад пліты, выручае мая Алена, – з пяшчотай паглядаючы на маладую жанчыну, гаворыць гаспадар. – Яна местачковая дзяўчына, выдатная гаспадыня, руплівая, клапатлівая, смачна гатуе. Па прафесіі псіхолаг, што дапамагае ёй, як адміністратару, у рабоце з людзьмі, бо ўсе яны са сваім характарам, настроем, патрабаваннямі, а яна ўмее знайсці ключык да кожнага.

Ад Алены мы даведаліся, што калісьці землі “Мядзведжага кута” належалі яе продкам, і жанчына ўпэўнена, што лёс невыпадкова вярнуў яе на вотчыну прадзедаў. Тут яна адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівай, бо збылася даўняя мара: жыць у казачным доміку на ўлонні прыроды з любімым чалавекам.

Вольнага часу жанчыне хоць ты пазыч: яна сустракае, размяшчае турыстаў, дапамагае ў арганізацыі іх адпачынку, прыбірае ў пакоях, гатуе, займаецца агародамі… Акрамя гэтага, збірае лекавыя травы і карэньчыкі, заварвае смачную гарбату для гасцей. Яна таленавіты аніматар, сама распрацавала забаўляльную праграму для дзяцей. Пераапранаецца ў касцюм мядзведзя, водзіць карагоды, гуляе ў даганялкі. За такім мяккім, ласкавым, добрым мядзведзем дзеці хвосцікамі бегаюць. Шмат часу і творчасці ўклала Алена і ў арганізацыю фестывалю рыбаловаў, грыбнікоў і паляўнічых, які праходзіў у аграсядзібе ў апошнія гады. Старалася, каб прыезджым было цікава, каб кожны ўдзельнік вярнуўся сюды са сваімі сябрамі. А ў часы натхнення Алена бярэ ў рукі пэндзаль, малюе, займаецца разьбой па дрэве і… слухае душу.

– Мая жонка – дзіўны чалавек: я ем усё, а яна дапытваецца, што згатаваць у абед ці на вячэру. Многія жанчыны любяць залатыя ўпрыгожанні, футра, а Алене гэта не патрэбна. Я прапаноўваю ёй адпачынак у Арабскіх Эміратах, а яна адмаўляецца і выбірае санаторна-курортны комплекс “Пліса” ў сваім раёне. Шчырая, добрая, мудрая, і я лічу, што мне пашанцавала з такой жонкай, – з гонарам гаворыць мужчына.

– Мой Сяргей архітэктар, будаўнік, дызайнер інтэр’ераў, творца, паляўнічы, надзейны чалавек і клапатлівы муж, і я яго вельмі кахаю, – чырванеючы ад пахвальбы, ва ўнісон прадаўжае Алена.

Што датычыць цэн на адпачынак, то яны ў “Мядзведжым куце” два гады на адной меры і даволі прымальныя. Але ніякімі грашыма нельга вымераць гасціннасць гаспадароў, іх творчы запал, той спакой, цішыню і прыроднае хараство, якое дае адчуванне лёгкасці, унутранай свабоды і шчымлівай асалоды.

телеграм

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru