Адной з шасці афіцыйных моваў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый разам з рускай, арабскай, іспанскай, кітайскай і англійскай з’яўляецца французская. Па ініцыятыве Дэпартамента грамадскай інфармацыі гэтай арганізацыі ў 2010 годзе зацверджаны Дзень французскай мовы, які штогод адзначаецца 20 сакавіка. Па сціплых падліках у свеце наічваецца звыш 220 мільёнаў франкамоўных грамадзян. А калі ўлічыць тых, хто выкарыстоўвае гэтую мову ў якасці рабочай або вывучае яе ў якасці замежнай, то гэта значна большая лічба. Мэта Сусветнага дня франкафаніі – аб’яднаць усіх прыхільнікаў французскай мовы, спрыяць папулярызацыі культур франкамоўных краін.
Французская мова – адна з тых, што значыцца ў раскладзе вучэбных заняткаў як замежная ва ўстановах адукацыі Беларусі. У нашым раёне яе выкладаюць у Азярэцкай школе. Тыдзень французскай мовы, што праводзіцца тут напрыканцы сакавіка, кожны год мае свае асаблівасці. Адметнай рысай сёлетняга стала сустрэча са студэнтамі, якія прыехалі на вучобу ў Беларусь з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Эрвэ Люпешэ і Асіяма Кабейя з задавальненнем прынялі запрашэнне наведацца ў Азярцы. Абодва даволі добра валодаюць рускай мовай, аднак размову з азярэцкімі школьнікамі вялі на той, на якой размаўляюць паміж сабой – на французскай. Гаварылі пра ўсё, што цікавіла школьнікаў, тым самым знаёмячы іх са сваёй краінай. Госці прадставілі таксама цікавыя відэаматэрыялы.
Для нас Конга – малавядомая, а таму ў некаторым сэнсе загадкавая і экзатычная краіна. Краіну перасякае экватар, па плошчы яна на другім месцы на афрыканскім кантыненце пасля Алжыра. Тут працякае вельмі глыбокая і небяспечная рака Конга. У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга расце амаль палова ўсіх лясоў Афрыкі. Іх біяразнастайнасць – асобная тэма. У непраходных лясах уздоўж рэк да нашага часу захаваліся паселішчы, дзе жывуць пігмеі. Гэта людзі, якія вядуць прымітыўны лад жыцця, адмаўляюцца ад усіх выгод цывілізаванага свету. У іх няма ні тэлефонаў, ні тэлевізараў, ні медыкаментаў, усё патрэбнае для сябе яны знаходзяць у жывой прыродзе і тым задаволены.
Колькасць насельніцтва Дэмакратычнай Рэспублікі Конга перавышае 100 мільёнаў. Апошнімі дзесяцігоддзямі назіраецца яго вялікі прырост.
– З аднаго боку – гэта станоўчы фактар, з іншага – не надта, – кажа Эрвэ Люпешэ. – Бацькам, у сям’і якіх да дзесяці ці больш дзяцей, нялёгка забяспечыць ім годнае дзяцінства, даць адукацыю. Па гэтай прычыне многія дзеці не наведваюць школу, а тыя, што маюць такую магчымаць, вучацца ў перапоўненых класах, дзе ў адным памяшканні іх можа быць 50 і нават больш. Як за навучанне, так і за харчаванне ў старэйшых класах трэба плаціць.
Госці расказалі, што іх краіна багатая на карысныя выкапні, прыродныя рэсурсы. Тут ёсць залежы нафты, дабываецца золата, уран. Цёплы і вільготны клімат спрыяе тым, хто апрацоўвае глебу. Аднак адчуваецца вялікая патрэба ў новых тэхналогіях, у сучаснай тэхніцы, у інвестыцыях для будаўніцтва сумесных перапрацоўчых прадпрыемстваў і … зброі. На ўсходзе Конга вось ужо добры дзясятак гадоў не сціхае ўзброены канфлікт, развязаны мясцовымі сепаратыстамі пры падтрымцы іх з-за мяжы.
На пытанне, чаму хлопцы вырашылі атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларусі, Эрвэ Люпешэ адказаў так:
– Мяне заўсёды цікавіла руская мова. Хацелася вучыцца ў Расіі, аднак узніклі праблемы з атрыманнем візы. Тады адзін з маіх сяброў, які вучыўся ў Беларусі, параіў паехаць на вучобу да вас. Я з ім пагадзіўся, і бацькі не былі супраць. У нас ведаюць, што якасць падрыхтоўкі спецыялістаў у вас вельмі добрая, як і адносіны да замежнікаў. Бытавыя ўмовы таксама на належным узроўні. Праблемы атрымаць беларускую візу не было. Спецыялісты, якія валодаюць рускай мовай, вельмі запатрабаваныя ў нашай краіне. Зараз Расія мае вялікі станоўчы ўплыў на многія афрыканскія краіны і на нашу ў прыватнасці. У нас працуюць грамадзяне Расіі, Беларусі, іншых краін СНД, для якіх мовай зносін з’яўляецца руская.
Госці з Афрыкі наведалі ў Азярцах мясцовую музычную школу, дзе ў выкананні яе выхаванцаў паслухалі беларускія народныя мелодыі. На развітанне – сумесныя фотаздымкі на памяць. Усе пагадзіліся з тым, што народная дыпламатыя – вялікая сіла. Яна патрэбна не менш, чым дыпламатыя на самым высокім узроўні. І ў тым, што трэба вывучаць і ведаць замежныя мовы, сумненняў не было ні ў адных, ні ў другіх.